Дадаць навіну
Чацвер, 19 ліпеня 2018, 10:11

«Уяўляеш сябе вікінгам». Як мы плылі па Нёману на баявой ладдзі X стагоддзя

Ляддзю, зробленую паводле старых чарцяжоў, упершыню спусцілі на Нёман 8 ліпеня. Гэтак скончыліся два гады, якія заняў рэканструктару Андрэю Блажэвічу шлях да яго мэты. Разам са сваёй камандай хлопец праплыў па рацэ каля 15 кіламетраў ад Гродзенскай ГЭС да ўрочышча Пышкі.

З ранняга дзяцінства Андрэй захапляецца гісторыяй. Мара пабудаваць уласны карабель не пакідала яго ніколі. Летам 2016 года гродзенец адважыўся рэалізаваць даўнюю ідэю і ўзяўся за будаўніцтва сярэднявечнай ладдзі, як у вікінгаў. Амаль увесь свой вольны час на працягу двух гадоў Андрэй праводзіў у вёсцы пад Гродна, дзе працаваў над сваёй ідэяй.

Не прадаў бы і за 10 000 долараў

Спачатку рэканструктар планаваў рэалізаваць праект за год. Тым больш, на старце многія хацелі дапамагчы. Але з часам Андрэй застаўся сам-насам са сваім праектам. Таму ўсё расцягнулася.

«Сёння калі б мне прапанавалі 10 000 долараў, я б лодку не прадаў, — кажа Андрэй. — Яна для мяне бясцэнная, у яе я душу ўклаў. На стварэнне першай гродзенскай ладдзі сышло шмат сіл і сродкаў, але гэта таго каштавала. У будучыні лодку буду выкарыстоўваць як прыватна, так і на розных мерапрыемствах».

Пабудаваць лодку гэта адно, а вось зарэгістраваць яе — зусім іншая, не менш складаная справа. Увесь свой летні адпачынак Андрэй займаўся рэгістрацыяй судна і толькі пасля атрымання дакументаў вырашыў спусціць яго на Нёман.

Чытайце яшчэ:  У першай гродзенскай ладдзі праблемы з рэгістрацыяй. А ў планах была Балтыка

Падрыхтоўка лодкі да спуска па Нёману

Абліў лодку хмельным напоем

Спускаць ладдзю на ваду прывезлі да самай Гродзенскай ГЭС. Адпачываючыя, што там былі, здзівіліся, калі нядзельнай раніцай каля сваіх намётаў убачылі на лафеце сярэднявечны дракар. А пасля на беразе наогул пачалася забава — прыехалі гомельскія реканструктары з дудой.

Пасля працяглай падрыхтоўкі ладдзю спусцілі на Нёман. Перад падарожжам па рацэ яе стваральнік сказаў некалькі натхняльных слоў ды абліў лодку хмельным напоем.

«Гэта наш першы, тэставы спуск. Хвалююча, але ўсё павінна прайсці ўдала. Я памятаю ладдзю яшчэ калі яна была піламатэрыялам — і вось нарэшце стала караблём. Вялікі дзякуй усім хто прымаў удзел у маім праекце», — сказаў Андрэй.

Каманда Андрэя перад адплыццём

Амаль усё ў выратавальных камізэльках і гатовыя да адплыцця.

Перашкод шмат: мель, камяні ды іншае

Праз імгненне лодка з усёй камандай адплыла ад берага. Большасць людзей упершыню працавала з вёсламі. Менавіта таму спачатку ладдзя не магла нармальна ісці па рацэ. Толькі праз гадзіну (!) пад адзіную каманду і рытм весляроў лодка набрала ход.

За час падарожжа каманду сустракала шмат перашкод: абмялелы Нёман, камяні ды іншае. Дзякуючы гэтым цяжкасцям каманда згуртавалася, а жывая музыка на дудзе стварала на ладдзі добрую атмасферу.


Сярэднявечная ладдзя прыплыла ў Гродна пад музыку дуды (+дрон-відэа)


Рыбакі і адпачываючыя на розных берагах Нёмана сустракалі лодку з камандай, таксама жадалі поспехаў і пасажыры воднага таксі ды цеплахода.

«А па Нёмане, аказваецца, можна плыць, — казала Таццяна, адна з чальцоў каманды. — Калі ісці па плыні, адкрываюцца прыгожыя віды і на імгненне ўяўляеш сябе адным з вікінгаў, якія тысячу гадоў таму хадзілі па нашай рацэ».

Ладдзя каля гродзенскіх замкаў

Самае складанае — пагрузіць лодку на лафет

Ладдзя ішла ад ГЭС да гродзенскіх замкаў каля трох гадзін. Там, пасля высадкі двух членаў каманды і паўгадзіннага перапынку, лодка адправілася далей у падарожжа па Нёмане. Канчатковай кропкай стаў пляж ва ўрочышчы Пышкі. Там каманду чакалі пачастункі, а адпачываючых — фотасесія на фоне сярэднявечнай ладдзі.

«У гэты дзень з самага пачатку дзясяткі рэчаў маглі прайсці касячна, але не прайшлі. Назва судна «Iнггерт» [з ісландскай — «пад абаронай Бога"] працуе. Лодка выпрабаванне прайшла», — пасля падарожжа казаў член каманды Мікіта.

Пасля невялікага адпачынку пачалося самае складанае — пагрузка лодкі на лафет. Нешматлікім ужо членам каманды справіцца з гэтым было цяжка, таму пры пагрузцы дапамагалі амаль усе на пляжы мужчыны.

Грузілі ладдзю на лафет каля трох гадзін.

У планах Балтыка

Усе ўдзельнікі падарожжа па Нёману засталіся задаволеныя, нягледзячы на шматлікія мазалі і сінякі. Андрэй у канцы сказаў: «Магчыма, у наступным годзе паплывем на Балтыку».

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: