Гродзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Яўген Махнач падрыхтавалі карту Гродна з указаннем аб’ектаў, якіх часцей за ўсё не пабачыш на афіцыйных картах. Гэта месцы “тусовак” моладзі 1960-70-х гг., а таксама неафіцыйныя раёны, на якія дзяліўся Гродна 1960-70-х гг.

Сёння гродзенцы, якія жывуць у шматпавярховых мікрараёнах Вішняўца ды Альшанкі, часта нават не чулі пра існаванне гродзенскіх Палестыны ды Шанхая. А між іншым гэта толькі сёння сонныя квартальчыкі прыватнай забудовы, якія хаваюцца недалёка ад гістарычнага цэнтра. Яшчэ гадоў 40-50 таму большая частка гродзенскай моладзі жыла менавіта ў гэтых раёнах.

Кажа гісторык Андрэй Вашкевіч: “У кожнага з нас свой Гродна. І пачынаўся ён не з Замкавай Гары і Каложы, а з прапахлых гудронам ды асфальтам мікрараёнаў. Мы раслі ў 1980-90-х гг. і гэтая эпоха яшчэ дачакаецца сваіх летапісцаў, а вось тыя, хто памятае Гродна 1960-70-х гг. ужо немаладыя людзі і асабліва цікава зафіксаваць іх успаміны ў такім картаграфічным варыянце.

Адразу скажу – наша карта ахоплівае адрэзак часу ў чвэрць стагоддзя і моладзь 70-х гг. можа шмат чаго не ведаць пра нефармальнае раянаванне 60-х гг. Гэта быў натуральны працэс – там дзе было найбольш моладзі, там і з’яўляліся моладзевыя групоўкі. Напрыклад густа заселеныя ў 1950-х гг. Цагельня або Учхоз да 1970-х гг. ужо былі зусім ціхімі раёнамі, а Камароўка і Фарты з’явіліся толькі ў другой палове 1960-х гг.”

Гісторыкі нанеслі на карту больш 50 аб’ектаў: раёны, пляжы, кінатэатры і іншыя “нефармальныя” тапонімы. Яны падкрэсліваюць, што высвятленне адносін паміж гродзенскай моладзю амаль ніколі не набывала адкрыта крымінальны характар, як гэта было, скажам у Воршы. Цэнтр і Занёманскія сыходзіліся ў сутычках пад навагодняй елкай на Савецкай плошчы або на Старым мосце, але ніхто ніколі не ставіў задачу скалечыць чалавека, або тым больш – забіць яго.

Цікава таксама паглядзець і на мову тапонімаў. Яны адлюстроўваюць тое шматмоўнае асяроддзе, якое існавала ў Гродне пасля Другой сусветнай вайны. Дзеці савецкіх чыноўнікаў і вайскоўцаў гаварылі па-руску, рабочая моладзь актыўна карысталася беларускай мовай, або хаця б трасянкай, а маладыя з даваенных раёнаў умелі па-польску. Толькі не чутно ўжо было ідыша, паколькі яўрэйская абшчына была знішчана ў гады вайны амаль цалкам.

Гісторыкі дзякуюць за дапамогу ў складанні карты старэйшым гродзенцам і запрашаюць да яе далейшага рэдагавання і дапаўнення.