Гродзенскі цеплаход «Вольга Соламава» ўжо стаў экспанатам нашага горада-музея. Карабель ходзіць па рацэ 69 гадоў. C пачатку чэрвеня 2021 ён зноў адкрыў сезон водных прагулак. Для Hrodna.life гараджане ўспомнілі, якім быў цеплаход раней, а краязнаўцы распавялі пра гераіню, якая дала яму імя.

Раней вазіў гараджан на лецішчы

Теплоход "Ольга Соломова" на реке Неман
Цеплаход «Вольга Соламава» у 70-я гады ХХ стагоддзя. Фота: Наталля Дораш

«Плыць на ім [цеплаходзе „Вольга Соламава“ — заўв. Hrodna.life], асабліва супраць плыні, было адно задавальненне. Памятаю, сяджу я, юная дзяўчына, на верхняй палубе, вясновы ветрык валасы цяробіць, на беразе салаўі заліваюцца ў густых зарасніках чаромхі, переглядваюся з незнаёмым маладым чалавекам, сэрца замірае ад прадчування шчаслівай летняй пары», — расказвае аб паездцы на цеплаходзе гродзенская фатографка Наталля Дораш.

Гэтыя ўспаміны — з 70-х. Тады «Вольга Соламава» хадзіла па Нёмане маршрутам Гродна-Коматава і назад. «Цеплаход рабіў прыпынак каля нашых лецішчаў, — распавядае Наталля. — Зручна было на ім плыць з сабакам, якога ў аўтобус не бралі. Выдатнае было падарожжа».

Пакатацца на цеплаходзе летам 2021 года можна тройчы на тыдзень:

  • у сераду і пятніцу прагулка пачынаецца ў 18.00;
  • у нядзелю — у 12.00.

Цеплаход адпраўляецца ў рэйс, калі прададзена не менш за 34 квіткі. Кошт квітка — 10 рублёў. Дзеці да пяці гадоў у суправаджэнні дарослых праходзяць бясплатна.

Чытайце таксама: Чатыры «Нёманы», пяць «Гроднаў» і адна «Ліда». Гісторыі караблёў з гродзенскімі назвамі

Перадаюць ад пакалення да пакалення

Гараджане памятаюць і больш далёкія паездкі на цеплаходзе. З Гродна ён хадзіў да Друскінінкая. Шлях туды займаў чатыры гадзіны. Назад, супраць плыні, — шэсць. Гродзенка Наталля Храброва кажа, што гэтыя паездкі былі стомнымі, а маці Наталлі Пракопік успамінае, што здзяйснялі рачныя прагулкі ў Друскінінкай «папіць кавы».

«Гэты цеплаходзік — нязменны атрыбут Гродна майго дзяцінства [60-я гады ХХ стагоддзя, — заўв. Hrodna.life]», — кажа мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. — Яшчэ з дзіцячым садком на ім плавала". Марына распавяла, што ў іх сям'і традыцыя катання на цеплаходзе «Вольга Соламава» перадаецца з пакалення ў пакаленне. Фатаграфій з цеплаходам з 60-х у Марыны не захавалася: «Гэта сёння ўсе сябе фоткают». Але фатаграфія малодшага сына з аднакласнікамі і настаўніцай на цеплаходзе недзе ў сямейным архіве ёсць. «Пераемнасць пакаленняў. А цеплаходзік ўсё ходзіць».

Теплоход "Ольга Соломова" на реке Неман
Гродзенскія цеплаходы «Вольга Соламава» і «Віктар Усаў», 1975 год. Пасля распаду Саюза цеплаход «Віктар Усаў» прадалі ў Літву. Там караблю правялі капрамонт і далі іншае імя. Доўгі час ён катаў турыстаў у Друскінінкаі. Крыніца фота: oldgrodno.by

Па гучнасці спаборнічаў з бардамі

«Калі мы праводзілі „Зялёнку“ [фестываль бардаўскай песні „Зялёны гран-пры“, — заўв. Hrodna.life] яшчэ на Крэйдавых гарах, гэтая плывучая дыскатэка швартавалася насупраць і пачыналіся спаборніцтвы — хто каго перакрычыць», — успамінае прыгоды з цеплаходам Павал Салаўёў, паэт, музыка і адзін з арганізатараў фестывалю. Гэта ўспаміны з другой паловы 2010-х.

Теплоход "Ольга Соломова" на реке Неман
У 2016 годзе «Вольга Соламава» выглядала так. І замак на фоне быў яшчэ па-сапраўднаму Старым. Фота: uritsk.livejournal.com

Імя далі «па просьбах працоўных»

Імя Вольгі Соламавай, сакратаркі Гродзенскага падпольнага гаркама камсамола, прысвоілі караблю Пастановай № 54 Гродзенскага выканкама дэпутатаў працоўных і бюро Гродзенскага гаркама КПБ 5 красавіка 1966 года. Вядома, «улічваючы шматлікія пажаданні працоўных горада Гродна». Да гэтага часу цеплаход хадзіў па Нёмане пад нумарам ПТ-0171 і назвай «Мінск». Яго спусціла на ваду ў 1952 годзе. Капітальны рамонт цеплаход прайшоў у 2006.

Чытайце таксама:

Імя падпольшчыцы, дакладней, прозвішча, хутчэй за ўсё зменена, лічыць краязнаўца Андрэй Бароўскі. «Я займаўся генеалагічнымі пошукамі [у вёсцы Лаша, адкуль родам Вольга Соламава, — заўв. Hrodna.life]. Глядзеў гаспадарчыя кнігі ў сельсавеце. Соломовых там не было. Былі толькі Салама або Салома, з націскам на апошні склад».

Форма прозвішча «Соламава» верагодней за ўсё з’явілася пасля партыйнай вучобы ў Маскве, куды Вольгу накіравалі перад закідваннем на партызанскую працу, лічыць Бароўскі. Такое ж прозвішча насіў пасля вайны і брат загінулай падпольшчыцы, Міхаіл Соламаў. У Гродне ён працаваў інспектарам гарадскога аддзела народнай адукацыі і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.

Куды не патрапіць гродзенскі цеплаход

Далёкія рэйсы па Нёмане перасталі прыносіць прыбытак параходству яшчэ з сярэдзіны 60-х. Пацясніла рачны транспарт актыўнае будаўніцтва аўтамабільных дарог.

Начальнік Нёманскага эксплуатацыйнага ўчастка Рудакоў пісаў у 1964 годзе кіраўніцтву вобласці з просьбай пакінуць прыгарадныя пасажырскія рэйсы толькі на перыяд з траўня па верасень. «Праз развіццё аўтобусных перавозак прыток пасажыраў на раку ўвесь час падае, асабліва ў вясновыя і восеньскія месяцы. Толькі летам, дзякуючы турыстам і людзям, праца крыху ажыўляецца… Праз такую малую загружанасць Нёманскі эксплуатацыйны ўчастак нясе страты. У 1964 г. страты ад работы пасажырскага цеплахода на лініі Гродна-Друскенікі склалі каля 5 тыс. руб.»

З 2008-га перашкодай рачному суднаходству стала Гродзенская ГРЭС. Суднаходны шлюз там не прадугледжаны — вышэй па Нёмане цеплаход прайсці не можа. Некалькі гадоў таму «Вольга Соламава» катала гараджан і турыстаў да Аўгустоўскага канала. Цяпер такіх рэйсаў не прапануюць. Але гадзінная прагулка па Нёмане ўсё яшчэ магчымая.

Теплоход "Ольга Соломова" на реке Неман
Правы бераг Нёмана з борта цеплахода «Вольга Соламава»

Чытайце таксама:

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.