Кніга «Пасажыры карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі выдадзеная ў траўні 2022 года ў выдавецтве «Янушкевіч». «Цэлы тыдзень я быў шчаслівы, — узгадвае аўтар. — А потым перастаў». Выдавецтва і кнігарню тады закрылі, выдавец і адна з супрацоўніц апынуліся за кратамі, кніга Стурэйкі стала апошняй з апублікаваных. Зараз набыць кнігу можна толькі анлайн, а прэзентацыі «ў рэале» пакуль не адбылося.

Для ТГ-канала «Тётя Ира разрешила» аўтар кнігі, Сцяпан Стурэйка, расказаў, як даследчык і выкладчык стаў пісьменнікам, а рэдактарка выдання, Ганна Янкута, раскрыла некаторыя таямніцы твораў.

Дзе спадчына — там Стурэйка

Нават калі б на вокладцы гэтай кнігі не было пазначана імя аўтара, заангажаваныя ў тэме чытачы адгадалі б яго адразу. К кнізе усё — пра спадчыну, усё прасякнута ёю — і стасункі, і перажыванні і сюжэты. Аўтар жа выглядае з-за кожнага радка і стаіць за кожнай літарай. Са сваім, часам парадаксальным і нечаканым поглядам на тое, што засталося нам ад прадзедаў спакон вякоў.

«Мая чалавечая місія ў дачыненні да спадчыны — займацца развіццём уяўленняў пра яе, — кажа Сцяпан. — То, перш за ўсё, мушу развіваць уласныя ўяўленні. Яны развіваюцца і гэта дае энергію і падставы, каб рабіць штосці новае, новы крок».

«А калі б будынкі маглі знікаць?»

Па словах Сцяпана, падчас працэсаў адмеркавання, выкладання, чытання, зносінаў з калегамі на акадэмічных мерапрыемствах нараджаюццца думкі, якія ў звыклых фарматах вельмі цяжка праявіць. Яны і сталі асноваю мастацкіх твораў.

«Ну як я скажу студэнтам пра нейкую вар’яцкую дзіўную ідэю „а калі б так?“ А калі б будынкі маглі знікаць? А калі б старыя камяні мелі нейкую каштоўнасць, больш, чым матэрыяльную? Я ж не буду пра гэта даклад на канферэнцыю рабіць. І я знайшоў такі спосаб, такі выхад, як расказаць пра штосьці вельмі важнае пра мяне але па-за межамі акадэмічнасці».

“Мы губім тое, што любім”. Сцяпан Стурэйка – пра новую кнігу, гістарычную спадчыну і немагчымасць захаваць мару
Гродна, Новы Свет, вуліца Валковіча. Гэты дом «знік» у 2019 годзе

Чытайце больш:

«Мяне захапляе, як Сцяпан пераасэнсоўвае гарадзенскую гісторыю, як выбудоўвае дасціпныя і нечаканыя сюжэты, як у іх з’яўляюцца важныя гарадзенскія месцы, — разважае редактарка выдання Ганна Янкута. — Хаця, вядома, яго творы не варта зводзіць да «гарадзенскай прозы», тым больш што цэнтральная аповесць кнігі, якая і дала ёй назву, прысвечаная шырэйшаму колу пытанняў.

Гэта іранічны містычны дэтэктыў - тое, чаго мне так не хапае ў беларускай літаратуры. Тут ёсць спалучэнне нерэальнага і рэальнага, калі амаль нон-фікшн укліньваецца ў гісторыю, і ты даведваешся, напрыклад, як была адкрытая Троя. Тут ёсць туга, загадкавыя знікненні, каханне і падарожжы — штосьці такое абавязкова мусіла выйсці ў нас у пост-2020 і посткавідны час амаль закрытых межаў: кніга з іншага жыцця. Гэта падсумаванне таго, што было".

Ганка Янкута
Ганка Янкута — гарадзенка, пісьменніца, перакладчыца. Рэдактарка кнігі Сцяпана Стурэйкі «Пасажыры карабля Тэсея»

Спачатку два-тры гады занатоўваў «на каленцах»

У кнігу ўвайшлі тры аповесці: «Пасажыры карабля Тэсея», «Разбуральнік» і «Наперад! Вяртанне».

«Напісанне павольнае, таму твораў і няшмат. Я не страчу гэту прозу, відавочна, — кажа аўтар. — Спачатку нараджаюцца ідэі. Яны праступаюць то тут, то там. Некалькі гадоў такія сполахі - „вспышка слева, вспышка справа“ — занатоўваў „на каленцах“ нейкія рэчы. Потым толькі наважваўся пачаць пісаць і яно само неяк аб’ядналася, пачало выбудоўвацца ў нешта такое, як мне здаецца, больш-менш лагічнае. Чаму так адбываецца — гэта для мяне загадка».

Кніга Сцяпана Стурэйкі "Пасажыры карабля Тэсея"
Кніга Сцяпана Стурэйкі «Пасажыры карабля Тэсея»

«Немагчыма захаваць мару»

Галоўная думка, што праходзіць праз усю кнігу, найбольш ярка адлюстраваная ў аповесці «Пасажыры карабля Тэсея», кажа аўтар. Яна сумная і парадаксальная:

«Мы губім тое, што мы любім. І мы можам як заўгодна ахвяраваць, але ўрэшце рэшт яно ўсё роўна сыходзіць. Прычым сыходзіць праз нашыя дзеянні, праз нашыя намаганні, нашы спробы захаваць».

Захаваць спадчыну немагчыма, як немагчыма захаваць мару — разважае Сцяпан Стурэйка. «Немагчыма захаваць мару пра Фару Вітаўта [гэта частка сюжэта аповесці «Наперад! Вяртанне"]. Бо зараз у нас ёсць мара. А калі пачнем працэс адбудовы, то аграмадная колькасць людзей будзе расчараваная, бо менавіта іхнія мары не будуць здзейсненыя.

Фара Вітаўта, Гродна
Фара Вітаўта ў 1930-я. Зараз не існуе. У планах горада — аднавіць будынак да 2030 года пад канцэртную залу

Ці старыя руіны — гэта ж прывіды. Літаральна прывіды. Фізічна. Нам здаецца, што яны стаяць, а іх толькі пальцам пхні - паваляцца. І што з гэтым рабіць — насамрэч — невядома".

Чытайце больш:

«Усё будзе складана»

«Калі недзе езджу і бачу гэтыя пласты культуры, каторыя стаяць па-за кожнай вуліцай, за кожным будынкам еўрапейскіх гарадоў - «тут жыў гэты», «тут пісалася гэта», «тут гэты спрачаўся з тым» — гэты пласт, ён мусіць быць назапашыны. У Гродне ёсць гістарычнае кола людзей, каторыя займаюцца «калупаннем», ёсць цікаўнасць аўдыторыі, горада да сваёй гісторыі. Гэта ўсё правільныя рэчы, але сэнс у тым, што гэта бясконцы працэс. Гэты гумус, яго трэба нарошчваць, нарошчваць… Вось тады, калі будзе шмат кніжак, шмат розных кніжак, калі аўтары акадэмічныя, навуковыя, мастацкія пачнуць спрачацца адзін з адным — гэта таксама будзе добра. Назапашванне — гэта гумус, з якога потым прарастае нешта новае. Таму, нават калі немагчыма нічога фізічна зрабіць, то гэта пазіцыя «лірычная» [што зараз трэба пісаць кнігі] таксама, як мінімум, мае права на існаванне.

Жыццё складанае, мір складаны. Было б дзіўна абвяшчаць нейкія рамантычныя ўзнеслыя рэчы — гэта не мой стыль проста, казаць, што ўсё будзе добра. Бо ўсё складана".

Кніга з гродзенскім лёсам

Падзеі ўсіх твораў з кнігі так ці інакш закранаюць Гродна. Аўтар правёў тут значную частку свайго жыцця, хаця зараз жыве і працуе ў Вільні. Першая з аповесцяў Сцяпана, напісаны ў 2014 годзе «Разбуральнік», таксама першы раз пабачыла свет у Гродне, у электронным выдавецтве «Твой Стыль».

Вокладка аповесці "Разрушыцель" Сцяпана Стурэйкі
Вокладка электроннага выдання аповесці «Разрушыцель» Сцяпана Стурэйкі, 2014 год

«З прозай Сцяпана Стурэйкі я ўпершыню пазнаёмілася ў 2014 годзе — мала хто памятае, што адна з яго аповесцяў, якая цяпер увайшла ў кнігу „Пасажыры карабля Тэсея“, намінавалася тады на прэмію „Дэбют“ імя Багдановіча, як электроннае выданне. І ўжо тады я парадавалася, што з’явілася новая гісторыя пра Гародню: паколькі я сама гарадзенка, мне хочацца, каб мой горад быў як мага больш цікава і разнапланава прадстаўлены ў літаратуры. Думаю, Гародня гэтага заслугоўвае».

— Я у Гродна не жыву ўжо больш, чым жыў…

— І тым не менш, ты жывеш у Гродне?

— Так, ён нікуды не дзяецца. Штодня чытаю гарадзенскія навіны, думаю пра Гродна, тэлефаную. Сёння тры разы тэлефанаваў, напрыклад. Бо гэта родны горад у любым выпадку.

«У кожнага чалавека ёсць месца сілы, якое прынята называць малой радзімай. А мне так пашанцавала, што гэта зусім не „малая“ радзіма. А о-го-го якая. У пэўным сэнсе, мая зацікаўленасць спадчынай нарадзілася з Гродна. І нават не тады, калі я цікавіўся гісторыяй горада, а тады, калі я пабачыў рэканструкцыю Савецкай плошчы. Вось тады я пабачыў людзей, якім баліць сэрца за гэта, якія гатовы ахвяраваць, якім цікава думаць пра спадчыну. Тады з’явіўся сайт Harodnia.com, было шмат публікацый наконт спрэчных аспектаў рэканструкцыі і абыходжання са спадчынай. З маімі гараденскімі сябрамі-гісторыкамі мы гэта абмяркоўвалі і я зразумеў, якая гэта фантастычна цікавая тэма».

Чытайце больш: Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго

Каму варта пачытаць

Аўтар раіць пачытаць кнігу «Усім, хто так ці інакш зацікаўлены пытаннем спадчыны, хто любіць вандраваць, глядзець на гэта, чытаць, вывучаць. Такім людзям будзе цікава перадусім, але гэта не адмяняе і таго, што іншым таксама будзе цікава — бо гэта мастацкі твор, кніжка пра жыццё».

«Мяне вельмі радуе, што кніга заканчваецца надзеяй на будучыню — на ўзнаўленне знакамітай гарадзенскай фары Вітаўта [гэтаму прысвечана аповесць «Наперад! Вяртанне"], — кажа Ганка Янкута. — Таму я шчыра раю набыць і прачытаць кнігу «Пасажыры карабля Тэсея» — я ўпэўненая, што гэта добрае чытанне ў цяперашні час, і вельмі своечасовае».