10 сакавіка спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова — гісторыка, археолага, абаронцы архітэктурнай спадчыны Гродна, стваральніка легенды пра пахаванне Давыда Гарадзенскага; чалавека, які распавядаў пра гісторыю Беларусі кіраўнікам Літвы і Польшчы, праводзіў экскурсію ў Навагрудку для Уладзіміра Высоцкага і Марыны Уладзі…

Пра тое, якім быў Міхась Ткачоў, чым займаўся, што бараніў, якую меў ролю ў жыцці Гродна — успамінае па просьбе Hrodna.life краязнаўца Алесь Госцеў.

Адразу хачу зазначыць, што я ніколі не чуў Міхася Аляксандравіча Ткачова як выкладчыка і нават не надта многа як лектара-выступоўца. Аднак пасля яго смерці асэнсаваў сябе як аднаго з ягоных вучняў, бо інтэлектуальны ўплыў яго на мяне быў надзвычай магутным. Мабыць, суразмерна з яго фізічным ростам і целаскладам: пры маіх 186 сантыметрах росту я глядзеў на яго твар, трохі задраўшы галаву. Для мяне ён быў і назаўсёды застаўся сябрам-настаўнікам.

А своеасаблівую эвалюцыю стаўлення Міхася Аляксандравіча да маёй персоны можна прасачыць хаця б па яго аўтографах на кнігах: ад «А. Госцеву на добры ўспамiн аўтар Мiх.Ткачоў» у 1983 г. да «Дарагому Алесю Госцеву — гарадзенскаму „Нестару“ — на шчыры ўспамін з найлепшымi пажаданнямi. Твой аўтар 9.02.92 Мiх.Ткачоў».

Міхась Ткачоў - даследчык вайсковай гісторыі Беларусі

2.1
Міхась Ткачоў першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў этапы развіцця замкаў і абарончых сістэмаў населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў. Падсумаванне вынікаў яго навуковай працы можна ў кнізе аўтара і сучасных энцыклапедыях.

Міхась Ткачоў спецыялізаваўся на гісторыі сярэднявечча. Асноўная яго ўвага была скіравана на даследаванне вайсковай гісторыі Беларусі. Ён першым у беларускай гістарыяграфіі прасачыў этапы развіцця замкаў і абарончых сістэмаў населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў. Падсумаванне вынікаў яго навуковай працы можна знайсці ў сучасных энцыклапедыях.

2.2. Ілюстрацыі з кнігі Міхася Ткачова Замкі Беларусі.
Ілюстрацыі з кнізе М. Ткачова «Замкі Беларусі»

Стварыў легенду пра пахаванне Давыда Гарадзенскага

Міхась Ткачоў «падараваў» гораду Давыда Гарадзенскага. Па яго кнізе, навуковых выступах, вусных і надрукаваных у мясцовай прэсе, была арганізавана выстава ў музеі гісторыі рэлігіі. А трохі пазней ён стварыў прыгожую легенду пра пахаванне Давыда Гарадзенскага ля Каложы.

Узначальваў гісторыка-культурны клуб «Паходня»

У сакавіку 1986 года ў Гродна з пазнавальна-асветніцкімі мэтамі быў створаны беларускі гісторыка-культурны клуб, які хутка атрымаў трапную назву «Паходня». Наколькі мне вядома, клуб ініцыявалі супрацоўнікі інстытута Біяхіміі на чале з Юрыем Міхайлавічам Астроўскім, а Міхась Аляксандравіч далучыўся трохі пазней. Але, здаецца, менавіта яму належыць ідэя назвы клуба, тым больш, што амаль адразу ён стаў агульнапрызнаным старшынёй «Паходні» і актыўным завадатарам большасці мерапрыемстваў, якіх да яго ад’езду на сталае жыхарства ў Менск было праведзена безліч.

3.
Амаль адразу па ўваходжанню ў «Паходню» Міхась Ткачоў стаў агульнапрызнаным старшынёй суполкі і актыўным завадатарам многіх мерапрыемстваў

У тыя гады «Паходня» прываблівала шмат каго з гарадзенцаў. На паседжанні збіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, запрашаліся вядомыя навукоўцы, пісьменнікі, мастакі як з Беларусі, так і з бліжэйшых рэспублік СССР, а таксама з Польшчы. Да прыкладу, мая першая сустрэча з Сакратам Яновічам адбылася менавіта на адным з паседжанняў клуба.

Арганізоўваліся шматлікія паездкі ў Вільню (шмат разоў - на месца смяротнага пакарання Кастуся Каліноўскага, да Зоські Верас і проста на экскурсію, якую ладзіў Лявон Луцкевіч), Кушляны, Гудзевічы.

4.1. На месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Вільня. 1988 г.
На месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Вільня. 1988 г

«Правай рукой» Міхася Аляксандравіча заўсёды быў Мікола Таранда, які і дагэтуль нястомна кіруе «Паходняй».
Самае галоўнае асабіста для мяне, што менавіта на «Паходні» я нарэшце загаварыў па-беларуску, бо тут з першага дня стварыўся адпаведны асяродак. Да гэтага часу, пачынаючы са школьных гадоў, у мяне было некалькі безвыніковых спробаў.

Бараніў архітэктурную спадчыну

Некалькі разоў «пахадняне» на чале з Міхасём Ткачовым падымаліся на абарону архітэктурнай спадчыны Гродна. Я не толькі сведка гэтаму, але і непасрэдны ўдзельнік некалькіх такіх захадаў: спробы адстаяць стары чыгуначны вакзал і флігель віцэ-адміністратара, помнік 18 ст., на тагачаснай плошчы Леніна (напрыканцы 1980-х гг.). На жаль, намаганні аказаліся безвыніковымі.

Але гэтая актыўная неабыякавасць назапашвалася, выходзіла за межы клубу і нарэшце, ужо ў другім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя, пачала даваць хоць не надта вялікія, але тым не менш станоўчыя вынікі.

Не цураўся фізічнай працы

Бадай што дагэтуль гарадзенцы не забыліся, як «Паходня» чысціла раку Гараднічанку на павароце пад помнікам Ажэшцы. І тут наперадзе быў Міхась Аляксандравіч, які ў балотных чобатах літаральна «прамацаў» уласнымі нагамі ўвесь гэты кавалак ракі (не надта малы па працягласці і надзвычай забруджаны разнастайным смеццем — было вывезена, калі памяць мяне не падводзіць, два вялікія трактарныя прычэпы).

Заўсёды імкнуўся да ісціны

5. Міхась Ткачоў. 1984 г.
Міхась Ткачоў. 1984 г

Як навуковец Міхась Аляксандравіч — насамрэч паходня ісціны. Шмат разоў я ўпэўніваўся ў тым, што ісціна для яго — на першым месцы. Прычым ён ніколі не спыняўся на дасягнутым, а заўсёды імкнуўся пайсці далей, вышукваючы новыя ісціны. І пастаянна заахвочваў мяне да гэтага ж.

Напрыклад, рыхтуючы для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі артыкул пра Аляксандра Гінтаўта, я звярнуўся да Міхася Аляксандравіча па раду: ці варта падаваць факт, што гэты сябра Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі 1863/64 гг. быў узнагароджаны медалём удзельніка падаўлення мяцяжу. Міхась Аляксандравіч рашуча сказаў, што трэба падаваць абавязкова, бо гэта адпавядае ісціне. На жаль, гэты том ЭГБ выйшаў ужо пасля яго смерці і такі адметны факт з біяграфіі А. Гінтаўта наступным рэдактарам быў апушчаны.

Не цярпеў хлусні

8. Міхась Ткачоў. 1992 г.
Міхась Ткачоў. 1992 г

Гэта быў выключна шчыры чалавек, які не цярпеў хлусні а ні ў якай форме. Прыкладаў - колькі заўгодна. Я не аднаразова быў сведкам, калі Міхась Аляксандравіч на любым узроўні і ў любых абставінах гучна выкрываў хлусню, не гледзячы на тое, з чыіх вуснаў яна гучала.

Так аднойчы мы разам прысутнічалі ў гарвыканкаме на грамадскім абмеркаванні перспектываў забудовы Гродна. І калі, здаецца, галоўны архітэктар горада ці нейкая блізкая да гэтай пасады асоба, выказалася, што ў горадабудаўніцтве не абавязкова ўлічваць рэльеф мясцовасці, я нават не паспеў пра сябе здзівіцца, як пачуў выразны голас Міхася Аляксандравіча: «А хто Вас такому вучыў? …»

На вялікі жаль, нашаму гораду дагэтуль не хапае такіх абаронцаў культуры, бо якраз у пытаннях грэбавання рэльефам мясцовасці пры будаўніцтве новых мікрараёнаў і асабліва пры так званай «рэканструкцыі» старога Гродна з пачаткам ХХІ стагоддзя пачаліся найбольш важкія парушэнні.

Праводзіў экскурсію ў Навагрудскім замку для Уладзіміра Высоцкага і Марыны Уладзі

Без аніякага пафасу кажучы, гэта быў Чалавек з вялікай літары — па сваім унутраным свеце, па сваім стаўленні да жыцця, па сваіх адносінах да людзей — родных, сяброў, калег, нават ворагаў (а іх у яго было нават занадта).

Калі Міхась Аляксандравіч, трохі збянтэжаны, падараваў мне свой артыкул пра наведванне раскопак у Наваградку Уладзімірам Высоцкім разам з Марынай Уладзі і я прачытаў гэты артыкул, то, нават ведаючы Міхася Аляксандравіча ўжо некалькі гадоў, быў надта ўражаны надзвычай пяшчотным стаўленнем яго да жанчын.
Перадаць гэтае адчуванне словамі немагчыма. Трэба проста чытаць фрагмент пра тое, як Міхась Аляксандравіч прымае знізу, у раскопе, з рук Уладзіміра Высоцкага Марыну (жаночы капрыз: «Хачу ў раскоп!»), і захапляцца літаратурным майстэрствам аўтара (ён жа непасрэдны ўдзельнік) у эмацыйнай перадачы падрабязнасцяў гэтага амаль фантастычнага дзеяння…

Рабіў трапныя заўвагі

Аднойчы пазваніў Міхась Ткачоў і папрасіў паказаць Гродна Каханоўскаму Генадзю Аляксандравічу, які прыязджае назаўтра. А пасля экскурсіі, к пэўнаму часу, завесці яго ў рэстаран «Беласток», дзе нас ужо будуць чакаць М.А. Ткачоў і А.Г. Майсяёнак. Пры гэтым мы абодва неяк упусцілі з віду, дзе ж я сустрэнуся са сваім экскурсантам.

І вось тады я сам для сябе ўпэўніўся, што заслугоўваю статуса краязнаўцы. Я задаў самому сабе пытанне, дзе можна хутчэй за ўсё напаткаць раніцай у такім горадзе, як наш Гродна, апантанага краязнаўцу. Канешне ж — у архіве. І сапраўды, а 10-й гадзіне я зазірнуў у архіў і на пытанне, ці ёсць там Каханоўскі Г. А., мне насустрач падняўся высокі хударлявы чалавек з надзвычай ветлівымі вачыма і шырокімі, усмешлівымі вуснамі.

Пазнаёміўшыся, мы дамовіліся аб экскурсіі. Горад незвычайна спадабаўся майму спадарожніку. Асабліва вуліца Сацыялістычная (яна на той час ужо афіцыйна рыхтавалася да перайменавання ў Вітаўта Вялікага) і старыя могілкі. Па словах Генадзя Аляксандравіча, яны ніколькі не саступаюць найлепшым могілкам у многіх еўрапейскіх гарадах, дзе яму давялося бываць.

У рэстаране, калі здавалі адзенне ў гардэробе (з намі ўжо быў Міхась Ткачоў), старая кабета, што нас абслугоўвала, нечакана пачала плакаць: «Вы так цудоўна размаўляеце па-беларуску. А мяне пры Польшчы, яшчэ дзяўчынкай у школе, нават білі, калі я пачынала размаўляць па беларуску…»

Зайшлі ў прыбіральню. І я раптам выпаліў: «Глядзіце, які цудоўны верх!», маючы на ўвазе прыгожую ляпніну-арнамент столі пасля нядаўняга рамонту. Міхась Аляксандравіч ускінуў вочы ўгору і кінуў: «Верх нізасці…»

Сачыў за навінамі

1988 год. Студзень. Пад час канферэнцыі «125 гадоў паўстанню Каліноўскага» — паездка дэлегатаў канферэнцыі ў Якушоўку. Маім суседам у аўтобусе (ці выпадкова?) стаў Міхась Аляксандравіч. Тады я пацікавіўся, адкуль ён бярэ час на тое, каб быць у ведаме ўсіх навін Перабудовы. «А я, калі кладуся вечарам у ложак, абкладваюся апошнімі газетамі і часопісамі і, пакуль не перагартаю ўважліва ўсе, не засынаю».

Разам з паплечнікамі пацвердзіў факт пахавання Антонія Тызенгаўза ў Жалудку

Найбольш адметны і глыбокі мой успамін — гэта незабыўны момант, калі ў 1989 годзе М.А. Ткачоў і А. Г. Майсяёнак наладзілі экспедыцыю, каб спраўдзіць факт пахавання Антонія Тызенгаўза ў Жалудку, і ўзялі з сабою мяне.

Дык вось гэты момант: у цёмным і даволі сырым склепе мясцовага касцёлу, дзе пахаваны і сам Тызенгаўз, і яго родныя, Міхась Аляксандравіч стаіць за маёй спіной, асвятляе ліхтарыкам па чарзе мармуровыя дошкі з імёнамі нябожчыкаў, дыктуе мне гэтыя імёны, а я запісваю на кавалак паперы.

Пазней гэтыя тэксты былі надрукаваны ў нашым агульным артыкуле ў Шчучынскім краязнаўчым зборніку.

Прымаў удзел у палітычным жыцці краіны

Бясспрэчная і велічная постаць Міхася Ткачова і як дзеяча дзяржаўнага маштабу. Мне ведама, што апошнія гады жыцця ён быў кансультантам Рады Міністраў БССР па пытаннях навукі і культуры.

6.1. Фотаздымак з уласнага архіву Алеся Госцева
Апошнія гады жыцця Міхась Ткачоў быў кансультантам Рады Міністраў БССР па пытаннях навукі і культуры. Фотаздымак з уласнага архіву Алеся Госцева

Як палітыка мне яго цяжка азначыць, бо я не надта ўнікаў у гэты напрамак і нават на вельмі далікатную прапанову ўступіць у БСДГ я катэгарычна адмовіўся. І Міхась Аляксандравіч больш не вяртаўся да гэтага пытання. А вось далучыцца да грамадскага аб’яднання «Мартыралог Беларусі» я пагадзіўся адразу.

6.3. Фотаздымак з уласнага архіву Алеся Госцева
Фотаздымак з уласнага архіву Алеся Госцева

Цаніў адказнасць у працы і ўмеў жартаваць

Вільня, «500 год Скарыне». Студзень 1990 г. Я падыходжу да Міхася Ткачова са спіны на прыступках Кафедральнага Сабора на плошчы Гедымінаса. Міхась Аляксандравіч паварочваецца, бачыць мяне і рэзка пытаецца: «Прынёс?». Я моўчкі працягваю яму капэрту з даўно абяцаным артыкулам у Энцыклапедыю гісторыі Беларусі пра род Быхаўцаў. Мікола Аляксандравіч асцярожна кладзе маю працу ва ўнутраную кішэнь свайго паліто і толькі пасля гэтага працягвае мне руку для вітання…

Праз некалькі хвілін, калі мы побач рухаліся ў калоне па вул. Горкага (зараз Пілес) да месца, дзе свайго ўрачыстага адкрыцця чакала мемарыяльная дошка Скарыне, я паведаміў Міхасю Аляксандравічу, што на некалькі хвілін адлучуся па дарозе ў невялічкую краму — мне трэба набыць там чарговыя рукатворныя капэрты з выявамі вучоных Віленскага ўніверсітэта. «Дык ты імкнешся ўтрымаць адразу два гарбузы ў адной руцэ», — імгненна зрэагаваў Міхась Аляксандравіч.

Расказваў кіраўнікам Польшчы і Літвы пра беларускую гісторыю

Грунвальд, 580 гадоў бітве. 14 ліпеня 1990 г. Польшча. Гарадок.
Сюды адначасова прыехалі на аўтобусах дзве беларускія «харугвы» — з Гродна (ужо зараз і не ўспомню, хто ўзначальваў) і з Менску (на чале з М.А. Ткачовым). Міхась Аляксандравіч быў вельмі ўзрадаваны, калі пабачыў мяне сярод гарадзенскай дэлегацыі.

7. Грунвальд. Польшча. 1990 г.
Грунвальд. Польшча. 1990 г

На наступны дзень мы трапілі на поле Грунвальда, і Міхасю Ткачову давялося афіцыйна прадстаўляцца кіраўнікам Польшчы і Літвы Войцеху Ярузельскаму і Вітаўтасу Ландсбергісу ў якасці нефармальнага кіраўніка беларускай дэлегацыі і тлумачыць абодвум, што тут робяць беларусы са сваім бел-чырвона-белымі сцягамі. Як паведаміў пазней сам Міхась Аляксандравіч, яму давялося прачытаць караценькую гістарычную лекцыю.

А калі свята 580-годдзя Грунвальдскай бітвы скончылася і ўвесь вялізарны натоўп разышоўся, ля помніку Перамогі на полі Грунвальда засталіся трое: Міхась Аляксандравіч Ткачоў, Андрэй Георгіевіч Майсяёнак і я. Раптам Мікола Аляксандравіч кажа: «А давайце мы ўтраіх сустрэнемся на гэтым месцы роўна праз 20 гадоў!»

Гэтыя словы запалі ў маю душу, і ўсе 20 гадоў я памятаў пра гэта і час ад часу нагадваў Андрэю Георгіевічу. Калі настаў ліпень 2010 года, мне не ўдалося выбрацца ў Польшчу менавіта на 15 ліпеня і я цешыўся тым, што маімі «паўнамоцнымі прадстаўнікамі» там сталіся мае былыя вучні, а сённяшнія сябры Андрэй Вашкевіч і Алесь Кіркевіч.

Але і мне давялося трапіць праз нейкі тыдзень — на жаль, толькі ў Крынкі на канферэнцыю «Villa Sakratos». Пра гэта я «распавёў самому Міхасю Аляксандравічу», калі неўзабаве наведаў яго магілу — бо даўно ўжо займеў звычку дзяліцца са сваім сябрам-настаўнікам навінамі пры наведванні Менску.

Даведка

Міхась Аляксандравіч Ткачоў (10 сакавіка 1942 г., Мсціслаў - 31 кастрычніка 1992 г., Мінск) — беларускі гісторык, археолаг, грамадска-палітычны дзеяч. З 1978 г. па 1989 г. жыў у Гродне. Найбольш вядомыя яго кнігі - «Замкі Беларусі», «Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.», «Замкі і людзі».
Фотаздымкі - з асабістага архіву Алеся Госцева, кнігі Міхася Ткачова «Паходня» і інтэрнэт-крыніц.