З 1 кастрычніка 2027 года перавозчыкі будуць перадаваць у адзіную сістэму продажу білетаў звесткі пра пасажыраў аўтобусаў і маршрутак, якія едуць праз мяжу Беларусі. Інфармацыю змогуць атрымліваць памежнікі і іншыя сілавыя ведамствы.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 34. Дакумент апублікавалі 9 верасня 2026 года.

Якія звесткі будуць перадаваць

Перавозчыкі паведамяць дзяржаве:

  • прозвішча, імя і імя па бацьку пасажыра;
  • пол і дату нараджэння;
  • грамадзянства;
  • назву і нумар дакумента, паводле якога купілі білет;
  • тэрмін дзеяння дакумента.

Самому пасажыру асобна адпраўляць гэтыя звесткі не трэба. Перавозчык возьме іх з даных, пазначаных пры куплі білета.

Хто атрымае інфармацыю

Звесткі будуць захоўвацца ў адзінай дзяржаўнай сістэме продажу білетаў на аўтобусныя перавозкі.

Доступ да іх атрымаюць памежнікі і дзяржаўныя органы, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю.

Колькі часу будуць захоўваць даныя, у пастанове не пазначана. Гэта, як і спосабы абароны інфармацыі, вызначаць у асобных пагадненнях з перавозчыкамі.

Датычыцца таксама самалётаў і цягнікоў

Авіякампаніі таксама будуць перадаваць дзяржаве інфармацыю пра пасажыраў міжнародных рэйсаў. Даныя трапяць у аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму персанальных даных пасажыраў паветраных суднаў.

Звесткі пра тых, хто перасякае мяжу на цягніку, трапяць у сістэму браніравання і продажу чыгуначных білетаў.

Пастанову апублікавалі 9 верасня 2026 года. Палажэнні аб перадачы даных пасажыраў міжнародных цягнікоў і самалётаў набылі моц пасля публікацыі дакумента.

Аднак для аўтамабільных перавозчыкаў новае патрабаванне пачне дзейнічаць толькі з 1 кастрычніка 2027 года.