Цэны на аўто зноў пойдуць угару. З 1 ліпеня набывае сілу чарговая норма тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза — «Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў». Што хаваюць новыя нормы тэхрэгламенту і чаму цягам наступных дзевяці месяцаў аўтамабілі падаражэюць двойчы?

Да першага скачка цэн — крыху больш трох месяцаў

З 1 ліпеня 2018 года для рэгістрацыі транспартнага сродку, увезенага з-за межаў Мытнага саюза, спатрэбіцца яшчэ адзін дакумент — «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку» (далей ПБКТС). Набыўшы ў Еўропе 3−5-гадовы аўтамабіль — умоўна Mercedes 2014 года — для пастаноўкі на ўлік трэба будзе даказаць яго бяспечнасць.

Аматары аўто з ЗША павінны ведаць, што арыгінальная оптыка на аўтамабілях для амерыканскага рынку адрозніваецца ад еўрапейскай. З-за гэтай асаблівасці на шляху атрымання сертыфіката ўзнікнуць дадатковыя складанасці.

Кошт сертыфіката (ПБКТС) старуе ад 650 руб (каля 330 $) у залежнасці ад маркі, мадэлі, года выпуску аўто.

Што зменіцца для аўтамабілістаў у бліжэйшы год: аўто падаражэюць нават на 1000 долараў, а разнастайнасці будзе яшчэ менш
Фота: Ірына Новік
Дарэчы, гэтая норма летась ужо ўводзілася. Аднак пратрымалася толькі 13 дзён. Ужо 13 ліпеня 2017 года было прынятае рашэнне аб адтэрміноўцы на год. Справа ў тым, што з 1 ліпеня ў ДАІ пачалі патрабаваць «Пасведчанне аб бяспекі канструкцыі», але што гэта за дакумент ніхто не ведаў: ні ДАІ, ні мытня. Людзі, што аплацілі мыта і ўтылізацыйны збор, не маглі паставіць аўто на ўлік.

Таму і адклалі гэтыя змены на адзін год. Цяпер жа спадзявацца на паўтор леташняй сітуацыі не варта. У Мінску ўжо ёсць арганізацыя, якая за 2−3 дні і 700 рублёў, гатова падрыхтаваць усе неабходныя паперы.

Новыя аўто таксама падаражэюць?

Цалкам імаверна, што пасля новаўвядзенняў вырастуць у цане і новыя аўтамабілі. Дылеры пакуль не валодаюць дакладнай інфармацыяй. У адным з аўтацэнтраў у Гродне нам расказалі, што сцэнар павышэння цаны — цалкам рэальны.

«Дакладную лічбу пакуль назваць немагчыма. Імаверна, цэны будуць перапісаны і на аўто, якія ўжо знаходзяцца на складзе, — расказаў адзін з супрацоўнікаў аўтацэнтра. — Таму набыць аўто па старых цэнах з чэрвеня не атрымаецца».

Новая ЭРА — новыя выдаткі

Куды больш грунтоўнае павышэнне коштаў чакаецца з 1 студзеня 2019 года. Тады набывае сілу яшчэ адна норма тэхрэгламенту: робіцца абавязковым абсталяванне аўтамабіляў «кнопкай SOS» — прыладай выкліку экстраных аператыўных службаў. Сістэма будзе працаваць праз GPS. На тэрыторыі Беларусі будзе мець назву ЭРА РБ (аналаг расейскай ЭРА ГЛОНАСС).

Новыя аўто падаражэюць і іх стане менш

Усе новыя аўтамабілі, якія выпускаюцца ў абарачэнне на тэрыторыі Мытнага саюза, паводле закону павінны абсталёўвацца модулямі ЭРА, якія аўтаматычна інфармуюць пра ДТЗ. Аўтакампанія, якая мае намер імпартаваць новую мадэль або вырабляць і прадаваць яе на тэрыторыі Мытнага саюзу, павінна прайсці сертыфікацыю, якая ўключае краш-тэсты, падчас якіх правяраецца праца сістэмы ЭРА.

Да таго як разбіць машыны, вытворцу трэба адаптаваць сістэму на сваіх мадэлях, унесці змены ў канструкцыю салона, пераналадзіць канвееры на заводах пад выпуск аўтамабіляў з модулямі ЭРА. У выніку выдаткі вытворцаў на аснашчэнне новай мадэлі сістэмай, па падліках экспертаў, складаюць ад некалькіх сотняў тысяч да аднаго мільёна долараў.

Некаторыя маркі вырашылі ўсталяваць сістэму абвесткі пра здарэнні толькі на больш-менш хадавыя мадэлі, а астатнія спыніць пастаўляць у краіны Мытнага саюза. Так, у краінах МС нельга купіць Audi A1, Fiat Punto, Audi A5 у кузаве кабрыялет і іншыя.

Наколькі дакладна падаражэюць аўтамабілі ў салонах з 2019 года пакуль адказаць немагчыма. Усё будзе залежыць ад маркі і мадэлі.

Бэўшка зной вырасце ў цане

Патрыманыя аўтамабілі, якія імпартуюцца з трэціх краін, таксама павінны быць абсталяваныя кнопкай SOS, якая працуе па сістэме ЭРА. Выключэнне — «олдтаймеры» старэйшыя за 30 год. Аднак для ўжываных аўто кнопка SOS будзе прасцейшай — не будзе магчымасці аўтаматычнага выкліку службаў пры ДТЗ.

Каб даведацца, як падымуцца цэны на прыгнаныя з Еўропы аўто, мы звязаліся з перагоншчыкам са Смаленска. У Расіі нормы тэхрэгламенту дзейнічаюць ужо з 1 студзеня 2017.

Так, у Смаленску абсталяванне аўтамабіля кнопкай SOS і поўным камплектам дакументаў абыйдзецца ў 44 тыс. расійскіх рублёў. Прыкладна 800 долараў.

Менш чым за год аўтамабілі падаражэюць на 800−1000 долараў

Як змянілася жыццё аўтамабілістаў у нашай краіне пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз?

КаліШто змяніласяКолькі гэта каштуе
ліпень 2011Рост пошлін для фізічных асоб (ураўнялі з юр.асобамі) узроставыя абмежаванні да 5 год
сакавік 2014У Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор у дачыненні да транспартных сродкаў+ каля 100 у.е.
люты 2016Утылізацыйны збор павялічыўся ў 1,65 разоў для юрыдычных асоб і ў 8,25 разоў для фізічных+ 380 у.е.
ліпень 2018Уводзяць «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку»+ каля 350 у.е.
студзень 2019Кнопка SOS+ каля 600 у.е.

Разнастайнасці будзе менш

Аўтапарк Беларусі з кожным годам старэе, а пэўная частака машын ужо патрапляе пад тэрмін «рэтра». На замену прыходзяць аднастайныя бюджэтнікі расійскай зборкі. Пры гэтым аўтамабілі, якія выехалі з канвеераў у 1980-я, працягваюць ездзіць не ў якасці олдтаймераў, а як звычайны сродак перамяшчэння.

Самая папулярная ў Беларусі мадэль сярод новых аўто цягам апошніх пяці год — VW Polo Sedan расійскай вытворчасці. Мадэль спецыяльна распрацаваная для краін трэцяга свету. Вырабляецца толькі ў Расіі, Індыі і Малайзіі. І не пастаўляецца на рынкі ў развітыя краіны.



Паводле дадзеных Беларускай Асацыяцыі Аўтамабілістаў у 2017 годзе прадалі 34 255 новых аўтамабілі. Самая папулярная марка — Renault. Другое і трэцяе месца паводле продажаў займаюць Renault Sandero Stepway (2940 аўто) і Renault Logan (2298). Калі сюды дадаць і Renault Sandero (572), то атрымаецца агулам 5810 машын. Але самай папулярнай мадэллю застаецца VW Polo Sedan — 3926 адзінак за год.

Renault Logan, Sandero i Sandero Stepway — фактычна адна мадэль выкананая ў розных варыяцыях. Агулам вышэйназваныя мадэлі VW i Renault складаюць амаль 30% ад агульнай колькасці прададзеных новых аўто ў краіне.