Зялёны чай вядомы людзям больш за 4000 гадоў і з’яўляецца сапраўднай скарбонкай прыродных карысных рэчываў. У яго склад уваходзяць злучэнні таніна, поліфенолаў і катэхінаў, вітаміны груп А, В, С і Р, амінакіслоты, ферменты і шэраг мікраэлементаў. Як прыгатаваць чай, каб атрымаць ад напою максімум карысці, расказала Ірына Жыхар, кіраўнічка Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця».

як запарыць гарбату как заварить чай

1. Кітай ці Японія — справа густу

У Беларусі прадаюць зялёны чай з Кітая і Японіі. Карыснымі з’яўляюцца абодва. Кітайскі чай шырэй распаўсюджаны і больш танны. Японскі мае ў складзе большую колькасць поліфенолаў, што стымулююць нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы і маюць здольнасць ачышчаць кроў ад канцэрагенаў і соляў цяжкіх металаў. Выбар лепш рабіць згодна ўласнаму густу.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою

2. Лісты ўсіх чаёў аднолькавыя

Зялёны чай прадукуюць з тых самых лістоў, што і чорны, чырвоны ці жоўты. Адрозніваюцца толькі спосабы апрацоўкі лісця. Каб атрымаць зялёны чай, іх не падвяргаюць ферментацыі і завяльванню, таму ў гэтым напоі захоўваецца максімальная колькасць карысных прыродных рэчываў.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою
Зялёны і чорны чай могуць быць сабранымі з аднаго куста, але розняцца спосабамі тэрмічнай апрацоўкі лісця

3. Горкі смак — зашмат заваркі

Рэкамендаваная колькасць заваркі зялёнага чаю на дзень — каля 2 грамаў на адну асобу. Калі вам здаецца, што напой атрымаўся горкім, то часцей за ўсё гэта сведчыць не пра кепскую якасць чаю, а пра завялікую колькасць заваркі.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою
Прыкладная норма зялёнага чаю на суткі 2 грамы (каля 3−4 чайныя лыжкі заваркі)

4. Лепш спажываць да палудня

Зялёны чай моцна танізуе і ўзбуджае. Таму яго лепш ужываць у першай палове дня, прыкладна да 16.00. Тым, хто п’е зялёны чай раніцай, перад выхадам на працу, варта памятаць пра мачагоннае дзеянне напою і суадносіць яго з працягласцю дарогі ці часам да выхаду з дому.

5. Нагрэць і астудзіць

Важна, што запарваць зялёны чай трэба пры тэмпературы 70−80°С. Пры гэтым спачатку ваду даводзяць да кіпення, а пасля ахалоджваюць. Для зніжэння і вызначэння тэмпературы можна скарыстацца адным з двух спосабаў. У першым спосабе выкарыстоўваюць назіранне, што кіпень, наліты ў кубак, аддае на нагрэў посуду каля 10° цяпла. Пераліўшы такім чынам ваду тройчы, атрымаем у трэцім кубку ваду неабходнай тэмпературы.

Другі спосаб пасуе ў сітуацыі, калі няма магчымасці выкарыстоўваць шмат посуду, напрыклад, у офісе. Тады трэба адкрыць крышку імбрыка і пачакаць некалькі хвілін, пакуль вада ў ім астыне ад выпарэння. Вызначыць патрэбную тэмпературу можна, спрабаваўшы патрымаць тыльны бок запясця над парай. Калі яе тэмпература стане камфортнай для скуры, можна запарваць чай.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою
Паслядоўна пераліваючы кіпень з аднаго кубка ў другі зніжаем тэмпературу на 20 °C. У трэцяй ёмістасці - імбрыку, температура будзе каля 70° - такая, як патрэбна для запарвання зялёнага чаю

6. Чай таксама любіць спаць

Непасрэдна перад запарваннем чай трэба «абудзіць». Для гэтага заварку трэба насыпаць у нагрэты посуд, закрыць і злёгку патрэсці. Пасля гэтай працэдуры павінен выразна адчувацца пах зялёнага чаю. У залежнасці ад гатунку чаю і ад стану пахавых рэцэптараў асобы, пах добрага лісця можа нагадваць скошаную траву, гарбузныя семкі ці быць падобным на пах металу. Гэта сведчыць, што вам удалося набыць добры зялёны чай.

7. Прамываць ці не?

Лісты зялёнага чаю утрымліваюць каля 4% кафеіну, што значна больш, чым у зернях кавы. Таму для тых, хто баіцца моцнага ўзбуджальнага дзеяння, раяць папярэдне прамываць заварку. Для гэтага трэба заліць чай гарачай вадой і палічыць да 10. Зліўшы гэту ваду, можна заварваць чай. Аднак у такім выпадку варта памятаць, што разам з кафеінам губляецца і частка звязаных з ім карыстых поліфенолаў. Іншым спосабам зменшыць узбуджальны эфект ад зялёнага чаю будзе проста змяншэнне колькасці заваркі.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою

8. «Фокус» шматразовага заварвання

Ёсць меркаванне, што зялёны чай можна заварваць некалькі разоў. Гэта насамрэч так, толькі важна памятаць пра адзін «фокус» шматразовага выкарыстання чаю: да наступнага запарвання заварка не павінна астыць. То бок нельга заварваць той самы чай ранкам і ўвечары. Што да карысных рэчываў, то большасць з іх пераходзіць у ваду ў першыя 8−10 хвілін.

9. І папіць і з’есці

Лісты зялёнага чаю ядомыя, іх можна дадаваць у салаты. Яны ўтрымліваюць шмат кальцыю, што практычна не пераходзіць у ваду. Гэты элемент лепш засвойваецца з прыродных прадуктаў, чым са штучных вітамінных комплексаў, таму лісты чаю варта выкарыстоўваць як дадатковую крыніцу карыснага мінералу.

Як правільна запарыць зялёны чай: 10 крокаў да карыснага напою
Салатку з гародніны і садавіны з лістамі зялёнага чаю добра з’есці на сняданак

10. Не «піць», а «папіваць»

Колькасць зялёнага чаю на дзень можа складаць 3−4 кубкі па 200 мл у першай палове дня. У агульным водным балансе разам з вадой і зёлкавымі настоямі зялёны чай можа складаць да 2/3 усёй неабходнай арганізму вадкасці. Астатняя яе колькасць паступае з супоў, садавіны і гародніны. Неабходная колькасць вадкасці для чалавека вызначаецца з разліку 40 г на кілаграм вагі.

Каб зялёны чай і вада ўвогуле ішлі на карысць і не выклікалі ацёкаў, іх трэба «папіваць» — рабіць па некалькі глыткоў з перапынкамі