Гродна вядомы як горад, якi захаваў ансамбль старадаўніх будынкаў гістарычнага цэнтра. Касцёлы і цэрквы, замкі, палацы і шэраговая забудова XIX-XX стагоддзяў - вось галоўныя архітэктурныя разыначкі горада. Аднак побач існуе і зусім іншая забудова — будынкі эпохі Хрушчова і Брэжнева.

Гэта пабудовы перыяду савецкага архітэктурнага мадэрнізму. У Гродне, як і ў многіх гарадах былога СССР, іх нямала. Якія гродзенскія аб’екты гэтага стылю заслугоўваюць увагі?

Ад пераймання класікі да натхнення бруталізмам

Пачаткам савецкага архітэктурнага мадэрнізму звычайна лічыцца пастанова ЦК КПСС ад 4 лістапада 1955 года «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве». Яна скончыла эпоху сталінскай неакласічнай архітэктуры. На змену прыйшлі больш строгія будынкi з больш стрыманым дэкорам.

Перайманне класічных архітэктурных стыляў змянілася пошукам новых формаў. Гэтыя формы былі знойдзеныя савецкімі дойлідамі на Захадзе. Адным з асноўных узораў паслужыла творчасць французскага піянера новай архітэктуры Ле Карбюзье — бацькі так званага бруталiзму. Менавіта гэтаму стылю савецкая архітэктура таго перыяду абавязаная сваімі цяжкімі формамі і аскетычнымi бетоннымі плоскасцямі.

Дзякуючы таму, што менавіта заходні стыль бруталiзму ляжаў у аснове савецкага мадэрнізму, часцяком савецкія будынкi другой паловы XX стагоддзя называюць савецкім бруталiзмам. Аднак у рамках мадэрнізму выкарыстоўваліся і элементы іншых стыляў, да прыкладу, функцыяналізму і футурызму.

Акрамя таго, савецкія дойліды не адмаўляліся цалкам ад дэкору, нярэдка ўпрыгожваючы свае будынкі творамі савецкіх скульптараў той эпохі. Падобны падыход не быў характэрны для дойлідаў бруталiзму на Захадзе.

Такім чынам, савецкім мадэрнізмам называецца архітэктура розных, хоць і роднасных, стыляў, якая характарызуюцца адмовай ад капіявання класічнай спадчыны, і створаная ў перыяд ад згасання стылю сталінскага ампіру ў 50-х, да самага развалу СССР у 90-х.

Што з сябе ўяўляюць некаторыя найбольш значныя будынкі гэтага напрамку ў Гродне?

Гарвыканкам

Год пабудовы: 1971

Архітэктар: Давыдзёнак

Будынак гаркама КПБ. Несіметрычныя цяжкія фасады, аздобленыя так званай каменнай тынкоўкай, выглядаюць змрочнымі і мала выразнымі. Аднак будынак выгадна адрозніваецца ад суседняга аблвыканкама меншым маштабам і, адпаведна, менш цісне на гістарычную забудову навокал плошчы Леніна.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, гарвыканкам
Фота: st-roll.ru

Цэнтральны рынак

Год пабудовы: 1976

Архітэктары: Шаціла, Беднарскі

Даволі цікавы будынак, аблічча якога нясе ў сабе рысы архітэктуры неафутурызму. Акрамя таго, рынак яшчэ і ўдала размешчаны, непадалёк ад краю ўзвышша. Ён нагадвае адначасова кітайскі храм і фантастычны касмічны карабель. І ўсё ж праекту не хапае выразнасці і арыгінальнасці.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, Скідзельскі рынак у Гродне

Палац піянераў

Год пабудовы: 1975

Архітэктар: Еўдакімаў

Будынак быў адаптаваы да складанага рэльефу мясцовасці. Шырокія лесвіцы і тэрасы вакол аб’екта глядзяцца ці не больш цікава за сам палац. Будынак упрыгожвае чаканка — справа рук савецкіх майстроў. Такі дэкор быў цалкам характэрны для савецкага мадэрнізму і пры гэтым рэдка сустракаўся ў заходняй архітэктуры гэтага перыяду. У цэлым гэта цалкам стандартны праект савецкай архітэктуры.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, Палац піянераў

Савецкі «офiснiк» на Горкага

Год пабудовы: 1982

Архітэктар: Еўдакімаў

Будынак «Аблсельбуду». Цяжкія прастакутныя аб’ёмы падапёртыя квадратнымі калонамі, ячэістыя фасады ў стылі створанага Ле Карбюзье яшчэ ў 1952 годзе «Марсельскага дома» — усё гэта робіць будынак яркім узорам архітэктуры мадэрнізму.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, Аблсельбуд
Фота: yandex.by/maps

Дом навукі і тэхнікі

Год пабудовы: 1984

Архітэктары: Бажко, Праабражэнскі

Цяжкі, маналітны аб’ём, з’яўляецца прыкладам магутнага архітэктурнага бруталiзма ў рамках мадэрнісцкай архітэктуры СССР. Верхні ярус аздоблены фігурным бетонам, што яшчэ больш абцяжарвае будынак. Тут савецкі бруталiзм выявіўся дастаткова ярка, хоць Дом навукі і тэхнікі быў пабудаваны ў позні перыяд развіцця архітэктуры савецкага мадэрнізму. Да таго часу бруталiзм ва ўсім свеце згубіў ранейшыя высокія пазіцыі.

Гасцініца «Гродна» і кінатэатр «Кастрычнік»

Год пабудовы гасцініцы: 1985

Архітэктары: Патапаў, Папоў, Еўдакімаў, Раманаў

Год пабудовы кінатэатра: 1987

Архітэктары: Еўдакімаў, Вiльчко, Шапавалаў

Абодва будынкi адносяцца да позняга перыяду савецкага мадэрнізму. Яны звязаны ў адзіны архітэктурны комплекс. Высокi будынак гасцініцы прымыкае да кінатэатра, які з’яўляецца вельмі нядрэнным прыкладам мадэрнізму, падобным да архітэктуры заходніх узораў, да прыкладу, Каралеўскага нацыянальнага тэатра ў Лондане.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, Гасцініца Гродна і кінатэатр Кастрычнік

Драмтэатр

Год пабудовы: 1984

Архітэктар: Мачульскі

Вяршыняй савецкага мадэрнізму ў Гродне безумоўна з’яўляецца будынак драмтэатра. Астатнія мадэрнісцкія аб’екты гэтага спісу маюць сярэдні мастацкі ўзровень, але тэатр безумоўна выбітны прыклад архітэктуры СССР другой паловы XX стагоддзя. Будынак і сёння працягвае заставацца найлепшым узорам архітэктуры Гродна XX і XXI стагоддзяў.

драмтеатр
Фота: grodnonews.by
Тэатр мае рысы неафутурызму і структурнага экспрэсіянізму, а не толькі вельмі характэрнага для савецкай архітэктуры бруталiзму. Круглявыя абрысы ў стылі вялікага бразільскага архітэктара Оскара Нiмейра надаюць будынку вытанчанасць.

Тэатр выключна маляўнічы. Дастаткова літаральна некалькіх рысак алоўкам на паперы, каб стварыць пазнавальны вобраз гэтага аб’екта. Таму не дзiўна, што драмтэатр так любяць дызайнеры, якія змяшчаюць яго стылізаваныя выявы на сувенірную прадукцыю гродзенскай тэматыкі.

Архітэктура савецкага мадэрнізму, драмтэатр
Фота: drama.grodno.by
Перад уваходам у будынак усталяваная гіганцкая скульптура Пегаса, аўтарам якой з’яўляецца выбітны скульптар Зільбер. Асабліва выйгрышна тэатр глядзіцца з боку бернардынскага касцёла і лесвіцы вядучай да будынка былога кармеліцкага касцёла («Прыёрбанк»). З левага боку Нёмана аб’ект выглядае некалькі больш цяжка і чужародна ў архітэктурным асяроддзі горада, але ўсё роўна не губляе мастацкай выразнасці.
Фота: photoclub.by
Гродзенскі драмтэатр з’яўляецца адным з самых значных помнікаў усяго савецкага мадэрнізму і адным з найлепшых узораў архітэктуры мадэрнізму ва Усходняй Еўропе. Будынак тэатра даўно ацэнены па заслугах спецыялістамі і ўключаны ў розныя рэйтынгі мадэрнісцкай архітэктуры.

Дарэчы, не ўсе гродзенцы ведаюць, што драмтэатр мае і свайго «малодшага брата». У 1987 годзе аб’яднанне «Гiпротэатр», што будавала галоўную тэатральную пляцоўку Гродна, стварыла падобны будынак у Ноўгарадзе. Але наўгародскі аб’ект выйшаў менш цэльным і больш гратэскным. У яго архітэктуры ўжо выразна адчуваўся ўплыў стылістыкі постмадэрнізму. Тым не менш сярод рускіх спецыялістаў ён лічыцца шэдэўрам савецкай архітэктуры.

Вынікi

Нягледзячы на несумненную каштоўнасць некаторых узораў архітэктуры савецкага мадэрнізму, абывацелю звычайна складана ацаніць гэтыя будынкі па заслугах. Нават такі выдатны прыклад архітэктуры XX стагоддзя, як гродзенскі драмтэатр, нярэдка атрымлівае негатыўныя ацэнкі.

Няма сумненняў, што архітэктурная спадчына перыяду мадэрнізму павінна пазіцыянавацца ў грамадскай свядомасці як каштоўная частка агульнага архітэктурнага пейзажу Беларусі, у якім гэтыя будынкі безумоўна займаюць бачнае месца. Што тычыцца канкрэтна Гродна, то яго калекцыя мадэрнісцкіх будынкаў выглядае вельмі нядрэнна і заключае ў сабе самую сапраўдную пярлiну — будынак драмтэатра. А гэта значыць, у гродзенцаў ёсць магчымасць з гонарам дэманстраваць гасцям горада і гэтую праслойку цікавай гарадской архітэктуры.


Дзесяць страчаных аб’ектаў, якія маглі б стаць «фішкай» турыстычнага Гродна

Варшаву хочуць ачысціць ад савецкай спадчыны і «беларускага духу»

Эскізы будучых пабудоў і гродзенскі Стоўнхэндж: выстава архітэктурных работ Аляксандра Штэна адкрылася ў «Фестывальным»

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life