Час постмадэрну ў гродзенскай архітэктуры супаў з пачаткам незалежнасці Беларусі. Разам з “нерушымым Саюзам” скончыўся і савецкі мадэрнізм, што трымаўся ад 50-х гадоў да канца 1980-х. Праз тое постмадэрнісцкай беларускай архітэктурай часта называюць усё, што створана ад пачатку 1990-х.

Цi пакінуў постмадэрн у Гродне хоць нешта вартае? Разгледзім узоры гродзенскай архітэктуры пачатку 2000-х

 У сусветным кантэксце постмадэрнізм характарызуецца вяртаннем да класічных архітэктурных элементаў. Пры гэтым яны пераасэнсоўваюцца ў іранічным ключы. Пабудовы чыстага постмадэрнізму гэта дзіўныя (часам вельмі дзіўныя) будынкi, дзе мудрагеліста змешваюцца гістарычная архітэктура і стылі эпохі мадэрну. Добрым прыкладам з’яўляецца будынак М2 ў Токіа архітэктара Кэнго Кумы.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

На думку некаторых спецыялістаў, перыяд постмадэрнізму ў архітэктуры ўжо скончыўся. Дэканструктывізм, хай-тэк, бія-тэк, блоб ды іншыя стылі часта выносяць за рамкі постмадэрнізму.

Гандлёвыя цэнтры «Old City» і «Trinity»

Архітэктар ГЦ Old City: кампанія “ИНРОС ЛАКНЕР БЛР”

Архітэктар ГЦ Trinity: Гедымінас Юравічус (Літва)

Сучасныя гандлёвыя цэнтры ўяўляюць сабой маштабныя архітэктурныя аб’екты. У іх будаўніцтве ўжываюць найноўшыя тэхналогіі, а для стварэння праектаў запрашаюць вядомых архітэктараў. Да прыкладу, сінгапурскі гандлёвы цэнтр «Бугiс Плюс» і японскі «Токіа Плаза» з’яўляюцца выбітнымі будынкамі сучаснай архітэктуры. Ёсць цікавыя ўзоры гандлёвых цэнтраў у Расіі: напрыклад, футурыстычны «Оз Молл» у Краснадары. У Беларусі гэтая індустрыя пакуль выглядае значна менш выдатна. Найбуйнейшыя гандлёвыя цэнтры краіны значна саступаюць па плошчы аналагам суседніх краін.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Самымі вялiкiмi гандлёвымі цэнтрамі Гродна з’яўляюцца «Олд Сіці» і «Трыніці». Апошні заяўлены яшчэ і ў якасці найбуйнейшага ў краіне. Бадзёры, каляровы фасад «Олд Сіці» падобны па стылістыцы да поп-арту, а ў комплексе «Трыніці» ёсць маштабны офiснiк у стылі хай-тэк. Але ўсё ж аўтары не змаглі стварыць нешта па-сапраўднаму значнае ў архітэктурным плане.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Унутры «Олд Сіці» ёсць крамы і нават цэлы стылізаваны фасад замка, складзеныя са старой цэглы. Гэта фармуе прыемную атмасферу ў духу гандлёвых галерэй XIX стагоддзя, але да сучаснай архітэктуры мае малое дачыненне. Пры гэтым фасады «Олд Сіці» не маюць ніякіх гістарычных адсылак. «Трыніці» значна больш буйны, але яшчэ больш сумны ў плане архітэктуры, хоць і зроблены з улікам сучасных архітэктурных тэндэнцый.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Такім чынам, абодва найбуйнейшыя гандлёвыя цэнтры горада ўяўляюць сабой адносна сучасную, але ўсё ж недастаткова яркую і арыгінальную архітэктуру.

Філармонія

Архітэктар: Алег Хазей

Рэканструкцыя будынка філармоніі зацягнулася на шмат гадоў. Гэта быў па-сапраўднаму маштабны і дарагі для горада праект. Дзе, як не на месцы старой філармоніі, павінен быў з’явіцца сапраўды цікавы архітэктурны аб’ект, выгадна размешчаны на ўласнай плошчы. Але паўтарыць поспех савецкіх дойлідаў, якія пабудавалі драмтэатр, не ўдалося. Ужо першыя праекты рэканструкцыі паказалі не самы выбітны ў архітэктурным плане будынак. Фінальны ж вынік быў яшчэ менш цікавым.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Бакавыя фасады філармоніі аздобленыя крывалінейнымі накладкамі ў вельмі модным стылі бія-тэк і глядзяцца адносна нядрэнна. Аднак у параўнанні з шэдэўрамі гэтага стылю, аўтарства выдатнага архітэктара Сант’яга Калатрава, гродзенскі аб’ект выглядае вельмі правінцыйна і сціпла. З боку цэнтральнага фасада вылучаецца аб’ём, што  уяўляе сабой стылізацыю пад сцэну і заслону. Аднак глядзіцца ён недастаткова вытанчана. Банальная віяланчэль на брылі яшчэ больш псуе ўражанне.

гродненская областная филармония
belsoftex.by

Самым слабым месцам з’яўляюцца выпнутыя над будынкам аб’ёмы. Па сутнасці, яны выпадаюць з агульнай кампазіцыі і не апрацаванны ў мастацкім сэнсе.

Агулам будынак не такi дрэнны: унутры размешчана адносна сучасная сцэна, ёсць некаторыя прыемныя рашэнні ў інтэр’еры. Але усё ж варта прызнаць – стварыць нешта сапраўды цікавае не ўдалося.

Будынак Альфа-Банка на Карла Маркса – найчысцейшы постмадэрнізм

Архітэктар: Аляксандр Штэн

Досыць яркі прыклад менавіта постмадэрнісцкага падыходу ў архітэктуры. Нагрувашчванне аб’ёмаў, як бы ўклінены элемент у стылістыцы дэканструктывізму, гуллівы завіток з краю будынка, якi адсылае да гістарычнай архітэктуры, і «замкавая» вежа з байніцамі і шпілем. Тут мае месца відавочнае пераасэнсаванне архітэктурнай спадчыны, вынік якога дастаткова гратэскавы. Гэта значыць, што будынак уяўляе сабой найчысцейшы архітэктурны постмадэрнізм. Пры гэтым пры будаўніцтве выкарыстоўвалі нядрэнныя матэрыялы.

альфа банк маркса гродно

Варта заўважыць, што архітэктар вельмі ўжо смела ўпісаў вежу ў скайлайн найважнейшай вуліцы гістарычнага цэнтра, а ў перспектыве на гэтым жа баку вуліцы павінна быць адноўленая важная вертыкаль – званіца манастыра брыгітак. Аднак сам па сабе будынак даволі цікавы.

Выставачная зала «ЗОВ» – сучасная архітэктура, за якую не сорамна

Архітэктар: прадукт уласнага праектнага бюро

Гэты досыць буйны аб’ект быў пабудаваны на ўскраіне горада і ўяўляе сабой цалкам удалы прыклад стылю хай-тэк: мяккія абрысы, прыемнае шкленне і спалучэнне аб’ёмаў. У выніку выставачны цэнтр фірмы «ЗОВ» глядзіцца, мабыць, адным з лепшых узораў хай-тэку ў горадзе. Нічога выбітнага ў ім, аднак, няма. Проста нармальная сучасная архітэктура, за якую не сорамна.

выставочный центр ЗОВ Гродно

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Офісны будынак на завулку Віленскім – хай-тэк з драўлянаю аздобай

Архітэктар: Натаніэль Макееў

Па форме гэта вельмі стандартны ўзор хай-тэку, просты і функцыянальны. Але будынак заключае ў сабе важную дэталь: гэты аб’ект аздоблены драўлянымі панэлямі прыемнага адценню.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Гэта дзіўны для Гродна ўзор архітэктуры, створаны ў выніку разумнага падыходу да распрацоўкі праекта. Будынак не толькі просты і прыемны з выгляду, але яшчэ і досыць добра ўпісаны ў архітэктурнае асяроддзе.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне
Візуалізацыя праекта. Як бачна, у працэсе будаўніцтва будынак крыху змяніў выгляд

Царква Раства Хрыстова на Дзевятоўцы – па матывах абарончых цэркваў ВКЛ

Архітэктар: Ежы Усціновіч (Беласток)

Мяркуючы па ўсім, царква з’яўляецца постмадэрнісцкім пераасэнсаваннем архітэктуры абаронных цэркваў ВКЛ. Яна нагадвае праваслаўны храм XVI стагоддзя ў Супраслі. Калі на будынак раптам не ўсталююць чужародныя для дадзенага рэгіёну цыбуліны, ён стане яшчэ цікавейшым. Пакуль што будоўля не скончана.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Касцёл і манастыр рэдэмптарыстаў на Дзевятоўцы – канструктывізм і постмадэрн

Архітэктар: Генрых Зубель

Храм пачаў будавацца ў 2000 годзе. У аснову быў закладзены камень з магілы самога святога Пятра, падораны папам рымскім. Зразумела, такі касцёл павінен быў стаць маштабным. Гэта самы буйны новы каталіцкі комплекс у Гродне. Ён выкананы з вельмі якасных матэрыялаў. Будынак мае нямала агульнага з ўзорамі канструктывізму, але велізарны крыж пад навесам галоўнага ўваходу надае храму аблічча характэрнае для архітэктуры постмадэрнізму. Арыгінальная трохкутная званіца ўвянчаная велізарным крыжам, які ззяе на сонцы. Ніжняя частка вежы аздоблена каменем і ўпрыгожана нішай са скульптурай Ісуса. Храм вельмі цікавы ў мастацкім сэнсе.

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Гібрыд брэжнеўкі і хай-тэку. Гайд па архітэктуры постмадэрну ў Гродне

Замест высноваў:  бюджэтаў няма, з густам туга, але вы трымайцеся

Найбольш значным творам архітэктуры перыяду незалежнасці ў Гродне пакуль з’яўляецца касцёл на Дзевятоўцы. Некаторыя ўзоры хай-тэку, кшталту будынку на Горкага, аздобленага дрэвам, робяць прыемнае ўражанне. Але ўсё ж эпоха незалежнай Беларусі пакуль не дала гораду ніводнага сапраўды выбітнага будынка, параўнальнага па ўзроўні з гродзенскім драмтэатрам, Каложай ці Фарным касцёлам.

Велізарная колькасць новых адміністрацыйных будынкаў нагадваюць прымітыўныя гібрыды брэжнеўскай ці нават хрушчоўскай архітэктуры і хай-тэку. Вінаваціць гродзенскіх архітэктараў у бесталаннасці няма прычынаў. Часцей за ўсё справа ў густах замоўцаў ды сціплых бюджэтах.

Будзем спадзявацца, што архітэктурныя шэдэўры для Гродна яшчэ наперадзе. Трэба ж верыць у лепшае.


Чытайце таксама: Прыгожа ці пачварна? Гід па архітэктуры савецкага мадэрнізму ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life