«Людей цікавяць не толькі гатовыя рашэнні, але і варыянты — як магло б быць», — мяркуе гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн. Таму гэтыя варыянты абдумваюцца і ствараюцца ўвесь час. Некаторыя — дашліфоўваюцца да гатовых рашэнняў, іншыя — застаюцца толькі на паперы, ці ў працэсе непазнавальна змяняюцца. Гэта — частка працы гарадскога архітэктара. З Аляксандрам Штэнам мы паразмаўлялі аб варыянтах, якія зараз займаюць яго думкі. Магчыма, некаторыя з іх мы ўбачыць не толькі на паперы.

Адзін у полі?

Па ідэі, архітэктар мае працаваць разам з сацыёлагам і тэхнолагам. Яны павінны ставіць пытанні што і як рабіць. Архітэктары толькі абдумваюць рашэнні ў прасторы. Але гэтага няма. Архітэктары мусяць падмяняць тэхнолагаў і сацыёлагаў, абапіраючыся на патрабаванні нарматываў. Гэта, канечне, добра, гэта парадак. Але хочацца ведаць, што людзям патрэбна.

«Вось для базы адпачынку тытунёвай фабрыкі эскізы зрабілі. Хочуць там шацёр і цмока, каб полымем дыхаў. Намалявалі, чакаем, што скажуць»

Маштаб і аб’ём важнейшы за аўтэнтыку

Гарадское асяроддзе трымаецца за кошт маштабнай структуры старога цэнтра. Адзіны фактар упарадкавання там — гэта лінія забудовы. У астатнім можа быць хаос. Будынак, калі не захаваўся, можна адбудаваць у тым самым аб’ёме. Мяркую, у такой сітуацыі важней захоўваць аб’ёмы, а аўтэнтычныя элементы — па магчымасці. Маштаб у такім выпадку важнейшы за хімічны склад тынкоўкі. Гэта як з чалавекам, катораму робяць перасадку органаў - замена не змяняе тоеснасці, ён не перастае быць сабой.

Так нараджаўся вобраз гандлёвага цэнтра па вуліцы Будзёнага, які зараз будецца

Паміж парадкам і хаосам

Хаос можа быць не горшым за парадак. Узяць, напрыклад, новыя раёны, дзе дамы будуюць пад лінейку. Парадак ёсць, а жыцця няма. Так, разовае паселішча. А ў старым горадзе, дзе перамяшаныя розныя слаі часу — там парадак увогуле немагчымы. Упарадкаваліся дамы толькі паводле лініі забудовы. Ляпіліся адзін да другога такім чынам, што спецыяльна не прыдумаеш. Не па архітэктуры нават, па эканоміцы — зямля дарагая была.

Стары «ціхі цэнтр» Гродна. «Па сучасных уяўленнях у старым горадзе жыць нельга — ні санстанцыя, ні пажарныя не дазволілі б, суцэльныя парушэнні - а людзям такое падабаецца, цікава. Цэнтр жывы»
Вось у нас зараз будуюць магістралі і развязкі, а Еўропа ўжо па-іншаму пачынае мысліць. Пакідаюць вузкія вулачкі, абмяжоўваюць хуткасць руху. Інакш, праехаўшы па тунэлях ды аўтабанах і Еўропы не пабачыш.

Сілуэт горада

Яшчэ ад часоў перабудовы кажу, што нам у Гродне варта задумацца над сілуэтам горада, што патрэбна праграма, каб яго стварыць. Сілуэт горада — гэта вельмі ўспрымальная рэч.

Мы глядзім на горад і бачым рысу, мяжу паміж небам і дахамі. Гэты сілуэт — цэлы сюжэт, у каторым горад размаўляе з небам.

На жаль, у час праектавання ўвагі на яго не звяртаюць. Фасады, кажуць, малюйце.

«У нас з берага Нёмана — выдатная панарама. Там касцёл, бальніца, высоткі, хоць і сучасныя, таксама працуюць. Скатнымі дахамі ці шпілямі можна было б узмацніць контуры»
«З другога боку Нёмана Фарны касцёл, тэатр. Новы замак са сваім шпілем — таксама вымалёўваюць пазнавальны сілуэт»
Каштаваць гэта магло б — як звычайны аўтобусны прыпынак. Але адзін прыпынак не ўплывае на ўспрыняцце горада, а сілуэт — уплывае. Хаця рэч танная і ў эстэтычным плане элементарная.

Помнікі ў горадзе

У маштабе гарадскога асяроддзя помнікі - зусім невялікая яго частка. Калі, канечне, не напаўняць іх сэнсам. Проста па маштабу яны значаць не больш, чым, напрыклад, смеццевыя кантэйнеры.

«Вось, Гараднічанка. Побач рэчка, лесвіцы — і яна ўспрымалася як частка асяроддзя. А потым — паставілі кантэйнер, лаўку, аркі-мосцікі навешалі… Яны адно аднаму замінаюць. Куча біжутэрыі мае такую ж эстэтыку».
Ці дойлід. Калі рабілі рэканструкцыю, думалі, дзе яго паставіць і выбралі месца на вуліцы Ажэшкі, насупраць увахода ў парк, пад старым дрэвам. І было зразумела, чаму: горад і парк — яго тварэнне, ён бы глядзеў на ўваход у галоўную алею, людзі падыходзілі б, звярталі ўвагу. Але як паставілі падчас рэканструкцыі ў даліну, так і пакінулі.
У даліне «Дойлід Гарадніцы"стаў шэраговым бронзавым чалавекам. Куды яго тут не перастаў, значнасць не зменіцца. А потым і дрэва на вуліцы ссеклі. Так і застаўся з часовага размяшчэння назаўжды». Фота Руслана Кулевіча
Скульптура, пластыка, часцей за ўсё не ўспрымаюцца самі па сабе, прастора мае большае значэнне. Таму важна аналізаваць, дзе і як размяшчаць іх у гарадскім асяроддзі.

Таксама і пра помнік Ажэшкі, што стаіць наводдаль ад доміка. Размясцілі б бліжэй — яны б успрымаліся разам як комплекс, мемарыял. Помнік мог бы акцэнтаваць і канкрэтызаваць успрыняцце. Відавочна, што такія рэчы ўзаемна ўзмацняюцца, калі гучаць акордам. А так — адзінкавыя аб’екты.

Спальны Гродна

Спальныя раёны — гэта дыктат жыллёвага прамысловага комплексу. У аснове, натуральна, эканоміка. Каб было добрае і адносна таннае. Архітэктару тут асабліва востра трэба асэнсоўваць — што і як рабіць. Робіш дом і думаеш, што ствараеш не толькі кватэры. Што двор і вуліца — гэта таксама твая прастора. Так падыходзіць. Шукаць дастатковую ступень упарадкавання.

Самы новы са спальных раёнаў горада — Альшанка. «Можа, трэба шукаць спосаб мыслення, дзе дыялектыка закладаецца ў шэрагу — горад, дом, кватэра, дэталі, фактуры. Дзе архітэктура праектуе і стасункі паміж людзьмі».
Калі парадку замнога — будзе казарма. Калі замала — эстэтыка раскіданага смецця. Можа нават і не існуе знешняй іерархіі. Можа трэба шукаць спосаб мыслення, дзе дыялектыка закладаецца ў шэрагу — горад, дом, кватэра, дэталі, фактуры. Дзе архітэктура праектуе і стасункі паміж людзьмі.

Каложскі парк і стэла

Наша стэла — як труба нейкая прамысловая. А там жа выдатная пляцоўка! Па габарытах — гэта Стоўнхэндж наш. Месца патрабуе развіцця.

«Мы тут нарабілі карцінак розных — макеты, варыяцыі, каб пры нагодзе было што паказаць»
Могуць быць аркі. Вобразна, так Пальміра пачынаецца. Па сэнсу — аркі абмяжуюць прастору, дзе нешта адбываецца. А як зрабіць гэтыя аркі - тут ужо падумаеш. Каб і прыгожа, і змест пэўны ўкласці. Што там мае быць? Гербы, таблічкі, каменні? Ці можа гліняныя збанкі, як у сценах Каложскай царквы?
«Пакуль што гэта толькі вобразны праект, развагі на тэму. Калі будзе планавацца рэканструкцыя парка, тады будзем думаць канкрэтна — пра стаянкі, дарогі, сцежкі і скульптуры»
Можна і так запраектаваць. Толькі адразу думаеш, як гэта здзейсніць, як такую сцяну зляпіць, як потым яна будзе эксплуатавацца, як рамантавацца.

Парк на Фолюшы

Некаторыя рэчы можна рабіць проста па агульных крытэрыях развіцця прыроды. Напрыклад, парк. Ён не можа быць суцэльным масівам. Яго трэба раздзяліць на часткі - роўныя або не. Падкрэсліць тое, што ёсць найбольш важнае. Каб было суразмерна і прапарцыйна.

Пачатак праектавання парка на месцы былых «дачаў» на Фолюшы. «Хочацца гэты парк намаляваць, зрабіць нешта. Кажу кіраўніцтву — давайце запраектую. Хоць асноўныя накірункі задам. Вазьміце дарам, толькі каб зрабілі. Адказваюць — „не удобно“. А якое так — „не удобно“? Мне, калі няма творчай працы — гэта страшны стан, цяжэйшы, як стомленасць. Мастакоў жа ад працы „прэ“. Калі ёсць задача, вызначаны тэрміны, то сон адразу праходзіць. Хочацца рэалізацыі, усім прафесіаналам хочацца»
Прачытаў кніжку па рыторыцы і зразумеў, што нічога нікому даказаць нельга. Калі не падабаецца нешта чалавеку, то будзе адштурхоўваць і ўсё тут. Уяўленні пра тое, што добра, а што не, вельмі суб’ектыўныя. Чалавек можа і не разумець чаму, але адчувае, што не падабаецца. Для мяне гэта нагода нешта пераглядзець, змяніць. Варыянтаў можа быць безліч. Усё можна зрабіць і для людзей, і для замоўцы, і па нормах.
Статуэтка, так званы «Оскар для архітэктараў» і сертыфікат, што даюцца разам з адзнакай «Дойлід Рэспублікі Беларусь». «Гэта ў 2015 далі мне такое. Адзінаму архітэктару з „абласцей“. Астатнія ўладальнікі „Дойліда“ ўсе з Мінска. Цяжкая, я б яе сабе на магілу паставіў бы, так украдуць»

Аляксандр Штэн нарадзіўся 21 лістапада 1949 у Гродне. Скончыў Маскоўскі Архітэктурны інстытут у 1978 г. Член Беларускага Саюза архітэктараў з 1986 г. Ад 2005 - член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі архітэктуры. У 2005 узнагароджаны медалём Беларускага саюза архітэктараў «За адданасць Архітэктуры і творчыя дасягненні». У 2015 узнагароджаны ганаровым прызам «Дойлід Рэспублікі Беларусь».

Галоўныя творчыя працы:

Раённы дом культуры ў Шчучыне. Фота са старонкі
Хрысціянскі дабрачынны цэнтр па вуліцы Шчорса ў Гродне. Фота са старонкі Беларускага саюза архітэктараў
Будынак грамадска-гандлёвага прызначэння па вуліцы Карла Маркса ў Гродне. Фота са старонкі Беларускага саюза архітэктараў
Праект касцёла Святога Духа ў Альшанцы