1961 год быў дзіўным у гісторыі ўсяго СССР і Гродна ў прыватнасці. Палёт у космас Юрыя Гагарына быў трыумфам савецкай навукі ды стаў сімвалічнай вяршыняй паслясталінскай адлігі, калі, здаецца, назаўсёды перамагло спадзяванне на тое, што змрочныя часы рэпрэсій ніколі не вернуцца.
Час і праўда быў дзіўны. У крамах людзі разлічваліся новымі грашыма, абмяркоўвалі палёт Гагарына, давалі абяцанкі новаму ХХІІ з’езду партыі. Але ўжо быў вынесены прыгавор старажытнай гродзенскай Фары Вітаўта, а з пастаментаў на гродзенцаў па-ранейшаму кідаў вокам Іосіф Вісарыёнавіч.
Сталін у Гродне быў паўсюль
Яго помнікі былі не толькі на плошчах (Прывакзальнай, да вайны на Савецкай), але і ў парках (сучасны парк Жылібера), скверах (на Савецкай вуліцы ды на скрыжаванні Леніна і Будзённага) і на прадпрыемствах (перад тэкстыльным камбінатам). Трымалі Сталіна ў музеі, бібліятэцы, некаторых школах. І нават на вялікім франтоне Новага замка, які быў тады абкамам камуністычнай партыі, у атачэнні бетонных сцягоў таксама красаваліся профілі Сталіна ды Леніна.

Калі правадыр памёр – то яго помнікі сталі месцамі ўсенароднага жалю. Тут гаварылі прамовы і аплаквалі правадыра. Тут усё завалілі вянкамі з жалобнымі стужкамі, на якіх шматлікія калектывы выказвалі сваю “скорбь” з нагоды смерці “самага чалавечнага з усіх людзей”.
Вуліцы Сталіна ніколі не было
Трэба сказаць, што гродзенская сталініяна так і не папоўнілася ніякімі цікавымі аб’ектамі. Здаецца, што ўзвядзенне грандыёзнага бронзавага помніка адклалі на час, калі будуць пабудаваны прыгожыя шматпавярховікі ды праспекты. Тады, мабыць, планавалі і назваць імем Сталіна які новы праспект, бо вуліцы Сталіна ў Гродне так ніколі і не было.
Чытайце таксама: Пазбавіцца дэманаў рэвалюцыі: з якіх вуліц трэба пачаць перайменаванне ў Гродне
Але ў выніку пабудавалі толькі шмат пафарбаваных гіпсавых манументаў на арматурным шкілеце. Тут дапамагла правінцыйная запушчанасць Гродна і вечны недахоп грошай для такіх гарадоў. Усе сродкі рэспубліка кідала на шыкоўныя новабуды Мінска.

Леніну было непрыемна ляжаць побач
І вось ХХІІ з’езд партыі прыняў рашэнне ўзмацніць меры па барацьбе з культам асобы Сталіна. Дэлегатка з’езда з амаль 60-гадовым стажам Лазуркіна заявіла, што напярэдадні раілася з Уладзімірам Ільічом Леніным, які “стаяў перад ёй як жывы” і сказаў, што яму непрыемна ляжаць у маўзалеі разам са Сталіным, які столькі ў сваім жыцці набедакурыў.
Толькі скончыўся з’езд, а Сталіна ўжо дасталі з маўзалея, зрэзалі з кіцеля залатыя гузікі (не прападаць дабру) і закапалі яго пад крамлёўскай сцяной. Пачалося здыманне помнікаў “найвялікшаму сябру дзяцей” па ўсёй вялізарнай краіне.
Пра дэмантаж помнікаў ходзяць легенды
У тыя лістападаўскія дні 1961 года (акурат 65 гадоў таму) зніклі тысячы Сталінаў. Пра пагібель гродзенскіх правадыроў засталіся толькі апокрыфы. Быццам Сталіна з Савецкай вуліцы ўкінулі ў яму, выкапаную проста на месцы былога помніка. Праз некалькі год там паўстаў помнік маршалу Сакалоўскаму.
Аднаго Сталіна адвезлі на форт №13 гродзенскай крэпасці, дзе ён праляжаў у рове добрых дваццаць гадоў, аж пакуль не быў закапаны, бо разняволены народ пачаў занадта актыўна яго фатаграфаваць.
Чытайце таксама: Каб з гвалтаўніка і забойцы не зрабілі героя. Чаму ў Гродне чым хутчэй трэба паставіць помнік Стэфану Баторыю
Хадзілі таксама легенды, што аднаго правадыра ўкінулі ў Нёман і яго можна было нават пабачыць з лодкі, пакуль гіпсавы твар не з’ела вада.
Мабыць самую вялікую праблему ўлады мелі з правадыром з парка, бо прыйшлося разам са Сталіным знішчыць і Леніна, які сядзеў на лаве побач.

Загадка франтону Новага замка
Адначасова атрымалі заданне прыбраць Сталіна і ўсе гарадскія ўстановы. Жалобныя стужкі выкінулі, а помнікі паздымалі з прахадных і паставілі глыбока ў падсобках. Працэдура была для гродзенцаў ужо звычайная, паколькі знішчаць плакаты ды кнігі здраднікаў народа прыходзілася ўвесь час – ці тое “ворагаў” з Ленінграда, ці тое Лаўрэнція Берыю, які аддана тых ворагаў нішчыў.
Прыбралі Сталіна і з франтона Новага Замка. І вось ужо больш за паўстагоддзя там красуецца герб СССР. Але ўдумлівы чалавек заўважыць неадпаведнасць. Сцягоў у абрамленні герба 16, а стужак на самым гербе 15! Між тым, і тыя і тыя павінны былі сімвалізаваць саюзныя рэспублікі СССР. А неадпаведнасць існуе таму, што ў 1952 г., калі франтон скончылі, было 16 рэспублік, а ў 1961 г., калі прырабілі герб замест Сталіна, засталося толькі 15 (Карэла-Фінская ССР ужо стала аўтаноміяй у складзе Расіі). Такі вось напамін пра дэсталінізацыю ў Гродне.
Вось так скончыўся кароткі сталінскі эпізод у гісторыі Гродна. Прыйшоў час Леніных, праўда, таксама гіпсавых ды бетонных. Бронзавага Леніна работы Заіра Азгура паставілі толькі напярэдадні развалу СССР.



