нерухомасць у Гродне

Студэнт гістфака Аляксандр Перагудаў прапануе гэта не ўпершыню. Яшчэ ў красавіку ён на сваіх старонках у сацыяльных сетках размясціў падобную прапанову, але тады на яго ініцыятыву амаль ніхто не звярнуў увагі. Зараз ён узгадаў пра сваю ідэю, бо ў іншых гарадах падобную задумку пачалі рэалізоўваць. За апошні час дубляваць старыя назвы вуліц сталі ў Міры і Мінску. Дык чаму б не зрабіць такога і ў старым Гродне?

Аляксандр — актыўны ўдзельнік праекта «Жывая гісторыя». Ён вядомы ў горадзе як стваральнік цікавых і незвычайных праектаў звязаных з гісторыяй Гродна.

«Ідэя не новая, але вельмі актуальная сёння. Гарадзенцам варта звярнуць увагу на іншыя гарады, дзе па ініцыятыве мясцовых уладаў і гараджан ужо прадублявалі назвы вуліц.

Гэта зробіць прагулкі па вуліцах гістарычнага цэнтра яшчэ больш цікавымі, бо старыя назвы могуць расказаць нямала — напрыклад, хто жыў на гэтай вуліцы, куды яна вяла, што было побач. Гараджане адкрыюць для сябе шмат новага, тым больш цікава будзе турыстам", — сказаў студэнт.

У Гродне падпісваць вуліцы старымі назвамі прапаноўвалі ўжо даўно. Яшчэ ў 2010 годзе гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Наталля Сліж агучвалі такую ідэю, але тады гарадскія ўлады на гэта нават не звярнулі ўвагі. Краязнаўца Віктар Саяпін таксама не раз прапаноўваў гэта, але выніку не было.

«Гэта пытанне я ўпершыню ўздымаў некалькі гадоў таму. Такая традыцыя пачалася з раённых цэнтраў, затым падобныя шыльды з’явіліся на пешаходнай вуліцы Магілёва. Калі ў Гродне абвешчаны мараторый на перайменаванні, то гэта самы рэальны спосаб вярнуць згубленую памяць. І зрабіць гэта трэба не толькі для турыстаў, у першую чаргу — для гарадзенцаў. Бо многія гараджане не ведаюць гісторыі вуліц, на якіх жывуць і ходзяць кожны дзень. А горад з шматвяковай гісторыяй павінен яе беражліва захоўваць», — сказаў краязнаўца.

У Мінску дубляванн вуліц пачалося са збору подпісаў. У 2015 годзе актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» сабралі некалькі тысяч подпісаў пад зваротам да сталічных уладаў і Міністэрства культуры з прапановай размясціць на 16 вуліцах, 2 праспектах і 2 плошчах у цэнтры горада Мінска дублюючыя таблічкі з указаннямі іх ранейшых назваў. Чыноўнікі ідэю падтрымалі і паабяцалі да канца 2016 года ўвасобіць яе ў жыццё.