Мы ведаем, хто нас чытае. А ці ведаюць чытачы, хто для іх піша, здымае і малюе? Адкінуўшы ў бок сціпласць і скарыстаўшыся добрым надвор’ем рэдакцыя сабралася, каб прадставіцца аўдыторыі. Горад мае ведаць сваіх герояў! Таксама вы даведаецеся, як далучыцца да каманды і атрымаць фірмовую футболку.

Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе

Руслан Кулевіч, ён жа Rasl — журналіст. На гэтым прадстаўленне можна скончыць. Руслана ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Руслан нарадзіўся і жыве ў Гродне і таму ведае не толькі фасадны горад. Досвед дзіцячага лазання па падвалах і стрэхах зараз дапамагае яму ў штодзённым пошуку навін.

Падчас службы ў войску Руслан быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што разведчык былым не бывае. Вы можаце не заўважыць Руслана ў горадзе, але гэта не азначае, што ён нечага не заўважыць. Хто самым першым даведваецца пра здарэнні і падзеі ў горадзе? Ну, вы зразумелі.

На здымку злева — Руслан Кулевіч, справа — Лёша Шота, Ірына Новік, Руслан Кулевіч — у такім складзе рэдакцыя пачала працаваць тры гады таму

Воля Новік — наша дызайнерка. Яна малюе ўсё, паўсюль і заўсёды. Калі пэўны час пасядзець з ёй побач, то потым можна знайсці на сваёй руцэ намаляваную татуху ці не вельмі прыстойнае слова, напісанае каліграфічнымі літарамі. А калі вам раптам пашанцавала піць з ёй каву, то, магчыма, пасля вы знойдзеце свой партрэт на сурвэтцы. Кароч, страшны чалавек.

Каб скіраваць Воліну творчую энергію ў карыснае русла, мы завальваем яе працай. Летась яна малявала мапу Гродна, таму зараз можа маляваць гістарычныя будынкі горада нават па памяці. А яшчэ яна прыдумала і намалявала нашага аленя Лявона.

Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Марыя Кучмэйна, Вова Аплевіч, Ірына Новік, Воля Новік
Ксюша Трафімовіч — фатографка. Стала сябрам рэдакцыі незаўважна для сябе. Проста Ксюша любіць і ўмее фатаграфаваць і праз тое перамагла ў конкурсе сэлфі ад Гродналайф. Адпусціць яе проста так мы не змаглі, ды яна і не супраціўлялася. Дзякуючы Ксюшы вы ўжо маглі пабачыць больш правільны Гродна і раскрыць таямніцу дома № 13.
Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Злева направа: Руслан Кулевіч, Марыя Кучмэйна, Ксюша Трафімовіч, Воля Новік, Анатоль Новік
Лёша Шота — галоўны рэдактар. Самая таямнічая асоба на сайце. Гэта той чалавек, хто мусіць чытаць усё, што мы пішам. І рабіць тэксты такімі, каб вы таксама захацелі пачытаць. Яшчэ адна важная характарыстыка Лёшы — ён «добры» рэдактар. Ролю «злога» рэдактара выконвае іншая асоба.

Алена Кавальчук — журналістка. Менавіта яна напісала самы карысны для турыстаў тэкст пра абменнікі ў Гродне. Любіць гуляць у настолкі і дапамагаць людзям. Таму піша пра дзіцячы хоспіс, месцы, дзе можна адпачыць і музыку.

Вова Аплевіч — наш аўтамабільны эксперт. Ён дакладна ведае, куды глядзець, каб высветліць, ці згнілі джылі. Раней Вова рамантаваў машыны, а потым у адзін прыўкрасны дзень, седзячы ў яме, уцяміў, што гэта дно і ніжэй няма куды. Тады і вырашыў стаць журналістам. Ён нават хацеў паступіць на журфак, каб атрымаць другую адукацыю па гэтай спецыяльнасці, але… група не сабралася. Таму асвойваць прафесію мары ён прыйшоў да нас.

Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Пад крылом галоўнага рэдактара Лёшы Шота — нашы маладыя журналісты, Вова Аплевіч і Алена Кавальчук
Ірына Новік — рэдактарка спецпраектаў. Яна ставіць усё дагары нагамі і прыдумвае штукі, за каторыя раней ніхто б у рэдакцыі не ўзяўся. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты. А хто не схаваўся — сам вінаваты. Піліць складаныя тэхнічныя фарматы і тых, хто рызыкне з ёй працаваць. Ага, гэта дама — наш «злы» рэдактар.

Марыя Кучмэйна — спецыялістка па рэкламе. Марыя ўмее знаходзіць людзей, гатовых плаціць за рэалізацыю нашых (агульных) мараў. Напэўна, яна ведае шмат чароўных словаў кшталту «Дзякуй» і «Калі ласка». Тое, што ў нас з’явіліся цікавыя і прыгожыя рэкламныя матэрыялы — у многім яе асабістая заслуга.

Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Марыя Кучмэйна і Ірына Новік. Калі ў вас ёсць ідэі спецпраектаў - звяртайцеся да іх
Анатоль Новік — аператар дрона. Гэта яму зверху відна ўсё, ты так і знай. Анатоль — ні разу не журналіст, а сур’ёзны інжынер. Проста аказалася, што ён з дзяцінства марыў пра верталёцік на радыёкіраванні і нават сам рабіў такія мадэлькі. Кіраваць дронам можа нават заплюшчыўшы вочы. Навыкі абыходжання з джойсцікам у яго даўно адточаныя ў гульнях на прыстаўцы. Не прападаць жа такому досведу, праўда?
Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Воля, Анатоль і Ірына Новік. Каб зразумець павышаную канцэнтрацыю Новікаў у камандзе чытайце вышэй, пра «злую» рэдактарку
Эмілія Комар — наша фітнес-экспертка. Спачатку была адным з нашых чытачоў-тэсціроўшчыкаў і дапамагала выпраўляць памылкі. А потым так уцягнулася, што стала сябрам рэдакцыі. Эмілія піша нам паміж трэніроўкамі ў залі і заняткамі боксам. Таму мы ведаем, дзе ў Гродне лепш за ўсё займацца фітнесам. Зараз яна гадуе дачушку і дзеліцца досведам, як працягваць жыць цікава, калі ў цябе раптам нарадзілася дзіця.
Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Эмілія Комар
За здымкі каманды шчыра дзякуем фатографу Аляксандру Федарака. Аказалася, што Аляксандр не толькі здымае, але ведае шмат карысных цікавостак пра розныя сучасныя гаджэты і дэвайсы. Магчыма, хутка на Гродналайф з’явіцца ўласны эксперт у гэтых пытаннях.
Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Аляксандр Федарака

Стань сябрам Hrodna.life!

Будзем рады вашым допісам у рэдакцыю. Паведамляйце нам пра цікавыя падзеі і неабыякавых людзей, што жывуць побач з вамі. Мы абавязкова пра іх напішам. Альбо дапаможам вам пачаць пісаць і стаць журналістам.

Хто ёсць хто на Hrodna.life. Сябры рэдакцыі зладзілі фотасэт і расказалі пра сябе
Каманда Hrodna.life сочыць за жыццём горада. Далучайцеся і вы — гэта цікава!