Выстава пад назвай «8 рэгіён» уключае 80 карцін. Гэта «ўрыўкі» з розных праектаў і серый. Яны размясціліся ў 10 пакоях на трох паверхах. Гэта першая рэктраспектыўная выстава мастака ў Беларусі - раней для манументаліста не знаходзілася пляцоўкі, дзе можна было б размясціць больш за 15 карцін.
Рэтраспектыва не поўная — працы з абстрактнага перыяду 90-х гадоў не ўдалося размясціць з-за недахопу плошчаў.
— Гэта выстава пра ўнутранутую эміграцыю. Кожны з нас часам хоча адысці ва ўнутраную эміграцыю, пазбягаць кантактаў з сістэмай, з бюракратыяй, але гэта марная і неперспектыўная ідэя, бо, хочаш-не хочаш, сістэма да цябе прыйдзе сама. У нас сем рэгіёнаў, а ўнутраная эміграцыя — гэта якраз рэгіён нумар «8». Яго калісьці называлі Вейшнорыяй, а зусім актуальна — Шчучыншчынай. Вось таму і «8 рэгіён» — куды мы імкнемся. Мара абсалютна марная і недасягальная, але імкнуцца трэба, — патлумачыў Hrodna.life мастак назву выставы.
Карціны — урыўкі з розных праектаў і серый, таму выстава атрымалася тэматычна разнастайнай. «Як жартуе аднакласнік Пеця Новікаў, тое, што захоўваецца ў майстэрні, — гэта неліквід. Так што гэта выстава „неліквідных“ карцінаў», — пажартаваў Грыневіч.
Сяргей Грыневіч паводле адукацыі мастак-манументаліст, працуе ў вялікіх фарматах. «У гэтым вялікая складанасць, бо ў нашым горадзе няма ніводнай залы, дзе іх можна экспанаваць. Гродна — адзіны абласны цэнтр, дзе няма мастацкага музея. Таму гэта не мой капрыз — выстаўляцца ў непрыстасаваным памяшканні. А таму што нам няма дзе выставіць сваіх мастакоў і прыняць прыстойныя выставы замежнікаў», — расказаў мастак Hrodna.life.
Чытайце таксама: «Ганьба, што яго няма». Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Выставу Сяргей задумваў даўно. Была ідэя зрабіць выставу на смеццесартавальным заводзе або ў недабудаваным офісным цэнтры. У выніку абралі памяшканне на Гараднічанскай, 23. Памяшканне прадаставілі на час выставы яго ўласнікі, расказала Hrodna.life дызайнерка і арганізатарка выставы Ірына Варкулевіч. Цягам трох тыдняў выставу можна паглядзець у сераду (з 15.00 да 18.00), пятніцу (з 16.00 да 19.00) і суботу (з 14.00 да 17.00). Магчыма, у офісным цэнтры застанецца невялікая галерэя і пазней. У планах — прывезці выставу ў Мінск. Зараз там шукаюць пляцоўку.
Сяргей кажа, што яго натхняе само жыццё і людзі, за якімі ён назірае і адлюстроўвае ў сваіх працах. Апошні год ён амаль не працаваў - займаўся побытавымі справамі. Калі наступілі пандэмія і рэвалюцыя, стала «не да творчасці». Мастак прызнаўся, што апошнія тры месяцы не маляваў, а «тыкаў у смартфон». Сваімі моцнымі бакамі мастак лічыць працу з вялікімі фармамі і выкарыстанне гумару. «Гумар і іронія выратуюць свет. У нашай сітуацыі гэта адзінае, што падтрымоўвае», — сказаў ён Hrodna.life.
Чытайце таксама: «Калі „нашы“ прыйдуць да ўлады, стану ў апазыцыю». Сяргей Грыневіч пра швейцарскую майстэрню, драныя джынсы і смерць Кудзіна
Сяргею Грыневічу 60 гадоў. Ён родам з пасёлку Краснасельскі ў Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым жывапісе і ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Выстаўляецца з 1982 года. Правёў больш за 60 персанальных выстаў па ўсім свеце, удзельнічаў у калектыўных праектах.