Набярэжная, за якую нам сорамна. Чаму трэба давесці да ладу дарогу ля Каложы як мага хутчэй

Архітэктар Аляксандр Штэн даслаў у рэдакцыю Hrodna.life ліст, у якім падняў праблему набярэжнай Нёмана. Нядаўна пра яе выказваўся наш чытач Кірыл Марыкін: маўляў, трэба ажывіць участак пад замкамі, які сёння амаль “мёртвы”. Аляксандра Штэна ж хвалюе ўчастак пад Каложай: гэта сапраўдная вясковая дарога ў самым цэнтры горада ля аднаго з самых важных турыстычных помнікаў. Сорамна, што ў горада няма на ўладкаванне гэтай дарогі грошай, піша Штэн.

Ніжэй публікуем яго ліст цалкам. Рэдакцыя дадала толькі падзагалоўкі.


Праект даўно распрацаваны, але…

Праванабярэжная ў нашым горадзе ад вусця Гараднічанкі да Новага маста праз Нёман – жвір і пясок. Праехаць цяжка нават на ровары, ды і пешшу толькі ногі ламаць. Можна знайсці дзясятак прычын, чаму гэты адрэзак набярэжнай не абсталяваны, хоць праект добраўпарадкавання даўно распрацаваны ў інстытуце “Гроднаграмадзянпраект”.

Набярэжная не ў прыярытэце

Адна з прычын – у бюджэце няма для гэтага грошай. Але бюджэт фармуецца выканаўчай уладай і зацвярджаецца мясцовымі дэпутатамі. Значыць добраўпарадкаванне набярэжнай не ў прыярытэце, значыць ёсць іншыя, больш важныя выдаткі для дзялення бюджэтнага пірага.

Правонабережная набережная Неман Коложа набярэжная

Іншая прычына – мы спадзяемся на інвестыцыі з еўрапейскіх крыніц у выглядзе грантаў. Такая тэма, наколькі мне вядома, прапрацоўвалася, ды і цяпер не закрытая. Тым не менш, падарункаў ад багатага замежжа можна і не дачакацца, а падол сукенкі нашай гістарычнай жамчужыны яшчэ доўга застанецца абадраным і брудным.

Добраўпарадкоўваюць тратуары, якімі яшчэ 20 гадоў не будуць карыстацца

У той жа час, у нашым горадзе выдатна добраўпарадкаваны, пакрытыя бетоннай пліткай і асфальтам значныя плошчы дарог і тратуараў, па якіх амаль ніхто не рухаецца, выкананыя з перспектывай на 20 і больш гадоў. У прыватнасці, вакол мікрараёна “Альшанка” шматпалосная праезджая частка вуліцы, шырачэнныя тратуары і веладарожкі з боку сельгасугоддзяў, якія вядуць у нікуды. Адных гэтых тратуараў хапіла б на ўсю набярэжную.

Простае пытанне – ці можа кіраўніцтва горада пераразмеркаваць матэрыяльныя рэсурсы і пусціць іх валявым рашэннем на больш патрэбныя аб’екты? Верагодна, можа, але гэта звязана з такімі замарочкамі, што мала не падасца. Самае разважнае рашэнне, прынятае без скрупулёзнага выканання заканадаўчых рэгламентаў і правілаў фінансавання, жорстка караецца. І ўсё ж, пры ўсім спачуванні да нашых чыноўнікаў, праблема не вылучаецца на пярэдні план, а закансерваваная.

Зрабіць хоць штосьці, каб не чырванець перад турыстамі

Часта бываю на набярэжнай пад Каложскай царквой. Там заўсёды шмат замежных турыстаў, перад якімі прыходзіцца чырванець. Мала таго, што праезд набярэжнай увесь разбіты, у лужынах і калдобінах, дык і масток праз Гараднічанку і яе берагі, як пасля землятрусу.

Правонабережная набережная Неман Коложа набярэжная Городничанка мост

Мы любім казаць, што Каложская царква – наше ўсё, унікальны брыльянт гістарычнай спадчыны, сімвал горада і нашай ідэнтычнасці і г.д.

На мой погляд, не чакаючы грандыёзных будоўляў, зусім неабходна адшукаць сродкі, калі не на ўсю набярэжную, то хаця б на ўчастак ад вусця Гараднічанкі да лесвіцы, што вядзе з Каложскага парку да Нёмана. Неабходна добраўпарадкаваць хай не на ўсю катушку, а хаця б асфальтаваць у выглядзе бягучага рамонту (як часовае рашэнне) гэты ўчастак і загаіць берагавыя раны Гараднічанкі.

Можа, абвясціць збор добраахвотных ахвяраванняў на добраўпарадкаванне набярэжнай?

Вельмі сорамна, спадары!

Архітэктар і старажыл г. Гродна Аляксандр Штэн


Гродна, якім ён можа (не) стаць. Архітэктар Аляксандр Штэн пра гарадскую прастору

«Не гіганцкі ангар сеткавага абслугоўвання». Чаму трэба будаваць кавярню ў двары дома, тлумачыць архітэктар Аляксандр Штэн

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: