Сустрэча гараджан з распрацоўшчыкамі экалагічнага даклада прайшла ў Гродне 1 лістапада. Спецыялісты з «БелНДІгорадабудаўніцтва» прадставілі экалагічную ацэнку горада і рэкамедацыі, як будаваць далей, каб не нашкодзіць экалогіі. Гаражане задавалі пытанні па меркаваных зяленых зонах, арганізацыі веларуху, пляцоўках для выгулу сабак і пешаходных вуліцах у цэнтры горада. Да абмеркавання далучыўся і старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой.

Жылыя зоны: як будуць забудоўваць

Новы генеральны план будзе дзейначаць ад 2020 да 2030 года. Насельніцтва горада за гэты час павялічыцца ад 370 да 405 тысяч чалавек, але межы горада пашырацца не будуць. Да 2030 года Гродна будзе займаць 14 198 гектараў. Забудова будзе праводзіцца шматпавярховікамі і сядзібнымі дамамі. Шматпавярховікі з’явяцца ў асноўным у новых раёнах Грандзічы і Альшанка, а таксама за кошт ушчыльнення іншых раёнаў, у асноўным — на месцах былых ваенных частак. Сядзібнае жыллё будзе будавацца на ўскрайках, у раёнах Зарыцы, Пагаран-Кашэўнікаў і Баранавічаў. Суадносіны кватэр да сядзібных дамоў складуць 80 да 20%

[irp posts="89 399″ name="Вуліца Саяпіна і Курловіча з’явіцца ў новым мікрараёне Грандзічы"]

Ці стане Гродна зялёным? Прайшлі абмеркаванні экалагічнага даклада да новага генеральнага плана
У Грандзічах будуюць першы дом, верасень 2018

Чым будзем дыхаць?

З ацэнкі экалагічнага даклада вынікае, што ў Гродне не хапае зялёных зонаў. Іх нарматыўная колькасць мае складаць 15 квадратных метраў на кожнага жыхара. У нашым горадзе — толькі 3,6 квадратных метры. За час рэалізацыі новага генеральнага плана гэты паказчык мае павялічыцца да 22 квадратных метраў у 2030 годзе.

Паркі і скверы будуць стварацца ў гарадскіх мікрараёнах, на адлегласці крокавай даступнасці ад жылля. Да 2013 года павінна з’явіцца 70 такіх сквераў. Уздоўж Нёмана і Ласасянкі маюць з’явіцца «зялёныя калідоры». У выніку зварота гараджан удалося адстаяць зялёную зону на Дзевятоўцы. Сквер будзе займаць плошчу ад новай царквы да Еўраопта і будзе закладзены ўжо у наступным годзе, паабяцаў намеснік старшыні гарвыканкама, Андрэй Жук.

[irp posts="90 714″ name="Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота"]

Экалагічны даклад мае рэкамендацыі па добраўпарадкаванню кар’ераў Сінька і Зялёнка. Але зробяць кар’еры больш бяспечнымі і пакінуць, ці будуць цалкам засыпаць — вырашыцца падчас распрацоўкі генеральнага плана.

Ці захаваецца гістарычны цэнтр?

Вакол гістарычнага цэнтра мае прайсці малое транспартнае кола. Такім чынам плануецца вывесці большую частку транспарта з цэнтра горада. Вуліца Замкавая стане пешаходнай, а вось Калючынская — не. Па словах старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя для цэнтра горада будзе дзейнічаць праграма «рэгенерацыі старога горада», паводле якой будуць аднаўляцца страчаныя гістарычныя будункі. Адзін з першых прыкладаў - гандлевы цэнтр за палацам тэкстыльшчыкаў, які мае паўтарыць разбураны «Дом рыбака».

[irp posts="15 115″ name="Замкавая вуліца павінна быць пешаходнай! Як гэта зрабіць, захаваўшы парковачныя месцы"]

Ці стане Гродна зялёным? Прайшлі абмеркаванні экалагічнага даклада да новага генеральнага плана

Ці дадуць дарогу раварыстам і месцы для сабак?

Роваравая інфраструктура будзе развівацца найперш у новых райнах горада. Веласцежкі і нават велапаркоўкі не трэба зараз абмяркоўваць асобна. Яны прадугледжаны нормамі забудовы гарадоў. Веласцежкі з’явяцца ўздоўж Нёмана і вакол Юбілейнага возера.

Гродзенцы настойвалі, каб генеральны план прадугледжваў стварэнне пляцовак для выгулу сабак у мікрараёнах. Бо пакуль гэта тэма выгулу стварае шмат канфліктаў.

Ці стане Гродна зялёным? Прайшлі абмеркаванні экалагічнага даклада да новага генеральнага плана

Як будуць хаваць памерлых?

Па ацэнках экалагічнага даклада, пры такім павелічэнні насельніцтва, як прагназуецца, плошчаў існуючых могілак да 2030 года не хопіць. Так што крэматорый і калумбарый з’явяцца ў новым генеральным плане і будуць пабудаваны да 2030.

[irp posts="68 303″ name="Каля Путрышак прыпынілі высечку дубравы пад могілкі. Актывісты прапануюць правесці грамадскія слуханні"]

Гродзенцы хочуць гаварыць

Абмеркаванне экалагічнага даклада да генеральнага плана праводзілася днём, у працоўны час. Але сабрала поўную залу ахвотных да абмеркавання лёсу горада. Пытанні гараджан тычыліся часта не толькі экалагічнага даклада, але і важных «дробязяў», за якія баліць душа. Чаму высякаюць дрэвы і ці будуць яны адноўлены? Што будзе з сартаваннем смецця і ці ўсталююць у Гродне аўтаматы з дог-пакетамі, каб прыбіраць за сабакамі на вуліцы? Ці можна прадугледзець пабудову гаражоў для ровараў і электрабайкаў, ці будзе павялічвацца колькасць электробусаў?

Ці стане Гродна зялёным? Прайшлі абмеркаванні экалагічнага даклада да новага генеральнага плана
Абмеркаванне генплана. Выступае старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой
Адказы на большасць пытанняў будуць знойдзены пры распрацоўцы больш дэтальных планаў развіцця горада. Чыноўнікі паабяцалі, што ўсе меркаваныя змены таксама будуць абмяркоўвацца з гараджанамі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life