Мы ведаем, хто нас чытае. А ці ведаюць чытачы, хто для іх піша, здымае і малюе? Адкінуўшы ў бок сціпласць і скарыстаўшыся добрым надвор’ем рэдакцыя сабралася, каб прадставіцца аўдыторыі. Горад мае ведаць сваіх герояў! Таксама вы даведаецеся, як далучыцца да каманды і атрымаць фірмовую футболку.
Руслан Кулевіч, ён жа Rasl — журналіст. На гэтым прадстаўленне можна скончыць. Руслана ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Руслан нарадзіўся і жыве ў Гродне і таму ведае не толькі фасадны горад. Досвед дзіцячага лазання па падвалах і стрэхах зараз дапамагае яму ў штодзённым пошуку навін.
Падчас службы ў войску Руслан быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што разведчык былым не бывае. Вы можаце не заўважыць Руслана ў горадзе, але гэта не азначае, што ён нечага не заўважыць. Хто самым першым даведваецца пра здарэнні і падзеі ў горадзе? Ну, вы зразумелі.
На здымку злева — Руслан Кулевіч, справа — Лёша Шота, Ірына Новік, Руслан Кулевіч — у такім складзе рэдакцыя пачала працаваць тры гады тамуВоля Новік — наша дызайнерка. Яна малюе ўсё, паўсюль і заўсёды. Калі пэўны час пасядзець з ёй побач, то потым можна знайсці на сваёй руцэ намаляваную татуху ці не вельмі прыстойнае слова, напісанае каліграфічнымі літарамі. А калі вам раптам пашанцавала піць з ёй каву, то, магчыма, пасля вы знойдзеце свой партрэт на сурвэтцы. Кароч, страшны чалавек.
Каб скіраваць Воліну творчую энергію ў карыснае русла, мы завальваем яе працай. Летась яна малявала мапу Гродна, таму зараз можа маляваць гістарычныя будынкі горада нават па памяці. А яшчэ яна прыдумала і намалявала нашага аленя Лявона.Ксюша Трафімовіч — фатографка. Стала сябрам рэдакцыі незаўважна для сябе. Проста Ксюша любіць і ўмее фатаграфаваць і праз тое перамагла ў конкурсе сэлфі ад Гродналайф. Адпусціць яе проста так мы не змаглі, ды яна і не супраціўлялася. Дзякуючы Ксюшы вы ўжо маглі пабачыць больш правільны Гродна і раскрыць таямніцу дома № 13.Лёша Шота — галоўны рэдактар. Самая таямнічая асоба на сайце. Гэта той чалавек, хто мусіць чытаць усё, што мы пішам. І рабіць тэксты такімі, каб вы таксама захацелі пачытаць. Яшчэ адна важная характарыстыка Лёшы — ён «добры» рэдактар. Ролю «злога» рэдактара выконвае іншая асоба.
Алена Кавальчук — журналістка. Менавіта яна напісала самы карысны для турыстаў тэкст пра абменнікі ў Гродне. Любіць гуляць у настолкі і дапамагаць людзям. Таму піша пра дзіцячы хоспіс, месцы, дзе можна адпачыць і музыку.
Вова Аплевіч — наш аўтамабільны эксперт. Ён дакладна ведае, куды глядзець, каб высветліць, ці згнілі джылі. Раней Вова рамантаваў машыны, а потым у адзін прыўкрасны дзень, седзячы ў яме, уцяміў, што гэта дно і ніжэй няма куды. Тады і вырашыў стаць журналістам. Ён нават хацеў паступіць на журфак, каб атрымаць другую адукацыю па гэтай спецыяльнасці, але… група не сабралася. Таму асвойваць прафесію мары ён прыйшоў да нас.Ірына Новік — рэдактарка спецпраектаў. Яна ставіць усё дагары нагамі і прыдумвае штукі, за каторыя раней ніхто б у рэдакцыі не ўзяўся. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты. А хто не схаваўся — сам вінаваты. Піліць складаныя тэхнічныя фарматы і тых, хто рызыкне з ёй працаваць. Ага, гэта дама — наш «злы» рэдактар.
Марыя Кучмэйна — спецыялістка па рэкламе. Марыя ўмее знаходзіць людзей, гатовых плаціць за рэалізацыю нашых (агульных) мараў. Напэўна, яна ведае шмат чароўных словаў кшталту «Дзякуй» і «Калі ласка». Тое, што ў нас з’явіліся цікавыя і прыгожыя рэкламныя матэрыялы — у многім яе асабістая заслуга.Анатоль Новік — аператар дрона. Гэта яму зверху відна ўсё, ты так і знай. Анатоль — ні разу не журналіст, а сур’ёзны інжынер. Проста аказалася, што ён з дзяцінства марыў пра верталёцік на радыёкіраванні і нават сам рабіў такія мадэлькі. Кіраваць дронам можа нават заплюшчыўшы вочы. Навыкі абыходжання з джойсцікам у яго даўно адточаныя ў гульнях на прыстаўцы. Не прападаць жа такому досведу, праўда?Эмілія Комар — наша фітнес-экспертка. Спачатку была адным з нашых чытачоў-тэсціроўшчыкаў і дапамагала выпраўляць памылкі. А потым так уцягнулася, што стала сябрам рэдакцыі. Эмілія піша нам паміж трэніроўкамі ў залі і заняткамі боксам. Таму мы ведаем, дзе ў Гродне лепш за ўсё займацца фітнесам. Зараз яна гадуе дачушку і дзеліцца досведам, як працягваць жыць цікава, калі ў цябе раптам нарадзілася дзіця.За здымкі каманды шчыра дзякуем фатографу Аляксандру Федарака. Аказалася, што Аляксандр не толькі здымае, але ведае шмат карысных цікавостак пра розныя сучасныя гаджэты і дэвайсы. Магчыма, хутка на Гродналайф з’явіцца ўласны эксперт у гэтых пытаннях.
Стань сябрам Hrodna.life!
Будзем рады вашым допісам у рэдакцыю. Паведамляйце нам пра цікавыя падзеі і неабыякавых людзей, што жывуць побач з вамі. Мы абавязкова пра іх напішам. Альбо дапаможам вам пачаць пісаць і стаць журналістам.