Замкавая – самая старажытная вуліца Гродна, але турысты там не затрымліваюцца. Прайсці па ёй цяжка – вольнага месца няма ад манеўруючых і прыпаркаваных машын. Ігар Лапеха спецыяльна для Hrodna.life патлумачыў, як зрабіць вуліцы пешаходнай, захаваўшы большасць парковачных месцаў.

Інфармацыя пра трохі дзіўны продаж кавалка зямлі за палацам тэкстыльшчыкаў узварушыла грамадскасць. Гэтая сітуацыя, калі літаральна праз пару гадоў у самым-самым гістарычным цэнтры нашага горада можа з’явіцца вялікі офісны будынак, ізноў робіць актуальным пытанне пра перагружанасць цэнтра прыватным транспартам.

текстильщики замковая
Палац тэкстыльшчыкаў. Вось гэты вялікі газон за ім плануе забудаваць літоўскі інвестар.

Калі параўноўваць знакавыя гістарычныя вуліцы Гродна па наведванні турыстамі, па развітасці рэкрэацыйнай інфраструктуры, то ні вуліца Маркса, ні Ажэшкі, ні Замкавая, не могуць параўнацца з Савецкай, а ўсё з-за таго, што Савецкая вуліца – пешаходная, а астатнія вуліцы не. На вуліцы Замкавай госці нашага горада асабліва не затрымліваюцца. І гэта на самай старажытнай вуліцы горада, на вуліцы, якая збольшага захавала свой архітэктурны ансамбль, на маршруце, які не абмінае ніводзін турыст, бо гэта самае кароткае злучэнне накірунка рынкавая плошча – каралеўскія замкі!

Аўто робяць Замкавую дыскамфортнай

Пры гэтым Замкавая – гэта самая “бардачная” вуліца гістарычнага цэнтра. Вечнае газаванне манеўруючых аўтамабіляў, суцэльны паркінг, на якім пешаходы павінны ціснуцца да сценаў будынкаў і абыходзіць кузавы, калі заглянуць у двары, яшчэ большы жах – аўтамабілі месяць балота, якое павінна называцца газонам. Які тут камфорт, якое тут захапленне рэшткамі ансамбля?! Даўно наспела патрэба зрабіць вуліцу Замкавую пешаходнай.

Чытайце яшчэ:  Яшчэ адна вуліца з брукаванкай. Ці можа Замкавая стаць другой пешаходнай вуліцай у Гродне?

Характэрны факт! На 16.00, 6 сакавіка 2017 года у квартале паміж вуліцамі Кастрычніцкая, Маставая, Давыда Гарадзенскага, Траецкая стаяла 289 аўтамабіляў, з іх з яўнымі парушэннямі правілаў паркавання 64. Непасрэдна на вуліцы Замкавай стаяла 45 аўтамабіляў.

Кампраміс для хворага грамадства

Тое, што тут прапаноўваецца, гэта не ідэальны варыянт, які патрэбен для ўстойлівага развіцця вуліцы Замкавай, гэта кампраміс, на які можа пагадзіцца хворае на аўтамабільную ментальнасць грамадства. Тут захоўваюцца прынцыпы, з якімі аўтар не згодны, яле з якімі не можа развітацца грамадскасць – пад’езд транспарта да кожнага пад’езда і паркоўка каля будынка. Прапановы прадугледжваюць ператварэнне Замкавай у абсалютна пешаходную, аднаўленне ансамбля вуліцы і пры гэтым захаванне 210 парковачных месцаў у квартале.

Квартал вуліцы Замкавай з дамамі, якія варта аднавіць
Квартал вуліцы Замкавай з дамамі, якія варта аднавіць

Дэталізацыя Генеральнага плана развіцця Гродна адносна вуліцы Замкавай мае тры істотных хібы – захоўваецца мноства выездаў з квартала на транзітную вуліцу, парадная Замкавая закладваецца як даезд да будынкаў і паркінгаў і замест былога будынка па Замкавай 10 захоўваецца даезд да Дома Быта. Аднак даволі проста можна зрабіць вуліцу Замкавую абсалютна пешаходнай, дабраўпарадкаваўшы пад паркінгі здэградаваўшыя двары ўнутры квартала.

Уезд у квартал – платны і праз шлагбаўм

Я думаю, большасць пагодзіцца, што паркоўка ў цэнтры горада павінна быць платнай, таму заезд у квартал трэба зрабіць толькі ў двух кропках праз шлагбаўм аплаты. Каб прасцей было разабрацца з прапановамі, звярніце ўвагу на план.

замкавая пешая

Чорным на фота пазначаны існуючыя пабудовы і абрысы плана горада 1932 года, зялёным – абсалютна пешаходныя і газонныя тэрыторыі квартала, жоўтым – умоўна пешаходныя, чырвоным – праезжыя дарогі і парковачныя месцы, сінім – будынкі, каторыя варта аднавіць, аквамарынавым – падмуркі, каторыя варта азначыць.

Засяродзімся на сінім і смарагдавым. Бясспрэчна, ансамбль Замкавай павінен быць адноўлены. У нас ёсць унікальная мажлівасць убачыць як гэты квартал выглядаў на пачатку 18 ст. – інфармацыі для падобнай рэканструкцыі дастаткова. Пасля рэалізацыі падобнага праекта турыстаў на Замкавай будзе болей чым на Савецкай. Падарожнік ад адноўленай Фары гуляе па шчыльна забудаванай Замкавай, заглядае на Цесную і Кляшторную, пад нагамі за шклом бачыць рэшткі круглай брамнай вежы, шчыльна абедае ў летнім кафэ проста на вуліцы і аддае апошнія грошы ў буціках на Замкавай.

Вось так павінны выглядаць будынкі за палацам тэкстыльшчыкаў
Вось так павінны выглядаць будынкі за палацам тэкстыльшчыкаў

Крокі да рэалізацыі гэтай справы:

1. За грошы з фонда капітальнага рамонта і добраўпарадкавання двароў арганізоўваецца навая транспартная схема ў квартале, з парковачнымі месцамі і сістэмай аплаты.

2. Правядзенне археалагічных раскопак, часткова за кошт горада, часткова за кошт інвестараў.

3. Брукаванне Замкавай, Цеснай, Кляшторнай, за ўнесены зарання артыкул у бюджэт.

4. Аднаўленне забудовы сіламі інвестараў.

5. Аднаўленне Фары Вітаўта коштам народнага збору.

Такім чынам рашэнне пра продаж кавалка зямлі за палацам тэкстыльшчыкаў можна падтрымаць, але толькі з умовай узнаўлення гістарычных будынкаў. Чарговы офіс з сотняй працоўных месцаў ды паркоўкай пад ім безнадзейна сапсуе гістарычнае аблічча вуліцы.

Чытайце яшчэ:  Новы офісны будынак на Замкавай: чарговы цвік у труну гістарычнага цэнтра?