У Следчым камітэце пацвердзілі смерць 65-гадовага жыхара вёскі Старая Рудня пад Астраўцом, які страляў у міліцэйскіх. Таксама ведамства ўзбудзіла крымінальную справу па ч.1 арт. 14, арт. 362 (замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Як разгортваліся падзеі?

У міліцыю паступіла інфармацыя, што 65-гадовы жыхар вёскі Старая Рудня захоўвае незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу і пагражае ёй суседзям. Міліцыянты разам з атрадам спецыяльнага прызначэння “Цыклон” выехалі па месцы яго жыхарства ў ноч з 22 на 23 кастрычніка.

Убачыўшы сілавікоў, мужчына аказаў узброены супраціў – стрэліў у супрацоўнікаў. Як сцвярджае прэс-служба МУС, мужчына быў “агрэсіўна настроены”.

Супраць вяскоўца ўжылі зброю і адкрылі агонь на паражэнне – яго забілі. Падчас агляду дома мужчыны знайшлі самаробную зброю.

Па паведамленнях МУС, пацярпелых сярод сілавікоў няма.

Што жыхары вёскі кажуць аб суседзе?

Паводле інфармацыі журналістаў Onliner.by, мужчына па імені М., які страляў, жыў на хутары ў лесе — крыху ў баку ад Старой Рудні, дзе захавалася некалькі жылых дамоў.

Па словах жыхароў суседніх вёсак, некалі М. працаваў лесніком, але ў апошнія гады жыў «як пустэльнік». Электрычнасць у яго доме адрэзалі.

Адна з жыхарак суседняй вёскі Антанішкі кажа, што пра страляніну даведалася ад сына: выстралаў у іх вёсцы не было чуваць.

— Пасля таго, як яго маці забіў нейкі алкаш і кінуў у студню, М. перастаў дружыць з галавой. Гадоў мо дваццаць з таго прайшло, — сцвярджала ў размове з журналістамі жанчына. 

Па словах яшчэ адной мясцовай жыхаркі, М. ведалі ў ваколіцы. Яна таксама пацвердзіла, што мужчына моцна змяніўся ў паводзінах пасля трагічнай гібелі маці.

— У яго былі нейкія завіхрэнні. Бывала, казаў, што ціпа на сасонцы ў яго ксёндз сядзеў або што яго там нехта старажыў ці забіць хацеў, — узгадвае жыхарка Т.

Паводле яе слоў, М. так і не аформіў пенсію, хаця ўжо падыходзіў па ўзросце. Казалі, што ў мужчыны заставаўся пашпарт яшчэ савецкага ўзору, і, верагодна, з гэтай прычыны ўзніклі праблемы з дакументамі.

Хто выклікаў сілавікоў і адкуль у мужчыны ўзялася зброя?

Па інфармацыі Oniner, калі адкрылася стральба, міліцыю выклікаў дачнік – ён валодае домам па суседстве з хутарам і прыязджае туды ў цёплы сезон.

Суседзі не ведаюць, адкуль у мужчыны ўзялася зброя. Мяркуюць, што ён мог трымаць зброю, бо жыў адзін у лесе.

Чытайце таксама: У міліцыі абверглі здагадкі аб жывадзёры, які мучае катоў у Гродне