Якой павінна быць забудова ў цэнтры? Ці варта наогул будаваць нешта новае ў межах старога горада? Як правільна адбудоўваць страчанае? Пра гэта Hrodna.life пагутарыў з гісторыкам архітэктуры Мечыславам Супронам, культурным антраполагам Сцяпанам Стурэйкам і адной з архітэктарак, што раней працавала ў «Гроднажылбудзе», але пажадала застацца ананімнай.

Не трэба баяцца будаваць у цэнтры, але…

Архітэктарка, былая супрацоўніка «Гроднажылбуда», шакуе ў самым пачатку размовы, кажучы: цэнтр Гродна амаль страчаны.

«Амаль усе будынкі так ці інакш перабудаваны. Варта захаваць тое, што ёсць, але і новага будаўніцтва ў цэнтры цурацца не трэба. Да будаўніцтва трэба падыходзіць далікатна і з павагай да мінулага, рабіць гістарычны цэнтр сучасным, зручным, прыгожым, не губляючы пры гэтым дух горада».

На думку архітэктаркі, акрамя межаў уласна гістарычнага цэнтру, трэба вызначыць вакол яго зону аховы гістарычнай забудовы. У ёй не павінна з’яўляцца штампавярховых жылых будынкаў. Павінна быць яшчэ іншае кола з пэўнымі абмежаваннямі. Інакш будзе вялікі візуальны рэзананс.

«На Церашковай стаяць шматпавярховікі, потым яны рэзка абрываюцца, далей ідзе некалікі казармаў, потым пачынаецца Новы свет з маленькімі домікамі, яшчэ праз 100 метраў плошча Леніна з адміністрацыйнымі будынкамі савецкіх часоў і гістарычны цэнтр горада, — дае прыклад спецыялістка. — У нас адсутнічае паступовы пераход, парушаецца візуальная кампазіцыйная і стылістычная сувязь».

[irp posts="92 633″ name="Закладнікі панэлек. Чаму спальныя раёны Гродна да болю аднолькавыя"]

Дзе быць высоткам?

Тое, як далёка ад цэнтра можна будаваць высоткі, рэгулюе генеральны план, кажа гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон. Згодна з генпланам, распрацаваным на бліжэйшыя дзесяцігоддзі, вакол гістарычна цэнтру прадугледжаны пяць рэжымаў рэгулявання высотнасці забудовы. У межах тэрыторыі першага рэжыму прадугледжана ўзводзіць новыя будынкі не вышэй за два паверхі з мансардай. Далей — паступова вышэй.

Культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка таксама спасылаецца на генплан: «Прапанаваныя ў ім зоны і межы выглядаюць прафесійна і ўзважана. Тэрыторыі, што не ўваходзяць у гістарычны цэнтр, таксама падлягаюць прасторавай рэгламентацыі. То бок, нічога асаблівага, што б замінала нашаму ўспрыняццю старога Гродна, там з’явіцца не мусіць».

Адначасова, Стурэйка дае іншы прыклад — Вільню, дзе непасрэдна побач з гістарычным цэнтрам размешчаны раён сапраўдных хмарачосаў. І так — шмат дзе ў свеце.

Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
Вільня. Адразу насупраць гістарычнага цэнтра — хмарачосы
«Эстэтычныя якасці гэтай новай архітэктуры — зусім асобнае пытанне. Але скажыце: дзе найлепшае месца для гродзенскіх хмарачосаў, якія ў будучыні ў нас абавязкова з’явяцца? — задае пытанне Стурэйка. — Тая ж нядаўна агучаная ідэя пра будаўніцтва шматпавярховіка на месцы „Малочнага міра“ — у прынцыпе мае права на існаванне, калі ўкладаецца ў агульную канцэпцыю развіцця гэтай і прылеглай тэрыторыі. Толькі якая там канцэпцыя?»


«Рэстаўрацыя — не аднаўленне як было». Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка


Псеўдагістарычныя аб’екты ці сучасная архітэктура?

У сярэдзіннай зоне, якая мяжуе з зонай аховы гістарычнай забудовы, архітэктарка прапануе працягваць гістарычны кантэкст: ужываць характэрныя для аўтэнтычных будынкаў рысы і будаваць новыя аб’екты падобныя да гістарычных. Нават нягледзячы на тое, што сучасныя будынкі яшчэ ў савецкі час уварваліся ў гістарычнае асяроддзе.

Сцяпан Стурэйка тлумачыць, што да эстэтыкі новага будаўніцтва традыцыйна існуюць два падыходы: будаваць у гістарычных стылях або будаваць у сучасных формах. І ён падтрымлівае другі падыход.

«Па-першае, будуючы „пад даўніну“, мы зніжаем вартасць сапраўды аўтэнтычных будынкаў. Па-другое, гэта акурат тая прастора для творчасці, дзе могуць праявіць сябе сучасныя архітэктары, гэта іх шанец на тое, каб застацца ў гісторыі не бледным ценем папярэднікаў, але самастойнымі творцамі».

Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
Галоўны корпус Універсітэта ў Лейпцыгу паўтарае ў аб’ёме страчаную забудову, але выглядае звышсучасна
Стурэйка дадае, што новая архітэктура ў гістарычным цэнтры — гэта нашмат складаней, чым проста скапіраваць нейкія старыя элементы. Патрабаванні да яе мусяць быць асаблівымі, уключна з захаваннем гістарычных аб’ёмаў.
Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
Справа ўнізе — псеўдагістарычны будынак ABC на Савецкай вуліцы
У поспех сучаснай архітэктуры ў гродзенскім гістарычным цэнтры не верыць Мечыслаў Супрон: «Беларускія архітэктары не ўмеюць праектаваць сучасную архітэктуру. Атрымліваецца адно агратрэш. Лепш за ўсё у іх атрымліваецца будаваць псеўдагістарычныя будынкі - як АВС на вуліцы Савецкай».

З тым, што добрых прыкладаў новай архітэктуры ў нас малавата, Стурэйка пагаджаецца, але дадае: «Дык яны і не з’явяцца, калі не ставіць такую амбітную мэту».

Недарэчнасць, але людзям падабаецца

Да рэстаўрацыі існуючых будынкаў у цэнтры трэба падыходзіць разумна. Архітэктарка дае прыклады добрых і не вельмі варыянтаў. З пазітыўнага адзначае «Дом з лілеямі» на Сацыялістычнай — дасканалы для нашага горада прыклад рэстаўрацыі.

Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
«Дом з лілеямі» ледзь не знеслі, а цяпер там сядзіба БНБ-Банка
А вось новы будынак Сямашкі на Калючынскай — непрымальны варыянт з рэстаўрацыйнага пункту гледжання. У прафесійных колах такое называюць архітэктурнай недарэчнасцю. Але будынак падабаецца людзям — прыгожа ж!
Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
«Палац» Сямашкі
«Мне здаецца, грамадства пераважна не гатова [да добрай архітэктуры — рэд.]. Для рэалізацыі ультрасучасных формаў няма магчымасцяў і замоўцаў», — падсумоўвае суразмоўца.


Ам’ен: нараджэнне, смерць і ўваскрашэнне рэстаўрацыі. Наўздагон гарадзенскім рэстаўрацыйным дыскусіям


Лепш шкло і бетон, чым псеўдагістарычны муляж

Калі ёсць дакладныя звесткі аб тым, як выглядаў страчаны будынак, то аднаўляць яго трэба згодна з пачатковым выглядам, лічыць архітэктарка. Не варта будаваць на гэтым месцы нешта новае ў псеўдагістарычным стылі. Лепш ствараць сучасны будынак са шкла і бетону, чым займацца будаўніцтвам невядома чаго.

Калі аднаўляць, напрыклад, «Дом рыбака», і дакладна вядома, што ён быў двухпавярховым, то і адноўлены варыянт павінен мець два паверхі. На яго месцы не павінен з’явіцца трох ці чатырохпавярховы будынак «у такім жа стылі».

Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
Візуалізацыя адноўленага «Дома рыбака», які пабудуюць на Замкавай у 2019 годзе

Чым бліжэй, тым даражэй

Мечыслаў Супрон адзначае, што мець нерухомасць недалёка ад гістарычнага цэнтру вельмі прэстыжна. Чым бліжэй да цэнтру, тым даражэй. «Гэта эканамічны фактар і гэта лагічна», — кажа ён.

А вось з мастацка-эстэтычным фактарам усё наадварот. «Чым бліжэй да цэнтру будуецца жыллё, тым больш, здавалася б, яно павінна быць дапасавана да існуючага гісторыка-архітэктурнага ландшафта. Так гэта робіцца на Захадзе. Але ў нашай краіне, не толькі ў Гродне, тэндэнцыя адваротная: чым бліжэй да цэнтру горада, тым больш архітэктурных вычварэнстваў».

Вырваныя з кантэксту

Штогод усё бліжэй і бліжэй да гістарычнага цэнтра ўзводзяцца будынкі, якія не ўпісваюцца ў наваколле і выглядаюць вырванымі з кантэксту, кажа Мечыслаў. «Яны маюць вельмі нізкую мастацкую вартасць і псуюць мастацкую і гістарычную вартасць суседніх камяніц», — кажа ён.

Мечыслаў тлумачыць, што дамы ў межах гістарычнага цэнтру павінны адпавядаць пэўным крытэрыям: максімальна ўпісвацца ў архітэктурны ландшафт, мець невялікую вышыню (3−4 паверхі), мець пэўную гісторыка-архітэктурную адметнасць, якая характэрная для гэтага рэгіёна.

Дык можа выхад у тым, каб пашырыць межы гістарычнага цэнтра?

З аднаго боку так, бо па-за межамі ахоўнай зоны знаходзяцца сотні будынкаў, якіх варта было б захоўваць. Але Супрон уключаў бы комплексна толькі вуліцу Міцкевіча і пачатак вуліцы Горкага, а таксама частку Савецкіх пагранічнікаў на занёманскім прадмесці.

Многія аб’екты, размешчаныя далей, варта захоўваць, але для гэтага не абавязкова пашыраць межы гістарычнага цэнтра.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life