Пантовыя, брутальныя, дарагія і бюджэтныя — задавальняючы трэнд на прыгожае цела, у Гродне адкрываюць усё больш трэнажорных залаў. Агулам іх у горадзе больш за 30. Hrodna.life сабраў для вас спіс некаторых трэнажорных залаў. Чытайце пра іх асаблівасці, моцныя і слабыя бакі, кошты і выбірайце на свой густ ды кашалёк.

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак
Victor Freitas
Самай абдзеленай трэнажоркамі пакуль застаецца Дзевятоўка (за выключэннем Альшанкі - ёй пакуль даравальна). Раней на Дзяржынскага хоць цесная і дарагая, але была зала «Максі». Зараз яе змяніў «Gard fitness», але і ён не вельмі зручны для даезду і не самы багаты на трэнажоры.

«Адрэналін» — самая наватарская і актыўная ў раскручванні

Філіял вядомай мінскай сеткі спартыўных комплексаў «Адрэналін» адкрыўся паўтары гады таму на вуліцы Падольнай. Кліентаў трэнажорная зала прываблівае вялікім памяшканнем, добрым выбарам якасных трэнажораў, кабінетам масажа і нават wi-fi. У «Адрэналіне» ёсць саўна, якая ўваходзіць у кошт абанемента, і хоць невялікі, але бясплатны дзіцячы куток.

Падчас заняткаў у кардыё-зоне (за памеры яе можна пахваліць) вока радуе бацюхна Нямон — від з вокнаў прыемны. Разам з залай працуе кабінет масажыста і салярый. Ну, і ніводная з гродзенскіх залаў не прымае аж да 23.00 — гэта ў плюс «Адрэналіну».

Тут любяць «замарочыцца» і разнастаіць жыццё сваіх спартсменаў - адзначаюць Хэлоўіны з адпаведнымі пераапрананнямі, Каляды з латэрэямі і Дні народзінаў са спаборніцтвамі.

З мінусаў - месцазнаходжанне. Едучы машынай абедам або пасля працы — прастаіш у заторы, без машыны яшчэ больш нязручна, а зімой і небяспечна. Цямнее рана, дарогі дрэнна асветлены, а да прыпынку топаць і топаць.


Кошты: 8 наведванняў - 45 руб., 12 — 59 руб., безліміт — 66 руб.;

+8 фітнес-накірункаў;

Час працы: пн-пт 7:00—23:00, сб-нядз 9:00—21:00


«Royal Gym» — самая дарагая зала з відам на Нёман

Калі адкрыўся «Адрэналін» — усе сказалі «ваў, ён круты». Але ў трэнажорных тусоўках хадзілі чуткі «пачакайце, хутка адкрыюць яшчэ адну першакласную залу». І не схлусілі - праз некалькі месяцаў тут жа пад бокам — на Маставой — адкрыўся «Royal Gym».

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак

Пакуль што гэта самая дарагая трэнажорка ў Гродне, з тым жа выдатным відам з вокнаў на Нёман. Графітава-зялёная зала радуе памерамі - 400 м², сучаснымі якаснымі трэнажорамі, спа-салонам і саўнай з зонай адпачынку. Хаця адміністратара патрэбна папярэдзіць за 40 хвілін, што ты хочаш там пагрэцца.

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак

У распранальнях кліентам прапануюць бясплатныя гелі для душа, ватныя дыскі, малачко для зняцця макіяжу і дэзэдаранты. На рэсэпшне можна ўзяць бясплатны ручнік, а аматары пабаксіраваць могуць зайсці ў залу для боксу — там баксёрскія рукавіцы, рынг, ну і, калі пажадаеце і даплоціце — трэнер.

З недахопаў - той жа не блізкі прыпынак, праца па нядзелях толькі да 18 гадзін і кошты, якія не ўсе ахвотныя падкачацца могуць сабе дазволіць.


Кошты: 8 наведванняў - 65 руб., 12 — 80 руб., безліміт — 90 руб.;

+5 фітнес-накірункаў;

Час працы: пн-пт 8:00—22:30, сб-нядз 8:00—18:00


«Элод» — танна, атмасферна і без пантоў

Калі ў «Royal Gym» некаторыя ходзяць дзеля фоткі ў інстаграм і выгульвання новых легінсаў, то ў спартанскім «Элодзе» не да пантоў. Прасторы і жалеза тут хапае, але кардыё-зона даволі сціплая, як і стары душ. Адзін час нават цякло са столі, аднак сваіх кліентаў трэнажорная зала трымае. Яе хваляць за атмасферу, нязменна нізкія кошты, размяшчэнне ў цэнтры і… дырэктара Тадэвуша.

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак


Кошты: для мужчын — 30 руб., для жанчын — 15 руб.

Фітнес-накірункаў няма;

Час працы: пн-пт 10:00—21:00, сб-нядз 10:00—14:00


«Еўропа» — ходзяць, але крытыкуюць

Зала пасля адкрыцця папулярнай стала хутка, нягледзечы на старыя трэнажоры, якія самыя наведвальнікі фатаграфавалі і, абураючыся іх станам, абмяркоўвалі на форуме. Зараз абсталяванне замянілі. Найвялікшыя плюсы «Еўропы» — від на вуліцу з вялікіх вокнаў, кабінет масажа і ўдалае размяшчэнне — на Парахавой (гэта такая вуліца каля аўтавакзала).

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак

Калі раней народу вечарам там было празмерна шмат, адпаведны пах, да трэнажораў чэргі, то зараз людзей паменела, праўда, і кошты выраслі. Пры чым істотна — на 10 рублёў у сярэднім. «Еўропу» крытыкуюць за выхад у душ з калідора, а не з распранальні, адзін туалет на ўсіх. Многія адзначаюць праз аднаго не ветлівы персанал.


Кошты: 8 наведванняў - 42 руб., 12 — 48 руб., безліміт — 56 руб.;

+ 10 фітнес-накірункаў;

Час працы: пн-пт 9:00—22:00, сб-нядз 10:00—19:00.


«Gard fitness» — самая асобаарыентаваная зала

Зала, якая спецыялізуецца на індывідуальных трэніроўках з трэнерам па асобнай праграме. Цяпер «Gard fitness» стаў бліжэй, пераехаўшы ад нязручнага для даезду месца на Касманаўтаў у цэнтр горада на Замкавую. Яшчэ адна зала «Gard fitness» адкрылася і на Дзевятоўцы - у будынку, дзе раней быў фітнес-цэнтр «Максі».

Наведвальнікі сюды ходзяць пераважна скінуць лішнюю вагу. Варта адзначыць — даволі паспяхова, мяркуючы па фота ў сацсетках «да» і «пасля». Сваіх патэнцыйных кліентаў трэнеры шукаюць актыўна — нават праз паведамленні ў сацсетках з запрашэннем на пробную бясплатную трэніроўку.


Кошты: 8 наведванняў - 39 руб., 12 — 43.90 руб., безліміт — 54.90 руб.;

Фітнес-накірункаў няма;

Час працы: пн-пт 9:00—22:00, сб-нядз 10:00—17:00.


«Golden Step» — цесная зала з шырокім колам кліентаў

У «Golden Step» на вуліцы Горкага даволі выматаныя часам і шматлікімі спартсменамі трэнажоры, вячэрняя цісканіна ў залі і распранальні, адзін туалет для «м» і «ж» і ў параўнанні з іншымі заламі - кароткі час працы.

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак

Але «Golden Step» сапраўды любяць — за атмасферу, кулер з вадой і кубачкамі, шматлікія фітнес-накірункі і параўнальна нізкія кошты, якія, дарэчы, нядаўна знізілі. Ці сказваецца тое, што шмат студэнцкіх інтэрнатаў блізка, ці то сапраўды добра арганізавана і прадумана праца залы і столькіх дадатковых накірункаў.


Кошты: 8 наведванняў - 30 руб., 12 — 35 руб., безліміт — 40 руб.;

14 фітнес-накірункаў;

Час працы: пн-пт 10:00—21:00, сб-11:00—17:00, нядзеля — выходны.

[irp posts="43 681″ name=""Гэта палка мяне зачаравала". Як танцы на пілоне змянілі жыццё і далі новую прафесію"]

Трэнажорная зала ў «Аквацэнтры» + прыемны бонус пасля трэніроўкі

Бадай, адзіная зала ў горадзе, пасля заняткаў у якой паплаваеш у басейне ці парэлаксуеш у турэцкай лазні. Можна за дадатковы кошт, а можна набыўшы абанемент на 1,5 месяца на 16 наведванняў. Акрамя таго, залу ў «Аквацэнтры» хваляць за тое, што па адным абанеменце можа займацца колькі заўгодна чалавек.

З істотных мінусаў - зала разбітая на дзве часткі і знаходзіцца ў розных канцах будынка. Таму, шукаючы памяшканне з трэнажорамі для ног, можна лёгка заблукаць, нават калі арыентавацца на ўказальнікі-стрэлачкі.


Кошты: 8 наведванняў - 33 руб., 12 — 45 руб., 16 наведванняў (на 45 дзён + бясплатныя 15 хвілін аквапарка або басейна) — 54 руб.;

Фітнес-накірункаў няма;

Час працы: пн-сб 9:00—22:00, нядз. 10:00—21:00.


«Моцны» — самая беларускамоўная зала?

З плюсаў адзначаем яе месцазнаходжання — вуліца Болдзіна. Фартам, відавочна, не хапала такой трэнажорнай залы. Блізка і да лазні, і да лесапарка. Зала з новымі, даволі якаснымі трэнажорамі, падзелена на кардыё і сілавую зоны, ёсць wi-fi. Ручнікі можна арэндаваць на рэсэпшне за 50 капеек.

А што яшчэ беларускамоўнага ў гэтай трэнажорнай залі, апроч назвы? На жаль, пакуль нічога. Як кажуць адміністратары — падабраць рускамоўны кваліфікаваны персанал не так проста, не кажучы ўжо пра валоданне мовай на такім узроўні, каб якасна трэніраваць кліентаў па-беларуску.


Кошты: 8 наведванняў - 38 руб., 12 — 52 руб., безліміт — 56 руб.;

Фітнес-накірункаў няма;

Час працы: пн-пт 7:00—22:00, сб-нядз 9:00—22:00.

[irp posts="28 189″ name="У Гродне адкрыецца новы фітнес-клуб дзе збіраюцца папулярызаваць беларускую мову"]

«New Life» — зорны трэнер і добрыя суадносіны якасці і коштаў

Яшчэ адна зала на Горкага — добры варыянт для тых, хто шукае сярэдні кошт і добрую якасць. Яна адкрылася нядаўна, а таму пакуль «не дабітыя» трэнажоры, вялікая плошча і даступны кошт ствараюць добрае ўражанне.

На любы біцэпс і кашалёк: моцныя і слабыя бакі гродзенскіх трэнажорак

Засмуціць можа хіба што плітка пад нагамі і адсутнасць кандыцыянераў. Сярод трэнераў можна сустрэць вядомага гродзенскага спартсмена — Аляксандра Кодзіса, чэмпіёна Беларусі па паўэрліфтынгу, які, нягледзячы на інваліднасць па зроку, тройчы ўстанаўліваў сусветны рэкорд у станавай цязе ў сваёй вагавой катэгорыі (апошні вынік — 337,5 кг).


Кошты: 8 наведванняў - 35 руб., 12 — 45 руб., безліміт- 52 руб.;

+ 8 фітнес-накірункаў;

Час працы: пн-пт 7:00—23:00, сб-нядз 9:00—21:00.

[irp posts="17 339″ name=""Лекары забаранілі любыя нагрузкі. Але я вырашыў: усё роўна буду як Шварцэнэгер!""]

А ў якой зале займаецеся або займаліся вы? Раскажыце (пахваліце або пакрытыкуйце) яе ў каментарах. Аўтар найбольш грунтоўнага і цікавага каментара атрымае ў падарунак індывідуальную трэніроўку ў адной з найлепшых гродзенскіх трэнажорных залаў. Якой — сакрэт 😉