Hrodna.life працягвае збіраць гісторыі гродзенскіх старажылаў. Сённяшняя гісторыя — ад 97-гадовай Марыі Лягчылінай, якая ўсё жыццё жыве ў раёне Пярэселкі.

Марыя Іосіфаўна Лягчыліна (Эйсмант) нарадзілася ў 1923 годзе ў Пярэселцы. Праваслаўная. У 1940 годзе скончыла шасцімесячныя курсы выкладчыкаў будучага Гродзенскага педінстытута. Перад самай вайной выйшла замуж за савецкага афіцэра. Падчас нямецкай акупацыі была ў Смаленскай вобласці.

«Маці мая з вёскі Пярэселка, мясцовая. А бацька з Эйсмантаў, таму і прозвішча такое. У яго была сям’я каталіцкая, але па пэўных прычынах яго хрысцілі ў праваслаўнай веры. Пасля ён апынуўся ў прытулку для дзяцей у Гродне. Ён распавядаў, што бачыў будаўніцтва Свята-Пакроўскага сабора на Ажэшкі.

Бацьку ў маладым узросце прызвалі ў армію і ён быў ахоўнікам пры царэвічы. Пасля рэвалюцыі вярнуўся ў Гродна, працаваў на цагляным заводзе ў Грандзічах і ў Гродне ў яўрэя Аркіна. Мама была хатняй гаспадыняй. Хадзіла на падпрацоўку на агароды да яўрэя Калмана, яны былі там, дзе сёння Каложскі парк. І аднойчы гэты гаспадар заплаціў маме велізарным абразом. Ён доўгі час захоўваўся ў нас у хаце, а пасля мы вырашылі яго перадаць усёй сям’ёй у наш прыход, у Каложу. Толькі яго цяпер там няма".

Пазнаёміцца з мужам дапамагла "Анна Каренина". Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
Бацька Марыі Іосіф Эйсмант падчас службы ў царскім войску

Песні Эймантаў былі чутныя па ўсёй Пярэселцы

Марыя кажа, што да вайны Эйсманты ў Пярэселцы жылі бедна, але дружна. У яе бацькоў было трое дзяцей: Марыя і два малодшыя браты.

«У нас дома ў Прасялцы заўсёды было весела, бо мае браты былі музыкамі. Адзін граў на барабанах, а другі на акардэоне. Пасля працы і ў выхадныя дні ўсе перэселкаўскія збіраліся ў нас. Танцавалі і спявалі. Але бацька быў строгім, памятаю, рассаджваў усіх дзяцей дома і прымушаў спяваць. Трэба было яшчэ правільна спяваць. Праз гэта нашыя песні былі чутныя па ўсёй Пярэселцы і мясцовыя казалі: „О, Эйсманты ўжо заспявалі“».

Пазнаёміцца з мужам дапамагла "Анна Каренина". Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
У Пярэселцы, 1940-я гг.

Прадалі зямлю, каб адправіць дзяцей у школу

Пайшла Марыя ў школу толькі ў 9 гадоў. Сям’я не магла своечасова адправіць яе вучыцца. Прыйшлося чакаць, пакуль яе браты падрастуць. Толькі тады ўсіх разам іх адправілі ў школу.

«Для нашай адукацыі ў 1932 годзе бацькі вырашылі прадаць кавалак зямлі ў Пярэселцы. Усё для таго, каб мы пайшлі ў школу. Адправілі нас у бліжэйшую № 8 імя Юзэфа Пілсудскага на Базыліянскай [суч. Лермантава].

Адразу калі прыходзілі ў школу, то станавіліся ў калідоры на малітву. Усе класы. Праспяваем малітву, тады толькі ішлі на заняткі па класах. Памятаю дырэктара Юзафа Вевюрскага, настаўніка Баляслава Брановіча — строгі быў і ненавідзеў саветаў. У школе нават дзецям казаў, што там у Расіі хацелі б забіць Сталіна, але не ведаюць якога, таму што іх там некалькі.

Памятаю, неяк я яму дрэнна адказала, а ён мне па лапе лінейкай. Пасля таго як прыйшлі саветы ў Гродна, Брановіча забралі за яго размовы".

Праца і гандаль у даваенным Гродне

У 1939 годзе Марыя скончыла 7 класаў школы, але пасведчанне аб заканчэнні ёй не выдавалі. Забраць дакумент ўдалося толькі пасля прыходу саветаў.

«Яшчэ да пачатку баявых дзеянняў у Гродне хадзілі чуткі, што пачнецца вайна з немцамі. Пра гэта казалі і пісалі. Але ўсе працягвалі жыць спакойна. Жылося цяжка, але жылі. Бацька не заўсёды мог дастаць працу, у першую чаргу давалі яе палякам. А беларусам толькі потым. Таму ён часта хадзіў падпрацоўваць з пілой і сякерай. Стаяў у горадзе і чакаў пакуль запросяць яго людзі.

Бацька атрымліваў зарплату раз у тыдзень, тады так плацілі. Грошы ён даваў маме і мы з ёй у суботу хадзілі ў горад па пакупкі. На рыбны рынак заходзілі, выбар быў там вялікі. У розныя крамы заходзілі. А калі грошай не хапала, то давалі прадукты ў растэрміноўку, ці як казалі яшчэ «на кніжку». Потым аддавалі даўгі. Прысмакі не куплялі, апельсіны і бананы бачылі толькі на вітрынах.

А яшчэ памятаю, ідзеш па цэнтры горада і на тратуары надпіс: «Не купляй у жыда! Бі жыда». Забаранялі купляць у яўрэяў. Але людзі ўсё роўна да іх ішлі, бо танней прадавалі і з імі можна было заўсёды пагандлявацца".

Сябравала з Вольгай Соламавай

Да прыходу Чырвонай Арміі ў Гродна ў верасні 1939 года Эйсманты паставіліся лаяльна. На абарону горада не выходзілі, але і не віталі новую ўладу.

«З саветамі ўсе ў горадзе памянялася. Сусед Капыцкі мне адразу параіў ісці на шасцімесячныя настаўніцкія курсы, якія арганізавала новая ўлада. Там акурат усім студэнтам стыпендыю плацілі. Я пайшла і там вучылася разам з Вольгай Соламавай — вядомай падпольшчыцай, якая загінула падчас вайны.

Адвучылася і пасля заканчэння адразу мяне адправілі працаваць. Адправілі ў вёску Падліпкі [вёска каля Брузгоў - рэд.]. Там я была не толькі настаўніцай, але і загадчыцай школы. Была ў мяне адна памочніца — жонка святара. Вучылі разам дзяцей у дзве змены.

Вольгу Соламаву адправілі ў вёску Іванаўцы. Яна прыходзіла да мяне з дзяўчатамі. Збярэмся ўсе разам і хадзілі ў Кузніцу [сёння мястэчка ў Польшчы, каля 5 км ад Падліпак — рэд.] купляць кнігі і сшыткі. Ішлі і спявалі. У Вольгі была любімая песня «Колосилась в поле рожь густая».

Бацька быў супраць шлюбу з савецкім вайскоўцам

Праз некалькі месяцаў Марыю адправілі ў іншую вёску, дзе не было настаўнікаў. Там яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

«Як называлася тая вёска, я ўжо і не памятаю, але гэта недалёка ад сучаснай мяжы. Там побач у Брузгах стаяла вайсковая частка і часта можна было сустрэць салдат. Бліжэй да Новага года я зрабіла ў школе свята, паставіла елку, зладзілі танцы.

Pазірнулі да нас вайскоўцы. Адзін з іх — лейтэнант Аляксея Лягчылін — да мяне падышоў і сказаў: «Трэба ваш дом праверыць, каб там не было лішняй літаратуры. Мы пайшлі ў хату і ён знайшоў там кнігу «Анна Каренина». Папрасіў пачытаць, ну я тады яму сказала, каб ён напісаў распіску, што абавязваецца вярнуць. Напісаў.

Як аказалася, гэта быў мой будучы муж. Кнігу ён і раней чытаў гэтую, яму проста была патрэбная нагода вярнуцца да мяне. Вось такім спосабам ён са мной і пазнаёміўся, а потым стаў мужам. Сам ён родам са Смаленскай вобласці, таксама быў настаўнікам да войска"

У 1941 годзе, за чатыры месяцы да пачатку вайны, Марыя з Аляксеем распісаліся. Шлюб рэгістравалі ў Гродне.

«Мне не хапала двух месяцаў да 18 гадоў і нас не хацелі распісваць у гарадскім ЗАГСе. Аляксею было 27 тады. Але мы дамовіліся і нас усё-ткі распісалі. Мой бацька быў супраць шлюбу з савецкім вайскоўцам. Мама даслала брата да мяне і перадала, каб я не вяла мужа дадому, бо бацька б яго забіў. Таму вяселля ў нас не было ніякага, проста распісаліся».

Пазнаёміцца з мужам дапамагла "Анна Каренина". Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
Вясельны малюнак Марыі і Аляксея, 1940 г.

Эвакуіравалася ў Смаленск

Калі пачалася вайна, Марыя была ў вёсцы. Муж Аляксей у той час знаходзіўся ў Ваўкавыскім раёне на вучэннях. Вайна разлучыла сям’ю на чатыры гады.

«Як толькі немцы напалі на СССР, рускія сем'і сталі з’язджаць на ўсход. І я вырашыла паехаць з імі. Пакінула ў Гродне бацькоў і з’ехала, нават нічога ім не сказала. Баялася заставацца, бо немцы маглі расстраляць з-за таго, што я была настаўніцай і жонкай савецкага афіцэра. Я эвакуіравалася ў Смаленск, там прабыла да 1944 года. Там спачатку працавала на гаспадарцы, а потым рахункаводам у калгасе. Былі выпадкі, што і капалі акопы».

Уступіла ў камсамол, аб атрымаць добрую працу

Муж Марыі трапіў у палон. Быў у працоўных лагерах па ўсёй Германіі. Дзякуючы вынослівасці і добраму здароўю ён застаўся ў жывых.

«Ён прабыў у лагерах амаль да канца вайны. Я нават і не ведала, што ён быў жывы і выбраўся з акружэння ў першыя дні нападу Германіі. І ніхто не ведаў, што і я жывая. Была абарваная ў нас сувязь.

Ужо калі пачалі немцаў гнаць, калі ў Смаленску войскі ішлі на захад, я перадала аднаму вайскоўцу ліст для бацькоў і толькі тады яны даведаліся, што я жывая і ў эвакуацыі. А так ніхто нічога не ведаў. Мама распавядала, што ёй розныя людзі казалі, што я была забітая, або ў шпіталі ў Лідзе. І яна мяне шукала там. У Гродне наша сям’я ў Пярэселцы акупацыю спакойна перанесла. Усе выжылі".

Пасля вызвалення вярнуцца спакойна ў Гродна Марыя не магла. Толькі па спецыяльнай тэлеграме ад бацькоў ёй дазволілі прыехаць у родны горад і тое як настаўніку.

«Пасля вызвалення ў Гродне было мала настаўнікаў, вось і дазволілі мне ехаць. Перад ад’ездам дадому я спецыяльна паехала ў Смаленск, там уступіла ў камсамол, каб у Гродне мне далі добрую працу. Але па прыездзе я працавала ўжо не настаўнікам, а бухгалтарам у абласным статупраўленні. Там я прапрацавала да пенсіі».

Пазнаёміцца з мужам дапамагла "Анна Каренина". Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
Пасля вяртання ў Гродна. Марыя ў матчынай хаце, 1944 г.

Муж вярнуўся з палону — пыталіся, чаму не застрэліўся

Але самай чаканай пасля вайны для Марыі стала сустрэча з мужам у Гродне. Да самага яго вяртання ў яе не было ніякай інфармацыі пра яго.

«Муж вярнуўся ў 1945 годзе з палону. Па вяртанні яму давялося прайсці савецкую праверку: пыталіся, чаму ён не застрэліўся або не змагаўся да канца. Праверку прайшоў, але быў выключаны з партыі. Назвалі ворагам народа. Толькі пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі і зноў прапанавалі ўступіць у партыю. Але ён ужо не пайшоў.

Вядома, усе мы ўзрадваліся, калі Аляксей вярнуўся да нас у Пярэселку. Бацька яго прыняў. Жылі мы ўсе разам. Потым асобна пабудаваліся. Муж пасля вяртання працаваў у заапарку, а пасля на іншай працы. У Пярэселцы я жыву і па гэты дзень. Спачатку гэта была вёска, потым Падпярэселка, а пасля з нашага дома пачалася сучасная вуліца Чарнышэўскага".

Пазнаёміцца з мужам дапамагла "Анна Каренина". Найстарэйшая жыхарка Пярэселкі распавядае пра сваё жыццё
Марыя Лягчыліна, 2020 г.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life