У расійскім Арле з’явіўся помнік першаму расійскаму цару Івану IV, які ўвайшоў у гісторыю як Іван Грозны. Гэта для нас знак, што чым хутчэй трэба ставіць у Гродне помнік Стэфану Баторыю — каралю, якога любілі і шанавалі, і які на дзесяцігоддзі наперад спыніў небяспеку з боку агрэсіўнай Масковіі.

Яго добра ведаюць і памятаюць, але нават у часы Расійскай Імперыі помнік яму так нідзе і не з’явіўся. Кажуць, прапанавалі паставіць недзе ў Ноўгарадзе, але праект не падпісаў імператар Мікалай І.

Помнік Івану Грознаму ў Арле
Помнік Івану Грознаму ў Арле
Для Раманавых Іван Грозны быў сімвалам выгасання дынастыі Рурыкавічаў, якую ён сам знішчыў, забіўшы свайго сына, чалавекам, які прайграў паспяхова пачатыя войны, забіў будучага праваслаўнага святога мітрапаліта Філіпа Колычава.

Помнік не велічы краіны, а знішчэнню правоў асобы

Сёння ж у Расіі з’явіўся бадай першы ў гісторыі гэтай краіны паўнавартасны помнік гэтаму цару. Розныя мясцовыя «актывісты» па Расіі пачалі ўзводзіць помнікі і другому вялікаму кіраўніку — Іосіфу Сталіну. Матывацыя прыхільнікаў цара ды камуністычнага правадыра прыкладна аднолькавая. Іван Грозны ў два разы пашырыў межы Масковіі, Іосіф Сталін зрабіў Расію сусветнай звыхдзяржавай. А тое, што іх дзяржавы разляцеліся ў прах — не іх віна, гэта віна іх наступнікаў, якія не змаглі вытрымаць адпаведную лінію.

Адсюль лагічны вынік, які можна зрабіць: помнікі, якія ставяцца адданымі прыхільнікамі Грознаму ды Сталіну — гэта не помнікі канкрэтным асобам. Гэта помнікі спецыфічна і нялюдзка асэнсаванай велічы Расіі таго часу!

[irp posts="48″ name="У бітвах за Імперыю. Як гродзенцы змагаліся і гінулі за «русский мир""]

Паводле абаронцаў сваіх дыктарараў, — толькі тады Расія была велічнай, калі ў ёй нішчыліся правы асобы да такой ступені, што чалавек пераўтвараўся ў вінцік у руках улады. Мабыць, і цяпер яны хацелі б бачыць Расію такой.

«Цывілізацыйная місія» Грознага

Што ж прынёс Іван Грозны беларусам? Што прынёс ён суседнім народам ды ўласна расіянам? Мы атрымалі ад цара жудасную вайну, пікам якой стала акупацыя Полацка ў 1563 годзе. Былі выразаныя полацкія манахі дамінікане і бернардзінцы, мясцовым яўрэям сказалі хрысіцца ў праваслаўе, тых, хто адмовіліся, пусцілі пад лёд Заходняй Дзвіны. Ад 15 да 60 тысяч жыхароў Полаччыны выгналі ў палон.

Менавіта пры Іване Грозным Масковія пачала маштабныя захопніцкія войны. Была захоплена Казань, заняты Урал, знішчана насельніцтва многіх гарадоў Прыбалтыкі. У расійскай прапагандзе гэтыя падзеі падаюцца як чарговае «прарубанне Расіяй вакна ў Еўропу» або як цывілізацыйная місія ў дачыненні да татар, башкір, комі-пермякоў, чувашоў, мардвы ды іншых навакольных народаў. Але што з той «цывілізацыі» для дзясяткаў народаў, якіх паняволілі ды пачалі прымусова русіфікаваць.

Варылі людзей у катлах, адразалі па кавалку

Што запомнілі пра Івана Грознага расіяне. У 1569−1570 гг. цар здзейсніў паход на Ноўгарад канчаткова знішчыўшы нават намёк на былую веліч гэтага слаўнага горада. Наўгародцаў забівалі спецыяльнымі малаткамі, разрывалі кляшчамі, адсякалі галовы забіўшы больш за 15 тысяч чалавек.

Некаторых наўгародцаў прывезлі ў Маскву, але масквічы так баяліся свайго цара і ягоных апрычнікаў, што на пакаранне іх прыйшлося зганяць сілай. Прыгавораных варылі ў катлах з кіпнем, марудна забівалі, адразаючы кавалкі. Цар асабіста забіў аднаго чалавека.

Іван Грозны паступова перабіў усіх набліжаных да сябе баяр і сваю радню, часта куды больш адэкватную за самаго цара. Пры чым цар забіваў не толькі мужчын. Напрыклад, пасля таго як баярына Фунікава зварылі ў кіпні, цар згвалтаваў яго жонку, а 15-гадову дачку аддаў на згвалтаванне апрычнікам. 80 баярскіх жонаў утапілі ў зімняй рацэ.

Воін, які ўбярог ад жахаў

Пералік гвалтаў цара-пачвары можа заняць не адну старонку. Мы ж скажам некалькі словаў пра чалавека, цесна звязанага з нашым горадам, які перашкодзіў захопніцкім планам Івана Грознага, убярог ад яго сваю дзяржаву. Гэта кароль Польшчы і Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторы.

Стэфан Баторый ды Іван Грозны. Розніцу характараў бачна па тварах
Стэфан Баторый ды Іван Грозны. Розніцу характараў бачна па тварах
Баторы, народжаны ў Трансільваніі венгр, усё жыццё быў воінам. Ён, зразумела, і блізка не быў дэмакратам у сучасным разуменні слова, але Рэч Паспалітая ў яго часы была дзяржавай, дзе паважалі і правы каралеўскіх падданых (не толькі шляхты, але і гараджан), панавала рэлігійная цярпімасць ды бурліва развівалася эканоміка.
Ян Матэйка, "Баторый пад Псковам"
Ян Матэйка, «Баторый пад Псковам»
Адбіўшы Полацк ад Івана Грознага ў 1579 годзе ды аблажыўшы Пскоў, Стэфан Баторый выбіў клыкі вельмі небяспечнаму ворагу. Менавіта перамогі Стэфана Баторыя на некалькі дзесяцігоддзяў, бо аж да 1630-х гг., адсунулі небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы. А Іван Грозны спачатку не лічыў Стэфана Баторыя сур’ёзным супернікам, паблажіва звяртаючыся да яго «Ты, сусед!», хаця кіраўнікі традыцыйна звярталіся да роўных сабе — «Брат».

«Адметны пан»

Баторый вельмі любіў Гродна. Будучы каралём ён правёў у Гродне больш часу, чым у Вільні ды Кракаве. Менавіта ён загадаў пабудаваць прыгожы каралеўскі замак, узвесці з камня Фару Вітаўта, дазволіў гродзенскім яўрэям пабудаваць сабе мураваную сінагогу. Ён быў абсалютна талерантны ў дачыненні і да праваслаўнай царквы, даючы толькі на гродзенскія праваслаўныя святыні дзясяткі тысяч злотых.

Помнік Баторыю ў Будапешце
Помнік Баторыю ў Будапешце
Гродзенцы ганарыліся каралём. Калі Стэфан Баторый праязжаў па вуліцы Замкавай са свайго палаца на службу ў касцёл, людзі не ўцякалі ад яго, а з павагай назіралі за каралём. Адзін нямецкі вандроўнік напісаў:

…я бачыў у Горадні яго вялікасць польскага кароля Стэфана, калі той ехаў на кані ад замку да храму. Гэта адметны пан між асобаў, таксама высокіх i моцных, так што сярод многіх подобных не знайсці і не ўгледзець яшчэ такога. На ім адзенне, упрыгожанае згодна з мясцовымі звычаямі, i невялікая польская шапка, на якой носіць густы салтан з чорных чапліных пёраў.

Kалі ён так едзе, то выглядае трыюмфальна, велічна і шыкоўна. Перад ім i за ім рухаецца мноства дзяржаўных людзей, рыцараў i шляхцічаў, побач яго гвардзейцы, якія адзін ля другога стаяць па абодва бакі вуліцы ад замку да храму. Гэта ягоныя гусары і гайдукі, народ магутны і злы.

Імя Баторыя носіць адна з польскіх танкавых дывізій
Імя Баторыя носіць адна з польскіх танкавых дывізій
pazdziernik2014

Ці мы саромеемся свайго караля?

Кароль жыў для Рэчы Паспалітай, шанаваў Бога, памятаў пра родную Трансільванію, любіў Гродна, пакінуўшы па завяшчанню для нашага горада 30 тысяч сярэбраных манет.

Дык чаму мы дасюль так саромеемся свайго караля, што дасюль не паставілі яму на глоўнай плошчы горада помнік і не вярнулі плошчы яго імя?! Хіба ж не зразумела, што калі не будзем шанаваць сваіх герояў, то да нас прыцягнуць якога-небудзь Івана Грознага і пачнуць выстаўляць гэтага гвалтаўніка і забойцу сапраўдным героем!

Помнік Баторыю ў Глівіцах
Помнік Баторыю ў Глівіцах

Помнічак Стэфану Баторыю ў гродзенскім Фарным касцёле. Занадта сціплы ў параўнанні з тым, што зрабіў для нашага горада кароль
Помнічак Стэфану Баторыю ў гродзенскім Фарным касцёле. Занадта сціплы ў параўнанні з тым, што зрабіў для нашага горада кароль