У аграгарадку Абухава ў пачатку лістапада адкрылі абноўлены басейн для школьнікаў, мясцовых жыхароў і спартсменаў. Раней будынак басейна выстаўлялі на продаж з 90% зніжкай – мясцовыя казалі журналістам, што хацелі б адваяваць басейн.

У ходзе рамонту ў будынку абнавілі памяшканні, басейны і абсталяванне. Цяпер тут з’явіўся вялікі басейн для навучальных і трэніровачных заняткаў, а таксама аздараўленчага плавання. Малы басейн прызначаны для навучання плаванню дзяцей. Адначасова ў ім змогуць займацца да 42 чалавек.

Басейн спрабавалі прадаць з 2020 года, у 2024 яго зноў выставілі на аўкцыён са скідкай у 90% – кошт складаў 48,4 тыс. руб. Па ўмовах аўкцыёну басейн нельга было купіць у асабістае карыстанне, але там можна было размясціць аб’ект грамадскага харчавання, спартыўна-аздараўленчы, медыцынскі або культурна-забаўляльны цэнтр, крамы або офісы.

Мясцовыя пенсіянеркі яшчэ ў 2021 годзе казалі журналістам, што хацелі б адваяваць басейн, але не ведаюць як. «Вельмі кепска, што басейн закрылі і не адкрываюць. Ужо колькі год стаіць так. Гэтулькі шмат там месца, такі шыкоўны басейн быў, а цяпер стаіць без толку, хутка рассыплецца ўвесь будынак», – цытаваў іх Onliner.

Чытайце таксама: Гродзенцы схадзілі ў абноўлены аквапарк «Лазурный» – у іх засталіся пытанні