На месцы запланаванага парку на Дзевятоўцы збіраюцца будаваць інвестыцыйны аб’ект, а замест грамадскай забудовы «пасадзяць» 19-павярховікі. Як падкарэктавалі генеральны план Горадні, даведаўся Гродзенскі Зялёны партал.

[irp posts="90 445″ name="Зробім Генплан Гродна экафрэндлі - 1 лістапада прыходзь на абмеркаванне экалагічнага дакладу"]

У мікрараёне Дзевятоўка, дзе жыве чвэрць насельніцтва Гродна, няма ніводнага скверу. Лагічнае магчымае месца адпачынку і рэкрэацыі - вялікая пустка паміж крамай «Еўраопт» і вёскай Дзевятоўка (ад яе засталося трохі прыватных дамоў). Цяпер там расце пустазелле, кусты, садовыя дрэвы на месцы былых падворкаў. Пасярэдзіне будуецца храм Божага Нараджэння, а вакол жылыя кварталы практычна аднолькавых гмахаў.

Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота

Гараджане прапануюць захаваць зялёную тэрыторыю, уладкаваць там зону адпачынку, і напісалі пра гэта калектыўны ліст у гарвыканкам і галоўнаму архітэктару Гродна. Подпісы паставілі больш за 500 чалавек.

- Калі мы пачыналі будоўлю храма ў 2007 годзе, паводле генплана вакол яго была запраектавана паркавая зона, — расказаў ігумен храма Божага Нараджэння айцец Уладзімір Асадчы. — Галоўнае, каб астатнія хаты знеслі, расчысцілі, іншае самі зробім з добраахвотнымі памагатымі: праект, ландшафтны дызайн, пасадкі.

Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота

Паводле слоў ігумена, па перыметры ад дарогі генпланам была прадугледжана невысокая грамадская забудова. Цяпер там плануюць узводзіць 19-павярховыя жылыя дамы.

Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота

Гмахі хочуць будаваць літаральна на краі нізіны, дзе шмат гадоў было балота. Гразкая аснова можа значна павялічыць кошт квадратнага метра.

Айцец Уладзімір расказаў, што ў падмурак храма для ўстойлівасці ўбілі 200 паляў і падсыпалі зямлю. Вясковыя жыхары капалі сажалкі, каб вада не ішла ў гарод.

Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота

Цяпер няма ўжо знакамітай вёскі, дзе некалі здымалі фільм «Белыя Росы», але некалькі сажалак яшчэ засталося.

— Вось яна вада, цягнуць яе не трэба. Тут метр пракапаць і можна рабіць каскад прудоў, рыба будзе весціся. Гэта была б выдатная зона адпачынку. Пабудуюць дамы, яны залатымі стануць. Сюды, калі забудоўвалі мікрараён, ужо звозілі зямлю. Будаўнічае смецце, пліты бетонныя. Так вада лінула проста ў вёску, у гароды. Жыхары паднялі крык і эксперыменты спынілі, — расказаў старажыл мікрараёна, былы ўласкар БТ у Гродне, Януш Габінскі. — Некалі я ў гэтых сажалках лавіў ліноў па 2.7 кілаграма. А колькі раслін, птушак тут было. Зайцаў бачыў яшчэ пару гадоў таму.

Парку на Дзевятоўцы не будзе, будуць высоткі на краі былога балота
Тут плануюць будаваць шматпавярховікі
Януш успамінае, што ў 70-я гады лётаў над гэтымі балотамі з меліяратарамі. Яны сцвярджалі - пад зямлёй знаходзіцца велізарнае возера.

Гісторыя з паркам паўтараецца, гадоў 15 таму на месцы былых складоў па вуліцы Пушкіна (усё той жа мікрараён Дзевятоўка), у рамках старога генплана збіраліся стварыць парк. Аднак забудавалі панэлькамі.

— Зараз дыхаць там няможна, скразныя праезды, лаўкі не паставіць, дзяцей не вывесці, а тым больш не пакінуць, — жаляцца мясцовыя жыхары. — У старых мікрараёнах хоць бы паветра ёсць, дрэвы паміж дамамі, у нас суцэльны асфальт.

У інстытуце «Гроднагрампраект» расказалі, як планавалі выправіць сітуацыю. Азначылі новае месца… вёску Дзевятоўка, пасля зносу прыватных дамоў: «Там было прадугледжана месца адпачынку для людзей, забаваў на прыродзе».

Жыхароў робіцца больш, чым прагназавалі

Паводле прагнозаў да 2030 года ў Гродне будзе жыць больш за 400 тысяч чалавек. Цікава, што да 2020 года павінна жыць звыш 340 тысяч чалавек, а паводле дадзеных на 1 студзеня 2017 — ужо зарэгістравана было звыш 340 тысяч чалавек, да канца года — звыш 360 тысяч чалавек.

Зеляніны значна менш за норму

Плошча лясных земляў у горадзе Гродна займае 10,7% ад агульнай плошчы горада, а паводле нормаў павінна займаць не менш як 15%, а на тэрыторыі грамадскай забудовы — ад 25% да 75%. У сярэднім паводле сусветных нормаў - ад 40−50%. У Мінску ровень абзелянення — звыш 22%.

Забяспечанасць насаджэннямі агульнага карыстання складае 3,2 метры квадратныя на кожнага жыхара Гродна, што складае ўсяго 21,3% ад нарматыву. Праўда, гэта лічба хоць вельмі павольна, але расце, у перыяд распрацоўкі Генплана напачатку 2000-х, паводле дадзеных зямельнага рэестра, яна складала крыху больш за 2 метры квадратныя.

Ровень забруджання паветра ў 2017 годзе, у прыватнасці, фармальдэгідам, у Гродне быў вышэй, чым у Магілёве, Віцебску і Мінску. Лесапаркавыя зоны могуць чысціць паветра ад шкодных рэчываў да 70%.