Нядаўна прачытала, што адну з першых у Еўропе партрэтных галерэй стварыў у ХV стагоддзі італьянец Федэрыка дэ Монтэфельтра ў горадзе Урбіна, сабраўшы ў сваім палацца выявы знакамітых мужоў старажытнасці, якіх успрымаў своеасаблівай гістарычнай сям’ёй. Сярод іх герцаг змясціў партрэт свой і свайго сына як духоўных нашчадкаў гэтых выдатных людзей.

Я падумала — а выявы каго я змагла б памясціць у такую ўмоўную галерэю, хто мог бы быць маёй сям’ёй у шырокім светапоглядным сэнсе? У першую чаргу, вядома, я магу назваць сваю рэальную сям’ю, сваіх родных і блізкіх людзей, якія з’яўляюцца самымі дарагімі на гэтым свеце.

Конкурс эсэ «Мая сям’я» абвясціў у студзені 2021 года гродзенскі Універсітэт Залатога Веку. Пераможцаў узнагародзілі 6 траўня на «Жывой бібліятэцы». Першае месца заняла Марына Загідуліна. Публікуем яе эсэ «Мая сям’я» на Hrodna.life.

Мама

Мая мама Марыя была прыгожая, мела выдатную фігуру, цяжкую доўгую касу, якую хутка абрэзала, і вельмі далікатны чысты твар са злегку ружаватымі шчочкамі, якія такімі заставаліся да канца жыцця. Яна не карысталася касметыкай, а толькі ў сталым узросце ўжывала крэмы ды час ад часу «на выхад» падфарбоўвала вейкі і вусны. Было ў ёй ад прыроды нешта арыстакратычнае, вытанчанае, што не набываецца, а захоўваецца ў крыві.

Навагрудак. Марына Загідуліна кветніку бабулі Марыі Шумскай. 1957 г.
Навагрудак. У кветніку бабулі Марыі Шумскай. 1957 г.

Яе мама Марыя Кулеш была праваслаўная беларуска, а бацька Міхаіл Шумскі паляк, які пад ўздзеяннем жонкі, мабыць, таксама стаў беларусам, хаця я гэтага не высвятляла. Мама нарадзілася яшчэ «пры Польшчы» у Навагрудку, і расла ў атачэнні старажытных рэалій: загадкавых вежаў замка, касцёлаў, цэркваў, у адной з якой бабуля тайна ад таты мяне ахрысціла.

Дзед Міхаіл меў «залатыя» рукі, усе мог змайстраваць, зарабляў на сям’ю будаўніцтвам дамоў у наваколлі, а бабуля займалася хатай, траімі дзецьмі. Мая мама была хваравітая, і яе не вельмі абцяжарвалі працай, таму яна мала што ўмела па гаспадарцы ці выштукоўванню розных традыцыйных страваў. Усё клалася на плечы старэйшай сястры і брата.

Сям’я здаўна мела многа зямлі, ды «пры саветах» абшар абрэзалі, пакінулі сад і агарод і пазней далі дзялку далёка ад дома, дзе садзілі бульбу. Я ў дзяцінстве, прыязджаючы на лета, разам са стрыечнымі сёстрамі дапамагала палоць бульбу, а высокі асот калоў рукі. Гэта было маім адзіным жыццёвым досведам у сельскай гаспадарцы.

Марына Загідуліна расказвае пра сваю сям'ю на "Жывой бібліятэцы" 6 траўня ў Гродне. Фота: uzv.by
Марына Загідуліна расказвае пра сваю сям’ю на «Жывой бібліятэцы» 6 траўня ў Гродне. Фота: uzv.by

Мама, як і ўсе мамы, мяне лячыла маленькую ад усіх дзіцячых хваробаў, што я прыносіла з дзіцячага сада. Яна не давала мне лекаў, а паласкала горла, парыла ў вадзе з гарчыцай у вялікай выварцы ногі, якія выглядалі пасля вельмі чырвонымі і зморшчанымі, і я баялася, што такімі застануцца. Дзейсным сродкам мама лічыла малако з маслам і з медам, піла і сама, каб паказаць прыклад, а пасля скардзілася, што ад гэтага малака стала набіраць вагу.

Яна старалася мяне заўсёды з дзяцінства прыгожа апранаць, хаця не заўседы былі грошы, але мы жылі ў доме побач з людзьмі з добрым дастаткам, і было сорамна выглядаць горш. Пазней, калі я была ўжо падлеткам, яна вучыла мяне з густам падбіраць адзенне, мець гарманічны знешні воблік. У магазінах у той час выбару адзення асабліва не было, але віселі якасныя замежныя тканіны. Калі я была ў старэйшых класах, а пасля студэнткай, у мамы з’явілася выдатная краўчыха, якая магла пашыць усе — ад паліто і да майго вясельнага ўбору, таму і я, і мама выглядалі заўсёды модна.

Святкаванне новага 1953 года. Мае бацькі Марыя Шумская і Аляксей Пяткевіч - студэнты філфака БДУ. Студэнцкі інтэрнат па вул. Свярдлова, Мінск
Святкаванне новага 1953 года. Мае бацькі Марыя Шумская і Аляксей Пяткевіч — студэнты філфака БДУ. Студэнцкі інтэрнат па вул. Свярдлова, Мінск

Нават калі мама адыйшла ў іншы свет, на пахаванні жанчыны ўспаміналі, якая яна была красуня, і як яны ва ўніверсітэце, дзе мама працавала, бегалі паглядзець, у якой новай сукенцы прыйшла Марыя Міхайлаўна.

Мама вельмі дапамагала з выхаваннем дзяцей. Пасля першага сына Аляксея я толькі год была ў дэкрэтным адпачынку, а яна таксама працавала, але прыбягала, каб папесціць дзіцятка, і сын называў яе «бабусенька». Пасля нараджэння другога сына Багдана я паўтары месяцы ляжала ў шпіталі, мама яго забрала дадому і з дапамогай маіх бацькі і мужа выходжвала маленькага.

Удзельніца "Жывой бібліятэкі" разглядае фота з сямейнага архіву Марыны Загідулінай. Фота: uzv.by
Удзельніца «Жывой бібліятэкі» разглядае фота з сямейнага архіву Марыны Загідулінай. Фота: uzv.by

А я ў той час яшчэ і набывала ў Мінску другую адукацыю, і, вядома, мамін удзел у даглядзе за дзецьмі быў неацэнны. Яна вучыла іх быць добрымі і спагадлівымі. І сімвалічна, што толькі адной з дзяўчын майго сына Багдана мама дазволіла прыйсці да сябе на свой апошні Новы год, і зараз Аня — мая нявестка і нарадзіла нам цудоўную чарнавокую Марыську.

Тата і яго бацькі

Першыя ўспаміны пра тату звязаны з кватэрай на Ажэшка ў Гродне, дзе мы жылі. Я маленькая хварэла і вельмі любіла, калі тата насіў мяне на руках. Я, помню, думала: няўжо будзе час, калі тата не будзе гэта рабіць? І мне ад гэтага станавілася вельмі сумна і хацелася плакаць.

Дом у Гродне па вул.Ажэшкі, 33, дзе мы жылі. 1958 г. Тут жыла Марына Загідуліна і бацькі, у тым ліку Аляксей Пяткевіч
Дом у Гродне па вул.Э.Ажэшкі, 33, дзе мы жылі. 1958 г.

З татам мы хадзілі ў гарадскі парк збіраць каштаны, жалуды, адмысловыя лісты двухсотгадовых рэдкіх дрэваў, пароды многіх з якіх тата ведаў і мяне экзаменаваў у вызначэнні гатункаў. І засталося ў памяці, што на алеях было шмат бэзу, магутных дубоў ды амерыканскіх кленаў з носікамі-прапелерамі.

Тата працаваў выкладчыкам і быў апрануты заўсёды элегантна: касцюмы, гальштукі, шэры макінтош, капялюш. І да сёння, хоць мае 90 гадоў, тата не змяніў стылю, бо дагэтуль з’яўляецца прафесарам універсітэта імя Я. Купалы і не можа дазволіць сабе вольнасці ў адзенні.

Тата быў для мяне заўседы крыніцай глыбокіх ведаў пра свет. Ён ведаў усё, пра што б я ні спытала: палітыка, футбол, гісторыя, сусветная геаграфія, рэлігійная музыка і шмат іншага. У малодшых класах пісаў са мной у сшытку палачкі і літары і дабіўся добрага ў мяне почырка. Ён хадзіў на школьныя сходы і дапамагаў ва ўроках, нават матэматыцы, а сам — гуманітарый.

Што датычыць літаратур усіх народаў свету, то не магу прыпомніць, каб тата не адказаў на якое-небудзь пытанне. А калі гаварыць пра беларускую літаратуру, то мне здаецца, што яго розум — проста энцыклапедыя любых падзей, самых падрабязных дэталяў жыцця, зместу твораў пісьменнікаў.

А колькі вершаў ён ведае на памяць! Своеасаблівай фішкай на розных гарадскіх імпрэзах з’яўляецца яго дэкламацыя разам з мілай гродзенскай літаратаркай твора Багдановіча «Скандынаўская песня» пра драматычнае каханне Інгебор і Аскара.

Чытайце таксама: Марына Загідуліна: За што я люблю Гродна

Тата — удумлівы даследчык беларускай літаратуры і культуры. На яго творчым рахунку 537 публікацый, сярод якіх 18 кніг. На працягу 63 гадоў працы ва ўніверсітэце выхаваў тысячы вучняў, прывіў ім асаблівую пашану да роднага краю. Беларускую свядомасць ён выхаваў і ўва мне, маіх дзецях, а зараз і ўнуках.

Калі мой старэйшы сын Алёша быў зусім маленькі, тата гуляў з ім непадалек ад дома. Сустрэў іх знакаміты гісторык прафесар Міхась Ткачоў і спытаў у дзіцяці: «Ты хто?» А сын, яшчэ кепска вымаўляючы літары, адказаў: «Белалус!», чым прывёў у захапленне абодвух мужчын. Яму ж тата выбраў і жонку Ірыну, дацэнта-філолага ўніверсітэта. А Аляксей — дацэнт-гісторык, на апошнім курсе ўніверсітэта быў прэзідэнцкім стыпендыятам. Беларускі клас скончыў мой малодшы сын, у беларускім класе вучыцца ўнук Адам.

Тата шмат што можа рабіць і рукамі. Ён нарадзіўся да вайны «пры Польшчы», перажыў з бацькамі ў сваім мястэчку на Міншчыне прыход «першых саветаў», немцаў, усталяванне савецкай улады. Яго бацька Міхаіл, які вучыўся ў гімназіі, быў адукаваным чалавекам. Ён добра ведаў рускую літаратуру, мог артыстычна распавядаць жыццёвыя гісторыі, вельмі прыгожа і граматна пісаў, цытаваў вершы, напрыклад, Я.Коласа. Ён меў добры слых, спяваў украінскя песні, любіў рускія «жорсткія рамансы». Здаецца, бачу, як дзед зацягвае: «Вот вспыхнуло утро, румянятся воды…». Ён таксама навучыў мяне песню па-польску «Za Niemen hen precz».

Дзядуля і бабуля Марыны Загідулінай Міхаіл і Антаніна Пяткевічы, 1928 г.
Мае дзядуля і бабуля Міхаіл і Антаніна Пяткевічы, 1928 г.

Іх хата з вялікай рускай печчу, звешанай бялюткімі фіранкамі з вышытымі на іх амаль галандскімі бытавымі сцэнамі, заўсёды адрознівалася чысцінёй і парадкам. Такая ж чысціня была ў адносінах паміж членамі сям'і. Яны ніколі не ўжывалі «брудных» слоў, і калі дзед ужо зусім кепска нешта рабіў, бабуля Антаніна дазваляла сабе сказаць: «Чалавек ты дурны…».

Летам мы з бацькамі часта сюды прыязджалі, хадзілі купацца на Нёман, які тут можна было перайсці ўброд, за грыбамі ў хвойнік, на таемнае замчышча, парослае вербамі, а таксама з «чортавым вокам» — возерам без дна, пра якое хадзілі легенды. Па вечарах усе садзіліся гуляць у карты «у тысячу», але мяне не бралі, я толькі назірала і так пасля някепска навучылася гуляць. Хадзілі па Коласаўскіх мясцінах, а ў добрае надвор’е высокія дрэвы Альбуці бачылі за Нёманам ад свайго берага.

Марына Загідуліна з мамай. На рэчцы ў Новым Свержні. 1958г.
З мамай. На рэчцы ў Новым Свержні. 1958 г.

Тата з ранняга дзяцінства быў апорай у сям'і, шмат дапамагаў па гаспадарцы: касіў, майстраваў, бо меў старэйшую сястру і намнога маладзейшых брата і сястру. З маленства і да заканчэння школы пасвіў на лугах каля Нёмана кароў, і там з ім здараліся часта самыя драматычныя пасля вайны ці смешныя прыгоды. Кош, сплецены тады татам, захоўваецца ў мяне сёння.

У дзедавай хаце мы, вялікая сям’я, нашчадкі маіх бабулі і дзеда, а таксама прадзеда і прабабкі, што спачываюць на мясцовых могілках, збіраемся кожным летам, і склад кожны раз іншы. Пакінулі нас абедзьве мае цёці, са старэйшых засталіся бацька і яго брат Барыс. А колькі кожны раз ужо новых малых дзяцей — не запомніць!

Калі быў маленькім мой старэйшы сын, я цяжка хварэла і пасля прыехала з ім у жніўні да бабулі з дзедам. Тут было спакойна, усе нас любілі, бабуля адпаіла мяне тады казіным малаком, якое прыносіла яшчэ «пушыстым». Тут мяне раптам «прабіла» на верш, хоць ніколі раней не пісала.

Хачу я ў Свержань – просіць сын малы…
Туды, дзе кружаць над ракой буслы,
Збіраючыся ў сумны шлях асенні.
Там кот Васюк цікуе мыш на сене,
Звініць ланцуг калодзежа ў двары.
Там чырванее гронкамі рабіна
Перад маленькім дзедавым акном…
Мы смутак свой і боль туды вязём,
Схаваць каб пад вялікі камень млына.
Прайшоўшы басанож па лугавіне,
Ачысціцца расою і дажджом.
Прыціхлі там на Замчышчы паданні.
І я, дарослая, у хваляванні
Шукаю бацькі маладога след
І бачу сцежку, па якой мой дзед
Бег да бабулі ўлетку на спатканне.

Навагрудак і Адам Міцкевіч

Маёй духоўнай сям’ёй былі і жыхары Навагрудка. Бацькі мае пажаніліся яшчэ студэнтамі філфака БДУ, пасля тату пакінулі ў аспірантуры, а мама па накіраванні прыехала настаўнічаць у Навагрудак, дзе я і нарадзілася, таму гэты горад мой родны. Праз тры гады мы пераехалі ў Гродна, але кожнае лета я прыязджала сюды да бабулі з дзедам і да любімых стрыечных сясцёр Люды і Лены.

Калі мы, малыя, прыгожа адзетыя хадзілі «у горад», у крамы на плошчу, кінатэатры «Радзіма», «Зорка», то не ўсведамлялі, вядома, усю велічнасць гэтай старажытнай сталіцы ВКЛ. Гэта быў проста «наш горад», «наш парк», «наш замак», «наша сажалка» побач з бальніцай. Каля замку былі Капец і дом Адама Міцкевіча, асобу якога я паступова асэнсоўвала. Калі стала дарослай, яго творчасць паляка-ліцвіна пранікла ў самую душу, бо блізкімі сталі чароўныя паданні пра знаёмую Свіцязь, якая са звычайнай ператварылася ў загадкавую. Не так краналі чыста гістарычныя сюжэты, як шляхецкія рэаліі «Пана Тадэвуша» у пазнавальных мясцовых звычаях, уборах, людскіх стасунках.

Уладзімір Мурахвер, "Навагрудак", 1960-я гг.
Уладзімір Мурахвер. Навагрудак. Пал., ал., 1960-я гг.

А своеасаблівую беларускую, але з польска-гебрэйскім ухілам атмасферу Навагрудчыны адчувала нават я, падлетак. У горадзе былі старыя жыдоўскія крамкі, тут гандляваў вядомы да вайны Бескін, рамантаваў абутак знакаміты Бяняш. Хадзілі да касцёла, у царкву. Усе суседкі называлі адна адну «пані», і гэтае «пані» пранесла я праз жыццё.

Гродна і Эліза Ажэшка

З самага маленства я любіла дом пісьменніцы ў Гродне, бо там, у абласной бібліятэцы, працавала мама. Захаваліся пакоі Ажэшкі на першым паверсе — незвычайныя, з прыгожай мэбляй, карцінамі, фігурным камінам, цяжкімі шторамі. Калі пані Эліза хварэла, брук каля яе дома заслалі сенам і саломай, каб не грукацелі колы. На пахаванне выйшлі сотні людзей. Несумненна, жыхары, як і я, шчыра захапляліся яе асобай, творчасцю.

Марына Загідуліна з мамай у чытальнай зале бібліятэкі Дома Ажэшкі
З мамай у чытальнай зале бібліятэкі Дома Ажэшкі

У маладосці я ледзь не плакала над узнеслым каханнем герояў рамана «Над Нёманам», рамантычнымі вобразамі ўдзельнікаў паўстання 1863 г. І хоць пазней я разумела пэўную меладраматычнасць сюжэта, але рэальнае існаванне магілы паўстанцаў, помніка Яну і Цэцыліі і сёння ўспрымаю сімвалічным для краю. Эмацыянальна тут дадаецца і мая любімая апошняя навэла Ажэшкі пра паўстанне «Gloria victis», дзе спяваецца слава пераможаным.

Гродна і Максім Багдановіч

Практычна ў адным узросце, але з розніцаю дзесьці ў 65 гадоў, мы з Максімам каталіся на санках з той самай горкі ў гарадскім парку Гродна. Гэта я вылічыла ўжо дарослая, калі пачала ўсведамляць усю глыбокую філасафічнасць, драматызм, узвышанасць яго паэзіі. Сотні крытыкаў напісалі пра яго артыкулы, у тым ліку і пра яго феномен авалодвання роднай мовай ў Расіі. Але кожны адкрывае яго для сябе сам. Вывучаючы ў школе, чытаючы для «настрою», я заўсёды была ўражана той эмацыянальнай напоўненасцю вобразаў паэта, прасякнутых шчымлівай адзінотай, няўладкаванасцю жыцця, настальгіяй па чысціні і душэўнаму святлу. Яго вершы так дзейнічаюць, што хочацца бегчы, знайсці нейкага гаротнага, як Максім, чалавека, абняць, дапамагчы. Але не бяжыш, не абдымаеш, і ад гэтага цяжка на сэрцы.

Асоба чалавека фарміруецца ў кантэксце рознапланавых сацыяльных адносін і ўздзеянняў, дзе найбольш важкай каштоўнасцю з’яўляецца твая родная сям’я. Але і іншыя, выдатныя і зусім звычайныя людзі тваёй зямлі, якія могуць скласці ўмоўную партрэтную галерэю роду, таксама робяць твой жыццёвы шлях больш маральна цэльным і грунтоўным.