Дзевяцігадовага хлопчыка шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы – урачы зафіксавалі апёкі 42% цела. Высвятленнем прычын здарэння заняўся Мастоўскі РАУС.

Міліцыя ўстанавіла, што непадалёк ад дома дзіця гуляла з гаручай вадкасцю і запальнічкай. Пары гаручай сумесі імгненна ўспыхнулі і прывялі да ўзгарання ёмістасці ў руках хлопчыка. Ён атрымаў тэрмічныя апёкі 1-2 ступені.

Дзіця шпіталізавалі – будуць устанаўліваць ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў. Таксама прызначылі судмедэкспертызу.


Апёк у больш чым 40% цела лічыцца цяжкім. Для параўнання, толькі задняя паверхня тулава дарослага чалавека складае 18% цела, яшчэ столькі ж – абедзве рукі.

Пры такой колькасці пашкоджаных скурных пакроваў у залежнасці ад ступені апёку можа развіцца цяжкі ці вельмі цяжкі шок, які доўжыцца да трох сутак. Лечаць апёкавы шок у стацыянары: пацыента абязбольваюць, карэктуюць яго водны баланс. Можа спатрэбіцца штучная вентыляцыя лёгкіх. Лячэнне ў залежнасці ад глыбіні паражэння і ўзросту пацярпелага можа заняць ад некалькіх месяцаў да года і больш.

У даследванні лятальнасці апёкаў з шасцярых дзяцей, якія атрымалі ад 30 да 40% пашкоджанняў скуры, выжыла трое.

Чытайце таксама: У Лідзе трое дзяцей атруціліся ўгарным газам