Замест аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва ў Гродне з’явілася аб’яднанае ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва. Пасаду галоўнага архітэктара скасавалі. Як гэта паўплывае на горад, высветліла карэспандэнтка Hrodna.life.

«Без каментароў, гэта ж не маё рашэнне, чаго вы мяне пра гэта пытаецеся?», — заявіла па тэлефоне карэспандэнту Hrodna.life Вольга Барэйка, якая займала пасаду галоўнага архітэктара горада з жніўня 2019 года.

Яна пацвердзіла скасаванне пасады, але адмовілася абмяркоўваць дэталі. У гарвыканкаме ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы сітуацыю па тэлефоне каментаваць адмовіліся.

Главный архитектор Гродно Ольга Борейко
Вольга Барэйка была першай жанчынай на пасадзе галоўнага архітэктара Гродна. Яна пачала працу на гэтай пасадзе як выконваючая абавязкі ў красавіку 2019 года, калі звольніўся папярэдні галоўны архітэктар Дзмітрый Вабішчэвіч

Без аналагаў у рэгіёнах

Такога не было ні ў адным іншым абласным горадзе, сказаў Hrodna.life вядучы архітэктар аддзела праектных работ «Праектнага бюро ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама» Аляксандр Штэн. Падобная сітуацыя была толькі ў Мінску паўтара года таму.

Гарадзенскія архітэктары маўчаць не сталі. Пасля таго, як пасаду галоўнага архітэктара ў Гродзенскім гарвыканкаме ліквідавалі, некаторыя члены горадабудаўнічага савета горада падпісалі зварот у гарвыканкам. Яны заявілі, што лічаць немэтазгодным працяг працы савета (дакумент ёсць у распараджэнні Hrodna.life).

«На нашу думку, у далейшым Горадабудаўнічы савет губляе сэнс нават у якасці экспертна-дарадчага органа, таму што немагчыма уплываць на горадабудаўнічую палітыку горада і прыватныя рашэнні забудовы, размаўляючы на розных мовах. Члены Горадабудаўнічага савета, архітэктары: А. Штэн, А. Захарчук, А. Колчава, А. Казловіч, Е. Бойка, К. Вазміцель, А. Турач, Л. Сіліч, А. Валканоўскі, А. Давідовіч».

Гродзенскі мастак Уладзімір Качан успамінае, што раней ужо ліквідавалі пасаду галоўнага мастака горада. Ліквідацыю пасады галоўнага архітэктара ён таксама ацэньвае нэгатыўна:

«Я адназначна не ўяўляю сабе магчымасць граматнага фарміравання гарадскога асяроддзя без удзелу прафесіяналаў-архітэктараў. Я ўважліва сачу за гэтай сітуацыяй і спадзяюся на разумнае яе вырашэнне».

«Не па нашым профілі«

Многія функцыі з упраўлення гарадской архітэктуры перадалі ў праектнае бюро пры гарвыканкаме, дзе працуе Аляксандр Штэн.

«Таму што гэта вялікая праца, а ўпраўленне тым складам не ў стане гэта рабіць. Але рашэнне прымала заўсёды гарадская архітэктура, цяпер — упраўленне па будаўніцтве, архітэктуры і горадабудаўніцтвк», — патлумачыў Hrodna.life Штен.

Цяпер аддзел ўзначальваюць начальнік упраўлення Дзмітрый Сініца і яго намеснік Казімір Гецэвіч. Апошні не стаў нічога каментаваць і перанакіраваў у аддзел арганізацыйна-кадравай работы.

«Ён сам будаўнік паводле адукацыі. Нармальны мужык, проста ён не па нашай справе, не па горадабудаўніцтве», — кажа Штэн пра Гецэвіча.

Навошта гораду галоўны архітэктар?

Ключавая задача галоўнага архітэктара ў горадзе — пошук кампрамісу паміж удзельнікамі горадабудаўнічай дзейнасці.

Ужо былая галоўная архітэктарка Вольга Барэйка ў інтэрв'ю для часопіса «Гродна» ў жніўні 2020 казала:

«Гэта дапамагаць, а не перашкаджаць арганізацыі працэсу гарадскога будаўніцтва. Дапамагчы архітэктару прэзентаваць інвестару свой праект. Дапамагчы інвестару, які не ведае умоў і сумняваецца, як зрабіць правільны выбар. І, нарэшце, аб’яднаць творцаў-архітэктараў, інвестараў, будаўнікоў. Вызначыць, дзе эканоміка можа лідзіраваць, а дзе на першым месцы — эстэтыка. Можна сказаць, што галоўны архітэктар — як дырыжор у аркестры. І ўсё-такі вялікія і значныя праекты ніколі не ствараюцца ў адзіночку».

У любога праекціроўшчыка або архітэктара ёсць два заказчыкі. Галоўны архітэктар горада выконваў ролю заказчыка ад імя грамадзян. Ён пісаў у агульных рысах, што павінна быць, якога аб’ёму, на падставе якіх дакументаў. Другі заказчык — гэта той, хто хоча нешта пабудаваць.

главый архитектор Гродно Ольга Борейко
З галоўным архітэктарам раней можна было сустрэцца на прэзентацыях горадабудаўнічых праектаў і грамадскіх абмеркаваннях

Адбор кадраў у гэтай сферы даволі складаны. Напрыклад, членаў горадабудаўнічага савета прызначае гарвыканкам па прапанове галоўнага архітэктара горада.

Горадабудаўнічы савет — гэта дарадчы орган, які не прымае рашэнні. Да яго могуць прыслухацца ці не. На горадабудаўнічы савет выносяцца толькі спрэчныя пытанні або пытанні пра складаныя аб’екты.

Па словах Аляксандра Штэна, працы па горадабудаўнічых дакументах наогул нідзе не навучаюць. Гэта прыходзіць толькі з вопытам.

Як працаваць без галоўнага архітэктара

Сыход галоўнага архітэктара ўскладніў жыццё ў горадабудаўнічым савеце, распавядае Аляксандр Штэн.

«У прынцыпе, можна і без адукацыі прымаць рашэнні. Самі архітэктары могуць памыляцца, любы спецыяліст вузка накіраваны. Яго канал мозгу накіраваны ў адным кірунку, як яго вучылі. Бяды, напэўна, нейкі страшнай не будзе. Але цяпер гэта яшчэ накладваецца на палітычную абстаноўку і ўспрымаецца даволі востра».

Што галоўны архітэктар планаваў вырашыць у бліжэйшы час

Складанасць працы галоўнага архітэктара на бліжэйшы час звязана з асаблівасцямі забудовы Гродна на перыяд да 2030 года. Горад не павінен выйсці за свае межы. Па словах Барэйкі ў інтэрв'ю часопісу «Гродна», у горадзе будуць «наводзіць парадак на той тэрыторыі, якая ў нас ёсць, пераглядаць варыянты рэалізацыі старых, нерэалізаваных праектаў».

Вось якія пытанні павінны былі стаяць перад галоўным архітэктарам у перспектыве:

  • Ці прыжывуцца ў Гродне таўнхаўсы і як іх упішуць у існуючую гарадскую забудову? Нарматыўнага дакумента па такой забудове няма. Рашэнні трэба прымаць індывідуальна ў кожным канкрэтным выпадку
  • Ці вырасце горад уверх? Гродзенцы з вуліцы Горкага да гэтага часу супрацівяцца будаўніцтву высоткі на кальцы Горкага-Болдзіна. Хто будзе прымаць рашэнне па гэтым пытанні, не ясна.
  • Жыллё будзе будавацца ў асноўным за кошт ушчыльнення мікрараёнаў - як будзе вырашацца пытанне з паркоўкамі? На традыцыйныя «плоскасныя» ў дварах няма месца, а для будаўніцтва падземных паркінгаў няма нарматыўнай базы.
  • Як забудуюць тэрыторыю былой ваеннай часткі на Фолюшы? Ці атрымаецца захаваць там паркавую зону і не знішчыць Ласасянку?

Чытайце таксама: