Жаночых імёнаў на мапе Гродна знайшоўся роўна тузін — 12 з 778 вуліц горада названы ў гонар гістарычных гераінь. Мужчын, якіх уганаровалі ў назвах віліц, аказалася 200. Іроніяй лёсу, адзіная літара алфавіту, якой адпавядала аднолькавая колькасць жаночых і мужчынскіх прозвішчаў, аказалася «Х». Тут гендарны баланс забяспечвалі Багдан Хмяльніцкі і Вера Харужая. Кім былі жанчыны, чые імёны носяць гродзенскія вуліцы?

Частка з іх — ваенныя гераіні савецкага часу. Іх імёнамі, падобна, што згодна разнарадцы, называліся вуліцы ўсіх савецкіх гарадоў. У Гродне гэта дыверсантка Зоя Касмадзям’янская, партызанкі Вольга Соламава і Ліза Чайкіна, падпольшчыца Вера Харужая, лётчыцы Вольга Санфірава і Паліна Асіпенка.

Да сусветна вядомых жанчын, чыімі імёнамі ўганараваны вуліцы Гродна, адносяцца першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова і адна з пачынальніц жаночага руху ў свеце Роза Люксембург.

Тры вуліцы носяць імёны жанчын, што пакінулі значны след у літаратуры. Гэта пісьменніцы Эліза Ажэшка, Алаіза Пашкевіч (Цётка) і Зоф’я Налкоўская. Найноўшую гісторыю на мапе Гродна прадстаўляе харэографка танцавальнага ансамбля «Нёман» Ларыса Ляшэнка.

Гераіням беларускай гісторыі - Рагнедзе, Еўфрасіні Полацкай, Анастасіі Слуцкай, Барбары ці Уршулі Радзівіл, Эміліі Плятэр або Боне Сфорцы месца на гродзенскай мапе не знайшлося. Таксама «не дайшоў ход» да больш сучасных жанчын — першай і адзінай нобелеўскай лаўрэаткі з Беларусі Святланы Алексіевіч, сусветна вядомай спарстменкі Вольгі Корбут, што нарадзілася ў Гродне, ці паэткі Дануты Бічэль, што піша і працуе тут да сёння. А даць вуліцы імя хаця б адной з сотні гродзенскіх мацярок-гераінь, жанчын уганараваных беларускім «Ордэнам маці», то напэўна, і на думку нікому не прыходзіць.