У пачатку 1990-х на месцы меркаванага пахавання людзей на ўскраіне гродзенскага лесу Пышкі гарадскія ўлады праводзілі пошукі і нават планавалі ўсталяваць помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Што знайшлі і чаму манумент не быў устаноўлены, распавёў Hrodna.life тагачасны намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч.

Што за гісторыя з расстрэламі?

Пра тое, што ў Пышках пасля вайны адбываліся расстрэлы, рэдакцыі Hrodna.life распавялі некалькі чалавек. Упершыню мы пачулі гэтую гісторыю ад Аліцыя Кізюкевіч, калі запісвалі яе ўспаміны. У 1946 годзе ёй было 12 гадоў. Яе бацька стаў сведкам расстрэлаў. За савецкім часам Аліцыя і іншыя жыхары вёскі хадзілі ў лес і насілі на месца расстрэлаў кветкі, але хто там быў пахаваны дакладна, яны не ведалі. Вяскоўцы казалі, што туда вывозілі людзей з гродзенскай турмы.


Чытайце таксама: Успаміны 85-гадовай гродзенкі: «Масавыя расстрэлы праходзілі і пасля вайны»


Паказаць, дзе расстрэльвалі людзей, Аліцыя не магла з-за хваробы ног. Але яна паспрабавала растлумачыць, куды трэба ісці. У красавіку 2019 года мы выйшлі на вызначанае месца. Да пошукаў далучыўся гродзенскі краязнаўца Мікалай Таранда, які ў канцы 1980-х гадоў спрабаваў адшукаць месца расстрэлаў з былым жыхаром вёскі Пярэселка. Але яны 30 гадоў таму не змаглі яго знайсці.

Падчас пошукаў у 2019 годзе

Чытайце таксама: «Павінен быць хоць нейкі крыж». Гродзенцы збіраюць інфармацыю пра расстрэлы ў Пышках


У пачатку лютага 2020 года ўжо іншыя жыхары Пярэселкі вырашылі паказаць прыкладнае месца расстрэлаў. Тадэвуш Лаўрушкевіч і Ян Аніська распавядалі, што ў 1950-я не раз пасвілі кароў каля пахаванняў.


Чытайце таксама: Былыя жыхары Пярэселкі паказалі, дзе ў Пышках пасля вайны расстрэльвалі людзей

У Пышках праводзілі раскопкі

Палітык, а ў мінулым намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч распавёў, што ў першыя гады незлежнай Беларусі ён таксама займаўся тэмай расстрэлаў у Пышках.

«У лютым 1991 года ў Гродзенскі выканкам паступіла заява ад старшыні аддзялення асацыяцыі ахвяраў палітрэпрэсій Паўла Жука з інфармацыяй ад мясцовага жыхара Кізюкевіча Мар’яна Францавіча, які паведамляў што ў лесе недалёка ад уезду на тэрыторыю цяперашняга абласнога туберкулёзнага дыспансера карныя органы пасля вайны праводзілі расстрэлы людзей, якіх там жа і закопвалі, — распавядае Аляксандр Мілінкевіч. — Сведка прапанаваў паказаць месца больш‑менш дакладна. У архівах УКГБ матэрыялаў, якія сведчылі б пра расстрэлы, тады знайсці не ўдалося. Але пракуратура зрабіла праверку на ўказаным месцы.

У гарвыканкаме было вырашана правесці раскопкі. Была выкапана яма 2×1,5 метры. Шукалі тады і магільны грудок, на якім, як казалі мясцовыя, час ад часу з’яўляліся кветкі. На жаль, нічога не было знойдзена. Новы лес, які вырас ва ўрочышчы, да непазнавальнасці змяніў яго".

У гэтым леску, меркавана, знаходзяцца пахаванні

Помнік ахвярам палітрэпрэсій так і не з’явіўся

У Пышках маглі быць забітыя пасляваенныя ахвяры палітычных рэпрэсій.

«Яшчэ ў канцы 1990 года Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб устаноўцы ў горадзе помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Паўторнае рашэнне аб устаноўцы такога помніка было прынята праз два гады. Яго не ўдалося выканаць, як і прынятыя рашэнні гарвыканкама аб стварэнні ў Гродне помнікаў Каліноўскаму і Багдановічу. Спачатку аказваў моцнае супраціўленне аблвыканкам, а потым палітыка дзяржавы змянілася», — дадаў Аляксандр Мілінкевіч.


Чытайце таксама: Драўлянага Вітаўта павінны былі ўсталяваць у Лідзе, але паставілі ў Гродне. І чаму не з’явіліся помнікі Каліноўскаму і Багдановічу

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.