Амаль 25 гадоў таму Гродзенскі гарвыканкам зацвердзіў размяшчэнне ў горадзе дзвюх мемарыяльных шыльдаў, прысвечаных паўстанню 1863−64 гадоў. Адну з іх павесілі на чыгуначным вакзале, а пра другую — на вуліцы Савецкай, 7 — забыліся. Чаму б цяпер мясцовай уладзе, напярэдаднi 155-годзя паўстання, не выканаць рашэнне 1993 года, якое ніхто не адмяняў?

Сёння Гродна ставіць перад сабой мэту максімальна прыцягваць турыстаў. Для гэтага ў горадзе адкрываюцца новыя кавярні, хостэлы, на вуліцах з’яўляюцца інфармацыйныя стэнды і нават помнік Давыду Гарадзенскаму хутка з’явіцца. Новая шыльда, прысвечаная паўстанцам і Кастусю Каліноўскаму, не была б лішняй. Каліноўскі - адна з найбольш знакавых фігур у гісторыі Беларусі, гэтую асобу ўшаноўваюць і паважаюць не толькі ў нас, але і ў суседніх краінах.

«Забыліся» гарадскія ўлады не толькі пра шыльду на Савецкай, але і пра помнік на той жа вуліцы. Ён павінен быў стаяць каля Дома прафсаюзаў, быў нават праведзены конкурс, але помнік так і не з’явіўся.

Помнік і шыльда пра якія "забыліся". Як 25 гадоў таму ў Гродне не ўшанавалі паўстанцаў
Дом прафсаюзаў на вуліцы Савецкай. Перад гэтым будынкам у пачатку 1990-х гарадскія ўлады павінны былі ўсталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму

Эскіз дошкі застаўся ў Панцялеева

У 1993 годзе вырабам мемарыяльных дошак займаўся гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.

«Адну маю дошку паўстанцам Каліноўскага мы ўсталявалі на чыгуначным вакзале, другую павінны былі ўсталяваць на Савецкай, 7, я нават распрацаваў адмысловы эскіз. Але тая другая, прысвечаную менавіта Каліноўскаму, засела на ўзгадненні ў аблвыканкаме і не была ўсталяваная. Праект быў недарагі, рабілі ўсё з дуба, бо на ліццё ў гарвыканкама на той час не было сродкаў. Эскіз гэтай шыльды ў мяне захаваўся дагэтуль і калі горад захоча, то я гатовы яго рэалізаваць».

Помнік і шыльда пра якія "забыліся". Як 25 гадоў таму ў Гродне не ўшанавалі паўстанцаў
Мемарыяльная дошка зробленая з дуба, прысвечана паўстанцам 1863−64 гадоў. Знаходзіцца каля чыгуначнага вакзалу. Аўтар Уладзімір Панцялееў

Трэба праходзіць усё нанова

Помнік Каліноўскаму для гарадскога бюджэта можа быць надта дарагі, а вось памятная шыльда шмат каштаваць не будзе. Ці можна яе павесіць на Савецкай, Hrodna.life запытаўся ў гарвыканкаме.

У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі расказалі, што выраб і размяшчэнне мемарыяльных шыльдаў сёння магчыма толькі згодна дзеючым заканадаўствам. Гэта значыць, мусіць быць заказчык-мецэнат і вызначаная крыніца фінансавання. Дакументы 1993 года былі ўзгодненыя тады, калі яшчэ не дзейнічала сённяшняе заканадаўства па ўстаноўцы мемарыяльных дошак. Сёння ўсе дакументы па шыльдах і помніках павінны праходзіць праз Міністэрства культуры.

Чаму на Савецкай, 7?

Дом № 7 вядомы тым, што ў кватэры Мілевіча адбываліся таемныя сустрэчы паўстанцаў у 1863 годзе. Тут неаднаразова бываў і сам Кастусь Каліноўскі.

«У гэтым доме была кватэра Ідэльфонса Мілевіча — удзельніка рэвалюцыйнай арганізацыі. Таксама тут жыў Сільвестровіч — начальнік гродзенскага павету, начальнік рэвалюцыйнага бюро Геніўш ды Талочка — намеснік ваяводскага Заблоцкага. Часам у гэтым доме адбываліся сустрэчы Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Канстанцін Каліноўскі», — кажа даследчык паўстання Алесь Кайрыс.

Гісторык узгадвае пра яшчэ адзін, не менш значны будынак на Савецкай, які памятае часы паўстання 1863−64 гадоў - гатэль Ромера (Савецкая, 23). Севярын Ромер разам з жонкай Тэадорай актыўна дапамагалі паўстанню. У красавіку 1863 году Ромер прымаў у сябе сход гродзенскай арганізацыі з нагоды размеркавання падаткаў на памешчыкаў. На сходзе таксама прысутнічаў Каліноўскі.

Гэта толькі два будынкі, вядомыя гісторыкам, дзе бываў Каліноўскі. Агулам будынкаў, звязаных з паўстаннем, у Гродне каля 15.

Помнік і шыльда пра якія "забыліся". Як 25 гадоў таму ў Гродне не ўшанавалі паўстанцаў
Дом № 7 пабудавалі ў XIX стагоддзі. Ён вядомы тым, што ў кватэры Мілевіч адбываліся таемныя сустрэчы паўстанцаў ў 1863 годзе. Тут неаднаразова бываў і сам Кастусь Каліноўскі.
Дом № 7 пабудавалі ў XIX стагоддзі, верагодна ён складаецца з дзвюх старых пабудоў. Гэты будынак вядомы тым, што ў кватэры Мілевіча адбываліся таемныя сустрэчы паўстанцаў ў 1863 годзе. Тут неаднаразова бываў і сам Кастусь Каліноўскі.«Шыльды безумоўна варта павесіць на сцены гэтых будынкаў, але куды важней было б адрадзіць справу з помнікам Каліноўскага, якую распачалі ў канцы 1980-х гадоў ЦК Кампартыі пры судзеянні Гродзенскага гарадскога выканкама», — дадаў Кайрыс.

Варта адзначыць, што аўтарам рашэнняў гарвыканкама на пачатку 1990-х аб дошцы Касцюшцы, аб помніку Вітаўту, дошкам паўстанцам i Каліноўскаму ў Гродне, быў тагачасны намеснік старшыні гарвыканкама, карэнны гродзенец Аляксандр Мілінкевіч.