Гродненка Крысціна Лабачэўская жыла ў Пярэселцы, а цяпер — на вуліцы Каліноўскага. З трэцяга паверху праз вокны відаць месца, дзе раней стаяў іх дом. Тую частку Пярэселкі знеслі 10 гадоў таму. Зараз там шматпавярховікі і паркоўка.
Крысціне Лабачэўскай 88 гадоў. Яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў вёсцы Пушкары недалёка ад Гродна. Маёўкі і крыжы на раздарожжах былі часткай жыцця вёскі. Асабліва, калі ў ёй не было касцёла.
У беларускіх вёсках, дзе не было храмаў, месцам збору вернікаў рабіліся крыжы. Да бліжэйшага касцёла трэба было ісці пешшу. Дарога магла быць у пяць ці нават дзесяць кіламетраў. Звычайна ў храм выбіраліся ў нядзелю. Будзёнымі днямі хадзілі да «свайго» крыжа. Быў такі крыж і ў Пярэселцы, куды Крысціна Лабачэўская пераехала ў 1956 годзе, калі выйшла замуж. На яго месцы зараз стаіць дом з алімпійскім мішкам.
- Пярэселка, Шанхай і Палестына: у Гродне стварылі карту «народнага» раянавання горада пасляваенных гадоў
- «Мы ўвайшлі ў горад са сваімі традыцыямі». Жыхар Пярэселкі правёў экскурсію па сваім раёне
У пасляваенныя гады вёска Пярэселка расцягвалася ад сучаснага БЛК да вуліцы Каліноўскага і Літоўскага ручая. У вёсцы было больш за 50 дамоў. У 1970-я горад паступова стаў паглынаць вёску. На канец 1980-х ад вёскі застаўся толькі адзін дом на аднайменнай вуліцы Пярэселка. Раён Гродна, які называюць Пярэселкай, складаўся з Падпярэселкі (рова ад Нёмана да вул. Каліноўскага і ўздоўж вул. Горкага) і былой вёскі Пярэселка (раён вул. Каліноўскага і праспекта Будаўнікоў).
«Колькі сябе помню, столькі і хадзіла на маёвыя»
У пачатку 80-х, пасля Алімпіяды-80, тут пачалі будаваць дамы праспекта Будаўнікоў. Ужо хадзілі гарадскія аўтобусы і дзеля бяспекі транспарту вернікі прыбралі драўляны крыж з раздарожжа. Тады адна з жанчын, што жыла на «вясковай» частцы Пярэселкі, дазволіла ўсталяваць новы металічны крыж на сваім падворку. Грошы на яго збіралі ўсёй былой вёскай.
«Дождж не дождж, сядзелі з парасонамі»
«Каля крыжа заўсёды было прыгожа, прыносілі свежыя кветкі - бэз, цюльпаны і півоні, — расказвае жанчына. — Стаяў стол [імправізаваны алтар], на ім фігура Маці Божай, крыж і две свечкі. Выносіліся лаўкі, каб усё маглі сесці. Збіраліся ў любое надвор’е, штовечар каля восьмай. Дождж не дождж, сядзелі з парасонамі».
Па словах Крысціны, жыхары суседскіх шматпавярховікаў «пазіралі з усіх вокнаў» — не маглі зразумець, што адбываецца пад крыжам. «Глядзелі на нас, як на дзіўных, але потым некаторыя далучыліся да нас на малітвы».
На адной з лавак садзіліся пеўчыя — жанчыны, якія прыгожа спявалі. Астатнія падпявалі. Распачыналася набажэнства заўсёды з малітвы, пасля спявалі «марыйныя» песні: «Сэрдэчна Матка» ці «Па горах-далінах».
«У кожнай былі сваё спеўнікі, дзе былі ўсе малітвы і песні», — гаворыць пані Крысціна. Калі запрашалі святара, збіралася больш за паўсотні чалавек — часам нават не хапала лаваў. Ксёндз маліўся за жывых і памерлых жыхароў даўняй Пярэселкі.
Апошні дзень «маёвых» быў самым урачыстым. Тады спявалі стоячы «Цябе Бога праслаўляем».
«Апошнія гады хапала адной лавачкі»
«Нават калі ўжо памерла гаспадыня дома, дзе стаіць крыж, прыходзілі яшчэ два гады, — узгадвае Крысціна. — Яе нявестка адкрывала нам браму, і мы маліліся». Наведваць маёўкі ўжо амаль не было каму. Збіраліся 5−10 чалавек — хапала адной лавачкі.
Агулам маёвыя набажэнствы пад крыжам на Пярэселцы праходзілі каля 20 гадоў.
«Толькі летась ужо не хадзілі з-за пандэміі, — гаворыць жанчына — У гэтым годзе, напэўна, таксама ніхто не прыйдзе».
Што будзе на месцы Пярэселкі: Гэта частка Гродна ўвойдзе ў тэрыторыю праектавання новага мікрараёна «Вясновы». Ён размесціцца паміж вуліцамі Каліноўскага і Вясновай. Раён забудуюць дамамі рознай высотнасці з падземнымі паркоўкамі. Праспект Будаўнікоў падоўжаць на 800 метраў у бок вуліцы Вясновай. У новым раёне будзе 2284 кватэры. Пад знос пойдуць 80 прыватных дамоў. Іх ужо абследавалі і ацанілі. Гаспадарам прадаставяць кватэры і пакрыюць выдаткі за страчаныя збудаванні, высечаныя дрэвы і насаджэнні. Раён плануюць пабудаваць на працягу трох гадоў. Пачаць будаўніцтва — ужо ў 2021.
Дом, на падворку якога стаіць крыж, таксама патрапляе пад знос. Ці перанясуць некуды крыж, пакуль дакладна невядома.
Чытай больш:
- Пазнаёміцца з мужам дапамагла «Анна Каренина». Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
- «Мы — Усікі». Гісторыя сям'і, у гонар якой назвалі пляж у Гродне
- Cляды расстрэлаў у Пышках шукалі яшчэ ў 1992 годзе: былі нават раскопкі
- «Быў cолтысам у Пярэселцы і ратаваў людзей». Гродзенка распавяла пра бацьку, якога 75 гадоў таму назвалі ворагам і замардавалі ў турме