HRODNA.LIFE і Беларускі Народны Банк
ЛЮБІМАЯ,
КАХАНАЯ,
ПАКІНУТАЯ
Ці адродзіцца былая веліч каралеўскай рэзідэнцыі ў Панямуні
ГЭТЫ
МАТЭРЫЯЛ
ВЫ ЧЫТАЕЦЕ
ДЗЯКУЮЧЫ
БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ БАНКУ
Панямунь
Узнёслы, як музыка Шапэна,
і вытанчаны, як мэйсанскі фарфор, летні палац караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўзвышаецца
над ваколіцамі былой вёскі Панямунь. Калісьці гэта мясцовасць як найлепш пасавала
для загараднай рэзідэнцыі манарха. У Панямунь апошні кароль з'язджаў ад мітуслівага жыцця Гродзенскага замка —
на ўлонне прыроды і за асалодамі кахання. Мяркуюць, што летняя рэзідэнцыя караля была сведкам
і любоўных жарсцяў, і самых таямнічых палітычных перамоваў пра лёсы дзяржавы.
Што з таго праўда – палац не раскажа. Нават пад жорсткімі катаваннямі часу і савецкіх "рэканструкцый" ён маўчаў
і трымаўся. Маўчыць і зараз –
так драматычна і красамоўна,
што яго маўчанне можна слухаць, як музыку ці захапляльную гісторыю.
Пад уплывам часу ад рэзідэнцыі мала што засталося. Некалі найпрыгажэйшы палац Панямоння, што параўноўвалі
з варшаўскімі Лазенкамі, зараз нагадвае разбітую фарфоравую філіжанку. Аскепкі яшчэ захоўваюць сляды былой велічы, але выклікаюць толькі жаль.
Музыка ў камяні
ад самога Дэ Сака
Шэраг даследчыкаў сцвярджае, што яго архітэктарам быў Джузэпэ дэ Сака і адносяць гэты палац да позняга, самага лепшага, перыяду творчасці дойліда.
На карысць версіі працуе і тое, што ён праектаваў яшчэ дзве тагачасныя каралеўскія рэзідэнцыі ў Гродне – Аўгустова
і Станіславова.
Палац для правіцеля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст.
Палац для правіцеля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст.
Палац для правіцеля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў пабудаваны ў другой палове XVIII ст.
Гродзенскія
Лазенкі
Так ці інакш, але ў 1771 годзе каралеўская рэзідэнцыя
ў Панямунi была ўзведзена. Менавіта гэты палац у стылі позняга барока меў найбольш маляўнічае месцазнаходжанне сярод усіх каралеўскіх сядзібаў Гродна. Будынак стаіць
на высокім абрывістым беразе Нёмана і акружаны паркам. Вядомы польскі даследчык архітэктуры – Роман Афтаназі, адносіў сядзібу Панямунь
да «найпрыгажэйшых
на Гарадзеншчыне» і адзначаў, што парк меў «рысы выбітнай маляўнічасці». Як і належыць арыстакратычным рэзідэнцыям XVIII стагоддзя, архітэктура
і прырода ўтваралі ў Панямунi гарманічнае цэлае. Мяркуецца, што спачатку парк сядзібы быў
у французскім стылі і толькі ў XIX стагоддзі набыў рысы англійскага пейзажнага парку.
У склад сядзібы разам
з паркам і палацам уваходзілі гаспадарчыя забудовы
і капліца. Палац некалі быў каменным, але ад яго захаваўся толькі фрагмент кутнай вежы. Разбураныя каменныя сцены былі пазней адбудаваны
з дрэва. Былая каралеўская рэзідэнцыя сустракае гасцей фасадам з чатырохкалонным навесам.
З боку Нёмана - таксама чатырохкалонны порцік на высокім цокалі.
Палац пабудаваны аднапавярховым. Такім ён і выглядае з дарогі.
Калі ж глядзець ад ракі – за кошт перападу рэльефа адкываецца высокі цокаль
і падпорная сцяна. За кошт гэтага галерэя з калонамі лунае высока над зямлёй.
У цокальным паверсе раней мясціліся службовыя пакоі.
З іх ішлі схаваныя калідоры
да памяшканняў параднага паверха. Частка тых падземных хадоў захавалася да нашага часу.
Будынак меў анфіладную планіроўку. Усе пакоі можна было прайсці наскрозь і усё яны вялі да цэнтральнай залы. Менавіта тут балявалі абраныя госці караля.

Пра першапачатковы выгляд
і планіроўку палаца часоў Станіслава Аўгуста, зараз напэўна не ведаюць нават спецыялісты. Да нашых часоў дайшлі больш познія выявы палаца канца ХІХ стагоддзя
на малюнках Напалеона Орды
і шматлікіх фотаздымках


Альтанка
пад небам
і сонечныя аранжарэі
Самым цудоўным упрыгожаннем палаца была дзіўная кітайская альтанка-салярый, размешчаная на даху і прызначаная для агляду наваколля. З боку Нёмана ўніз
ад палаца спускаліся цудоўныя шкляныя аранжарэі,
размешчаныя на тэрасах.
Іх можна бачыць на карціне Напалеона Орды.

Наяўнасць цяплічных аранжарэй была данінай моды ў еўрапейскіх палаца-паркавых ансамблях
і іх абавязковым атрыбутам.
У такіх аранжарэях вырошчвалі экзатычныя цеплалюбівыя расліны – лаўры, цытрусавыя, кафейныя дрэвы, пальмы, ананасы, кактусы і архідэі.
Аднак прызначэнне аранжарэй
не было толькі ўтылітарным. Звычайна іх рабілі зручнымі для шпацыраў, прыёмаў і нават танцаў. Для "здзіўлення гасцей" такія зімнія сады ўпрыгожваліся скульптурамі і фігурна пастрыжанымі дрэвамі.
Для ацяплення галерэй у халодны час найчасцей выкарыстоўваліся дымавыя каналы альбо вадзяное ці паравое ацяпленне. Печы звычайна ўсталёўваліся ў асобным памяшканні ніжэй за аранжарэі, каб дым натуральным чынам праходзіў угару па каналах.

Улетку расліны ў кадках выстаўлялі на вольнае паветра для ўпрыгожвання адкрытых галерэй палаца ці алей парка. Выявы Панямуньскай сядзібы сведчаць, што Станіслаў Аўгуст таксама не адставаў ад тагачаснай моды і тэхналогій. Зараз сонечны схіл ля Нёмана таксама выкарыстоўваецца для вырошчвання раслін.
Яго пакрываюць лапікі градаў
ды шматлікія цяпліцы і парнічкі мясцовых жыхароў. Экзатычных раслінаў там зараз не знайсці,
а вось памідоры за лета цудоўна выспяваюць.


Улюбёны "кветнік" караля – ад першых жарсцяў да апошняга кахання
Ну, а чым жа кароль мог займацца ў сваёй рэзідэнцыі? Станіслаў Аўгуст, як і многія ўладары таго часу, быў неабыякавы да жаночай прыгажосці. Легенда кажа, што палац у Панямунi быў свайго роду любоўным закутком караля,
у якім ён бавіў час са сваімі фаварыткамі.
Першай яго палюбоўніцай называюць прынцэсу Сафію Фрэдэрыку Аўгусту, будучую імператрыцу Кацярыну II. Іх раман доўжыўся каля чатырох гадоў, з канца 1755 да пачатку 1759. Гэта каханка ніколі не бывала ў Панямуні. Але без яе не было б ні караля, ні яго рэзідэнцый. Панятоўскі быў адзіным замежнікам сярод фаварытаў Екацярыны ІІ і адзіным, хто атрымаў у падарунак ад яе карону. У многім дзякуючы падтрымцы імператрыцы Станіслаў Аўгуст стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Яна ж і паставіла кропку ў існаванні Рэчы Паспалітай.
Былы палюбоўнік быў выпраўлены ў ганаровы палон да каралеўскай Гароднi, дзе і падпісаў адрачэнне ад трону. Вярнуцца з гродзенскай ссылкі ў свет Панятоўскі змог толькі пасля смерці імператрыцы, па запрашэнні сына Кацярыны, цара Паўла І. Ёсць меркаванне, што цар лічыў караля сваім сапраўдным бацькам і праз тое выказваў сімпатыю і падтрымку.
Ізабэла была жонкай кузэна караля. І "Антось", як называлі Станіслава Аўгуста ў коле сям'і, быў ледзь не адзіным, хто падтрымліваў сціплую і юную жонку сваяка. Верагодна, каля 1765 года іх сімпатыя перарасла ў больш глыбокае пачуццё.
Іх стасункi былi шырока вядомыя ўсёй Варшаве. Пра гэты раман ведаў муж Iзабэлы, але тое не было праблемай. У духу фрывольных нораваў эпохі, ён нават падвозіў жонку на спатканні з Панятоўскім, а сам шукаў амурных прыгод у іншых месцах. Пладом адносін Чартарыйскай і Панятоўскага стала дачка Марыя-Ганна.
Але кароль адмовіўся прызнаць дзіця.
А вось згадкі і легенды пра тое, што ў Панямуні магла бываць яшчэ адна каханка манарха, Эльбжэта Грабоўская, падобныя да праўды. Гэту жанчыну "з прыгожымі блакітнымі вачыма, пругкім целам, мiлым розумам, і вялікай дабрынёй сэрца" сучаснікі называлі сапраўдным вялікім каханнем караля. Яна рушыла ўслед за Станіславам Аўгустам у ссылку да Гродна, а пасля паехала з ім у Санкт-Пецярбург. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ўсе пяцёра дзяцей Эльжбеты маюць бацькам Станіслава Аўгуста. Іншыя кажуць, што пасля смерці мужа ў 1789 фаварытка дамаглася тайнага шлюбу з каралём.

У розныя часы да каханак Станіслава Аўгуста прылічвалі Ізабэлу Чартарыйскую ды Эльжбету з Любамірскіх-Чартарыйскіх.
Што да Эльжбеты, то яна ў палюбоўнай сувязі з каралём шукала магчымасці ўплываць на манаршыя рашэнні і задаволіць уласныя палітычныя амбіцыі. Праз гэта звязак распаўся, а Чартарыйскія сталі непрымірымымі ворагамі Станіслава Аўгуста на ўсё жыццё.
Раздаў, што мог
Кароль нядоўга быў гаспадаром рэзідэнцыі ў Панямуні.
Час існавання Рэчы Паспалітай падыходзіў да канца. Перад адрачэннем ад прастола,
у 1792–1793, кароль стаў шчодрым на падарункі. Многім мястэчкам
у той час было падаравана Магдэбургскае права, а значную частку нерухомасці атрымалі набліжаныя да караля магнаты.
У першай палове ХІХ стагоддзя частка Панямуні стала маёмасцю гродзенскага маршалка Рамана Антонія Ляхніцкага.
Ад яго сядзіба пераўшла
ў спадчыну да дачкі Веранікі,
калі тая выходзіла замуж
за Яна Урсын-Нямцэвіча, маршалка Гродзенскай губерніі. Другая частка маёнтка належала Юзэфе Ляхніцкай. Менавіта
да нашчадкаў Ляхніцкіх прыязджаў у госці ў Панямунь мастак Напалеон Орда.
У канцы ХІХ стагоддзя вёску Панямунь купіла ў нашчадкаў Ляхніцкіх княгіня Ядвіга Друцкая-Любецкая.
Гэта жанчына была сапраўднай мецэнаткай і сябравала з Элізай Ажэшкай. Да слова, 25-годдзе творчай дзейнасці пані Элізы гродзенцы святкавалася менавіта ў гэтым палацы.
Ёсць згадкі, што госці імпрэзы прыплывалі ў Панямунь па Нёмане. Сярод запрошаных былі літаратар Францішак Багушэвіч і кампазітар Мечыслаў Карловіч.
За Саветамі – "до основанья, а затем…"
У 1939 годзе сядзіба была нацыяналізавана. На яе месцы стварылі адну з першых машына-трактарных станцый
на Гарадзеншчыне. Яна і стала спадкаемцам палаца, гаспадарчых і службовых пабудоваў, стайняў
і нават неагатычнай капліцы, пабудаванай ў сярэдзіне
XIX стагоддзя.

Гэту культавую пабудову, як было заведзена пры Саветах, прыстасавалі пад патрэбы народнай гаспадаркі. З бакоў
да капліцы прырабілі цагляныя "вушы" гаражоў, а ў самім храме доўгі час мясцілася механічная майстэрня.























Каралеўскія стайні ў той час
былі прыстасаваны пад адміністрацыйныя будынкі. Частка старых дамоў захавалася да нашых дзён.
















"Нашаму дому гадоў мо 200
ці 300. Падвал там цагляны,
з аркамі. Мо ён таксама гістарычны? – расказвае мясцовая жыхарка Ірына Валынец.
– Калі бацькі прыбудову рабілі,
то знаходзілі ў зямлі манеты старыя і нават шаблю нейкую.
Тут недалёка яшчэ стайні стаяць, а на схіле каля клуба, кажуць, раней былі дамкі прыслугі.
Месца дзе наш дом стаіць, мясцовыя называюць "садзікам".

Тут во і брукаванка старая засталася". Тэрыторыя з капліцай зараз належыць ААТ «Гроднапрамтэхніка».
На інфармацыйнай табліцы перад службовымі варотамі капліца значыцца за нумарам 7
і называецца "гістарычнай каштоўнасцю". Апошнія гады яна стаіць пустая і зачынена на замок.

Вядома, што прадпрыемства тройчы выстаўляла ўсю сваю тэрыторыю агульнай плошчай тры гектары на аўкцыён.
Апошняя спроба продажу адбылася сёлета 27 сакавіка
і скончылася беспаспяхова. Прадаць толькі частку тэрыторыі ці перадаць капліцу вернікам бясплатна прадпрыемства пакуль адмаўляецца.

Мясцовыя жыхары распавядалі, што ў 1970 годзе ў Панямунь прыязджала жанчына з Варшавы. Магчыма, нейкая сваячка апошніх гаспадароў. Расказваюць, што яна доўга стаяла ля храма і моцна плакала ад убачанага. Ды і было
з чаго плакаць. За некалькі гадоў да гэтага капліцу абязглавілі. "Загадчык гаспадаркі Савасцян шукаў чалавека, які мог бы залезці і спілаваць крыж.
Але ніхто не хацеў. Потым знайшоўся мясцовы, Анацкі,
і спілаваў крыж", – расказвае пенсіянерка з Панямуні Соф'я Пятрова.
Сённяшні дзень палаца
Закат велічы былой каралеўскай рэзідэнцыі пачаўся пасля 1945 году. Пасля вайны ў палацы размясцілі дзіцячы дом. Потым
у каменнай частцы будынка доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай "Сельгастэхнікі" з кіназалай
і бібліятэкай.

"У клубе раней танцы былі
і вяселлі ладзілі. Гэта можа гадоў 25 таму, я малая была, – расказвае Ірына Валынец. – Нашы бацькі там збіраліся вечарамі – пагаварыць, патанцаваць.
Чужыя туды не хадзілі. Быў такі, кшталту, сямейны клуб. Малым было цікава каля дарослых,
то мы з сяброўкай таксама прыбягалі паглядзець, як яны танцуюць. Нам гадоў па пяць тады было. Калі вяселлі спраўлялі,
мы і за гэтым падглядалі.
Там ёсць акенцы, то залазілі праз іх употайкі. Яшчэ заўжды было цікава, што там у падвалах.
Але туды дабрацца так ані разу
і не атрымалася". Пабачыць, што робіцца ў падвале зараз можна хіба праз дзіркі ў падлозе. Уваход туды закрыты. "Домаўпраўленне залажыла, каб бамжы не хадзілі, – тлумачаць сёняшнія жыхары каралеўскай рэзідэнцыі. – А там трубы. Так што і вільготнасць вялікая, і патопы бываюць".

Адкуль у каралеўскім падвале трубы? Усё проста. Палац стаў шматкватэрным домам. Там размясцілася некалькі сямей гродзенцаў. Калі ішла прыватызацыя, жыхарам дазволілі выкупіць кватэры.

На пытанне, ці дорага заплацілі, кажуць – "дастаткова". А потым уздыхаюць. "Магчыма, гэта было памылкай. Калі б не далі прыватызаваць, нешта б іншае прадпрымалі з жыллём. А так – супакоіліся і жылі сабе. Думалі, што сваё маем". Што да гісторыі, то ад яе "Ніякага цяпла няма. Толькі страх – што далей будзе".
Перыядычна мясцовыя ўлады падымаюць пытанне
пра іх адсяленне з былога палаца, але пакуль справа
не рушыцца з мёртвай кропкі. "Вы не глядзіце, што дом знешне страшны. У нас там нармальныя кватэры.
Мы і падлогі памянялі,
і рамонт зрабілі. Тут ва ўсіх добрыя сем'і". Наконт высялення жыхары Панямуні моцна перажываюць:
"Мы і за, і супраць", – кажуць жыхаркі дома Даніэла Савенка і Валянціна Жураўлёва.
– Нам прапануюць арэнднае жыллё на Альшанцы. Гэта, лічы, – сыйсці ў нікуды".
Што было, што будзе, чым сэрца супакоіцца
Між тым у Гродне ёсць дыяметральна супрацьлеглыя прыклады стаўлення
да гістарычнай спадчыны. Лепшым у ліку захаваных будынкаў і прыкладаў годнай рэканструкцыі з'яўляецца
"Дом з лілеямі". Гэты будынак
на Сацыялістычнай, 44 некалі належаў купцу Крэйцару.
Дзесяць год таму ён стаяў напаўразбураным.

Рэканструкцыя прадугледжвала разабраць дом да ўзроўню першага паверха і пабудаваць аддаленую копію будынка пачатку ХХ стагоддзя. У абарону помніка архітэктуры выступілі гісторыкі
і архітэктары, накіраваўшы калектыўны зварот уласніку — кіраўніцтву Беларускага народнага банка. У выніку асноўныя канструкцыі вырашылі захаваць. Зараз у "Доме з лілеямі" пасяліўся "леў". Там знаходзіцца офіс банка.
Але пакуль у Панямуні пануе запусценне і разруха. Лёс сядзібы мала каго цікавіць, нібы лёс састарэлай
і пакінутай каханкі. Забытая, яна засталася стаяць
на ўзбоччы горада і гісторыі. Нават не ўсе гараджане ведаюць пра яе існаванне.
Не паказваюць гэту
гістарычную славутасць
і турыстам. Мабыць, каб
не палохаліся. А калі вочы
не бачаць, то і сэрца не баліць.

Пытанне, ці зможа Панямунь "закруціць" новы раман
з мясцовымі ўладамі
ці бізнесам так і застаецца вітаць у паветры. Разам
з водарам завяўшых аранжарэйных кветак, успамінамі і легендамі.


Удалы прыклад сядзібы ў парку гродзенцы і госці гораду таксама добра ведаюць. Гэта «Кронан-парк-атэль". Як і палац
у Панямунi, ён размешчаны
ў паркавай зоне і пабудаваны
на месцы колішняга савецкага рэстарана "Сосны". Зараз гэта адзін з лепшых гатэльных комплексаў горада.
Такое ж прызначэнне магла б атрымаць і адрэстаўраваная пянямуньская рэзідэнцыя. Банкетная зала і некалькі нумароў маглі б стаць не менш прыцягальнымi для турыстаў
і гараджан, чым парк-атэль
у Пышках. Адрэстаўраваны палац і прыведзены ў парадак парк, напэўна, зацікавілі б турыстаў
і гараджан. Магчымасць правесці дзелавыя перамовы ці вясельныя банкеты, ды і проста папалуднаваць у каралеўскім палацы дапамаглі б акупіць укладанні на рэстаўрацыю комплексу. Знявечаную панямуньскую капліцу добра было б перадаць вернікам. Яны даўно аб гэтым просяць. Напэўна, каталіцкая царква змагла б паклапаціцца пра гэту маёмасць. Гродзенцы бачылі, як пільна рэстаўратары працавалі са статуяў Хрыста пры Фарным касцёле
ці з будынкам драўлянага лямуса.
Над праектам працавалі


Графічны дызайн і распрацоўка


Ідэя і кіраўніцтва праектам

Яўген Аснарэўскі, Ірына Новік, Анатоль Новік, Руслан Кулевіч


Воля Новік


Ірына Новік

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: