Работы гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча пакажуць на 61-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва, якая пройдзе ў Венецыі з 9 мая па 22 лістапада 2026 года. Карціны стануць часткай беларускага незалежнага павільёна “Official. Unofficial. Belarus” («Афіцыйна. Неафіцыйна. Беларусь»).
Беларускі незалежны павільён
У гэтым годзе беларускія мастакі і дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў эміграцыі, прадставяць у Венецыі імерсіўную мультысенсарную выставу. Экспазіцыя размесціцца ў царкве Chiesa di San Giovanni Evangelista.
Праект створаны пры ўдзеле сузаснавальніка Беларускага свабоднага тэатра Мікалая Халезіна, дызайнера Уладзіміра Цэслера і кампазітаркі Вольгі Падгайскай. Куратарка выставы — Даніэла Каляда.
Адной з цэнтральных частак выставы стануць манументальныя работы Сяргея Грыневіча.
У артыкуле The Guardian мастак распавядаў пра тое, што пакінуў Беларусь і што, магчыма, ніколі не вернецца: «Я рызыкую страціць многае — сваю майстэрню, 500 твораў мастацтва, вельмі прыгожы дом, які я пабудаваў».
Беларусь раней удзельнічала ў Венецыянскай біенале на афіцыйным узроўні. Краіна прэзентавала свае праекты на 58-й біенале ў 2019 годзе (тэма «May you live in interesting times»), а таксама ўдзельнічала ў 56-й і 53-й біенале (30 мастакоў і скульптараў).

Тады арганізатарамі нацыянальнага павільёна выступілі Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі.
Хто такі Сяргей Грыневіч
Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў пасёлку Краснасельскі Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, а затым — у Беларускай акадэміі мастацтваў. Выставачную дзейнасць пачаў яшчэ ў 1982 годзе.
За сваю кар’еру мастак правёў больш за 60 персанальных выстаў і ўдзельнічаў у дзясятках калектыўных праектаў у Беларусі і за мяжой.
Напрыклад, у 2020 годзе ў Гродне прайшла маштабная рэтраспектыўная выстава мастака «8 рэгіён». У экспазіцыю ўвайшлі каля 80 работ з розных серый і праектаў аўтара. Выстава заняла тры паверхі будынка на вуліцы Гараднічанскай і стала першай такой буйной рэтраспектывай Грыневіча ў Беларусі.

У 2021 годзе мастак атрымаў першае месца на рэспубліканскім фестывалі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва MONUMENT-21 у намінацыі «Майстэрства».
А ў 2022 годзе ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася яго выстава «Дэмаграфія». Аднак частку твораў гледачы так і не ўбачылі: паводле слоў мастака, сем работ былі знятыя з экспазіцыі праз цэнзуру, а некаторыя творы аўтар прыбраў яшчэ на этапе самацэнзуры.
Сяргей Грыневіч быў адным з ініцыятараў стварэння мастацкага музея ў Гродне. У 2019 годзе мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы напісалі ліст у адміністрацыю горада. Повадам стала запланаваная рэканструкцыя Палаца тэкстыльшчыкаў — месца, якое, на іх думку, ідэальна падыходзіць для музея. Аднак гэтая ідэя не атрымала практычнага развіцця.

Што вядома пра Венецыянскую біенале — 2026
61-я Венецыянская біенале сучаснага мастацтва збярэ прадстаўнікоў 99 краін і больш за 110 мастакоў і мастацкіх аб’яднанняў. Яна пройдзе з 9 мая па 22 лістапада. Папярэднія закрытыя паказы ўжо стартавалі 6 мая.
Тэма цэнтральнай выставы — «У мінорных танальнасцях» (In Minor Keys).
Канцэпцыю біенале распрацавала куратарка Коё Куо — галоўная куратарка Музея сучаснага мастацтва Афрыкі Zeitz MOCAA. Яна памерла ў 2025 годзе, не паспеўшы завяршыць працу над праектам, аднак каманда біенале вырашыла рэалізаваць выставу ў поўнай адпаведнасці з яе задумай.
Венецыянская біенале лічыцца адным з галоўных сусветных форумаў сучаснага мастацтва і праводзіцца з 1895 года. З 2021 года Мастацкая біенале праводзіцца па цотных гадах, а Архітэктурная — па няцотных.
Акрамя асноўнай міжнароднай экспазіцыі, краіны прадстаўляюць уласныя нацыянальныя павільёны ў розных прасторах Венецыі.
У гэтым годзе адкрыццё міжнароднай выставы звязана са скандаламі, уключаючы адстаўку журы за некалькі дзён да пачатку фестывалю, першапачатковую заяву журы аб тым, што яно не будзе прысуджаць узнагароды краінам, чые лідары знаходзяцца пад судом за ваенныя злачынствы. А таксама адсутнасць італьянскага міністра культуры ўпершыню ў гісторыі біенале з-за ўдзелу Расіі.



