Пытанне «што рабіць з піўзаводам» стаіць рубам ужо больш за пяць гадоў. У 2014 будынак прадалі кампаніі «ЭкаПрамЭнерга», якая абяцала рэканструяваць завод пад гандлёва-забаўляльны комплекс, але так гэтага і не зрабіла. У 2017 гродзенскі студэнт прапаноўваў свой варыянт рэканструкцыі — з хостэлам, музеем піва і рэстаранам. Урэшце, планы і мары зруйнаваў пажар у 2018. Зараз свае прапановы ўносіць блогер і краязнаўца Яўген Аснарэўскі. Яны з большага тычыцца не функцыянальнага прызначэння, а магчымасцяў упісаць пабудову ў краявід горада. Магчыма, прапановы прыдадуцца новым інвестарам, бо завод ізноў выстаўлены на аўкцыён.

Разваліны завода псуюць панараму

Будынак гродзенскага піўзавода размешчаны ў маляўнічым месцы — на падножжы ўзгорка з драмтэатрам. Ён з’яўляецца часткай цудоўнага пейзажу Гродна. Вандроўцы любаваліся гэтай панарамай з даўніх часоў. І бывалі ў захапленні! Зараз прыезджыя таксама любяць аглядаць горад з левага берага «бацькі Нёмана». Але ўражанне ад панарамы з велічнымі храмамі псуе занядбаны прамысловы аб’ект — былы палац Кунца, больш вядомы гродзенцам, як піўзавод.

Палац ці завод?

Будынак былога піўзавода купца Кунца мае даўнюю гісторыю. У мінулым гэта — адна з самых велічных арыстакратычных рэзідэнцый Гродна. Карані гэтага наднёманскага маёнтка ідуць з 16 стагоддзя. Гісторыкі звязваюць палац з імёнамі знакамітых прадстаўнікоў роду Сапегаў, Валовічаў і Агінскіх.


Аўтар праекта рэстаўрацыі піўзавода: «Сцены трэцяга паверху можам страціць нават ад моцнага ветру»


Адносна канкрэтных будаўнікоў каменнага палаца ў даследчыкаў няма адзінага меркавання. Аднак лічыцца, што ў 17 стагоддзі палац быў мураваным. На плане Гродна пачатку 18 стагоддзя таксама бачны гэты палац.

Палац на пачатку 18 стагоддзя
Ён мае чатыры алькежы на кутах, і ўяўляе сабой досыць характэрны для палацавай архітэктуры Рэчы Паспалітай будынак. Алькеж- вуглавая адасобленая частка жылога дома, якая звонку выступае за плашчыню сценаў, часта ў выглядзе вежападобнага аб’ёму.

Алькежы такіх рэзідэнцый накрываліся велічнымi купаламi, якiя надавалі ім падабенства да замкавых вежаў. Падобныя палацы Швецыі і Чэхіі называюць замкамі.

План палаца на пачатак 18 стагоддзя
Аднак ужо на плане сярэдзіны 18 стагоддзя палац намаляваны з двума алькежамi з боку Нёмана. Ён адзначаны як каменны і акружаны драўлянымі флігелямі. У наступныя гады рэзідэнцыя стала хіліцца да заняпаду і ў 19 стагоддзі перастала выконваць прадстаўнічыя функцыі.
План на сярэдзіну 18 стагоддзя
На адной з першых фатаграфій горада, зробленай у сярэдзіне 19 стагоддзя, палац ужо не мае алькежаў. Яны былі ўбудаваныя ў асноўны аб’ём будынка. Набыўшы былы палац, купец Кунц перабудаваў яго ў піўзавод.

Што варта захаваць

Што ж засталося ў гэтым будынку ад калісьці шыкоўнага палаца-замка? На першы погляд можа здацца, што няшмат. Але варта прыгледзецца да фасаду з боку Нёмана і стануць прыкметныя часткова захаваныя вялікія пілястры — характэрная прыкмета палацавай архітэктуры Рэчы Паспалітай.

Добра бачныя і ўбудаваныя алькежы, па краях аб’ёму былога палаца. Ні ў якім разе нельга знішчаць гэтыя каштоўныя элементы падчас рэканструкцыі. Наадварот — іх варта падкрэсліць.


Піўзавод ў Гродне выставяць на таргі ў другім паўгоддзі 2019 года


Палац-замак глядзеўся б у панараме горада лепш, чым прамысловы аб’ект. Як жа вярнуць старому заводу трохі палацавага глянцу? Вельмі проста. Для гэтага не трэба знішчаць усе пазнейшыя прыбудовы завода, дастаткова проста вылучыць стары аб’ём палаца іншым колерам, як гэта зроблена падчас рамонту палаца сядзібы Станіславова. Над убудаванымі алькежамі можна зрабіць купалы, вярнуўшы ім «замкавы» выгляд. Атрыманы фасад будзе даволі дакладна адпавядаць выгляду часоў рэзідэнцыі Агінскіх. Уяўляеце, як выйграе ад гэтага панарама Гродна?

А каб прадставіць яшчэ дакладней, як бы гэта магло выглядаць, можна паглядзець на фасад рэзідэнцыі Нямцэвічаў у Скоках. Задні фасад гэтага палаца моцна падобны да колiшняга фасада гродзенскага палаца Агінскіх над Нёманам.


Пажар на гродзенскім піўзаводзе: сумны канец слаўнай гісторыі?


Палац Нямцевiчаў у Скоках. Фота: Tatiana Matlina
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life