“Ганьба, што яго няма”. Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца

Калі кажуць пра музей Парыжа – адразу ўзгадваецца Луўр, Санкт-Пецярбургу – Эрмітаж, Лондана – Нацыянальная галерэя. Адсюль выснова: галоўны музей горада, які фармуе яго брэнд – гэта менавіта мастацкі музей. Так лічыць гродзенскі мастак Сяргей Грыневіч. Ён расказаў Hrodna.life, чаму Гродна таксама варта займець мастацкі музей. Тым больш, што ва ўсіх іншых абласных цэнтрах Беларусі такія музеі.

Ёсць у Бабруйску і Светлагорску, але няма ў Гродне

“Мастацкі музей – гэта візітоўка любой краіны і любога горада”, – кажа Сяргей Грыневіч. У Беларусі мастацкія музеі ёсць ва ўсіх абласных гарадах, але не ў Гродне. У Магілёве і Гомелі функцыі такіх музеў выконваюць галерэі Вашчанкі і Масленкава. Больш за тое, мастацкія музеі ёсць у такіх гарадах, як Бабруйск, Полацк, Светлагорск. Гэта райцэнтры, а Гродна – не райцэнтр.

У іх ёсць пастаянныя калекцыі сучасных мастакоў і мастакоў, якія адыйшлі. Ёсць адпаведныя аддзелы, якія ладзяць выставы.

У некаторых музеях побач з жывапісам месціцца “народная мастацкая творчасць”: ткацтва, салома- і лазапляценне, размалёўка па дрэве і шкле. Але напаўненне музея – іншае пытанне. Ён павінен існаваць як навукова-адміністрацыйная адзінка.

"Ганьба, што яго няма". Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Мастацкі музей Брэста

Чаму існуючых месцаў недастаткова?

У нашым горадзе ёсць Гродзенская выставачная зала, галерэі “У майстра”, “Тызенгаўз”, культурны цэнтр “Фестывальны”. Год назад закрылася арт-галерэя “Крыга”. Выставы часам праходзяць у іншых прасторах, напрыклад, “Цэнтры гарадскога жыцця”, антыкафэ “Партал”. Але гэтага недастаткова, кажа Грыневіч.

Па-першае, немагчыма прыняць вялікую выставу з-за мяжы з-за недахопу плошчаў. Напрыклад, калі ў Гродна прыязджала World Press Photo, яе размясцілі ў ГЦ OldCity. Сам жа Сяргей Грыневіч не можа ў Гродне зрабіць паўнавартасную выставу са сваіх манументальных карцін – яны надта вялікія. Аднойчы ён нават адкрываў выставу адразу ў дзвюх галерэях!

"Ганьба, што яго няма". Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Адкрыццё выставы World Press Photo 2018 у Гродне

Па-другое, у галерэях няма абсталявання для сучасных мультымедыйных праектаў. Па-трэцяе, мастацкі музей патрэбны для іміджа горада. І нарэшце, трэба ўшанаваць, увекавечыць памяць аб тых мастаках, якія паходзяць з Гродна і не толькі.

Сяргей Грыневіч кажа, што ў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ёсць добрая калекцыя: карціна Малевіча, калекцыя абразоў – у тым ліку беларускіх уніяцкіх традыцый. Музей рэгулярна набывае карціны і захоўвае іх у запасніках, раз-пораз выстаўляючы. А ў мастацкім музеі гэта магла б быць пастаянная экспазіцыя, даступная ўсім. У Гродне ёсць мастацтвазнаўцы, якія маглі б гэта прафесійна аформіць.

Чым напоўніць музей?

Сяргей Грыневіч лічыць, што музей можа змясціць экспазіцыю выяўленчага мастацтва ад дагістарычнага перыяду да сучаснасці. Па-першае, гістарычная частка: сакральнае мастацтва, абразы, пачатак свецкага жывапісу – ўсё, што знаходзіцца ў запасніках гісторыка-археалагічнага музея і вельмі дазавана экспануецца.

Па-другое, некалькі залаў, прысвечаных мастакам, звязаным з Гродна, якія нарадзіліся тут і сталі сусветна вядомымі. У першую чаргу, гэта Бакст. Асобная зала для нашых сучаснікаў, якія ўжо адыйшлі. Па-трэцяе, некалькі залаў, дзе б адбываліся музейныя выставы сучасных мастакоў.

"Ганьба, што яго няма". Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Леў Самойлавіч Бакст нарадзіўся ў Гродне ў артадаксальнай габрэйскай сям’і ў 1866 годзе. Гэта адна з яго самых вядомых прац – “Вячэра”

Дзе мог бы быць мастацкі музей у Гродне? “Стаіць незапатрабаваны Дом культуры тэкстыльшчыкаў, які выглядае з фасаду як класічны музей. Каланада, прыступкі. Справа і злева – вялікія плоскія прасценкі для білбордаў. Выстава Рэмбрандта, Эндзі Уорхала, – марыць мастак. – У скверы ззаду можна прыбудоўку зрабіць, калі запатрабуюцца яшчэ нейкія плошчы. Калі там будзе мастацкі музей, гэта будзе ўпрыгожваць цэнтральную плошчу горада”. Яшчэ адно добрае месца – былая Медыцынская акадэмія Жылібера.

“Гэта ганьба для горада, што яго няма”

– Мы прапіхваем гэтую ідэю на ўсіх паседжаннях шмат гадоў запар. Ніхто не супраць. Гэта ганьба для нашага горада, што музея няма, і ўсе пагаджаюцца з гэтым. Нехта павінен выступіць перад нашым кіраўніцтвам з нейкай ініцыятывай, каб далі фінансаванне, – кажа Сяргей.

"Ганьба, што яго няма". Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Сяргей Грыневіч – адзін з самых вядомых і запатрабаваных мастакоў у Беларусі

Музеі – гэта ўстановы, якія ў прынцыпе не вельмі акупаюцца. Але выконваюць важныя функцыі. Каб рабіць прыватны музей, трэба шукаць спонсара. Сяргей лічыць, што мясцовыя ўлады не адмовіліся б, калі б ён знайшоўся.

Афіцыйны каментарый па гэтай справе ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама атрымаць не ўдалося. У прыватнай размове спецыялістка сказала, што летам 2018 года пытанне мастацкага музея абмяркоўвалася актыўна. А на 2019 год плануецца шмат мерапрыемстваў, звязаных з мастацтвам і непасрэдна жывапісам.

Ёсць рэстаран “Бакст”, але няма музея Бакста

– У рэчышчы таго, што Гродна адкрываецца ўсяму свету, мастацкі музей яшчэ больш патрэбны. Калі ўлічыць бязвіз, то пры ўсіх кульгавых намаганнях турыстаў стала ездзіць больш, і гэта навідавоку. І канешне, нехта захоча паглядзець “карцінкі”, якія мастакі тут жылі. А вось рэстаран “Бакст”. А дзе музей Бакста? – пытае Сяргей.

Мастацтва займае адно з ключавых месцаў у вывучэнні горада, краіны, паколькі менавіта праз мастацтва ствараецца дух горада, лічыць Святлана Якімава з турфірмы “Дон Кіхот”.

"Ганьба, што яго няма". Навошта Гродна мастацкі музей і калі ён можа з’явіцца
Святлана Якімава, дырэктарка турфірмы “Дон Кіхот”

– Безумоўна, у розных турыстаў розныя інтарэсы: камусьці цікавыя музеі, камусьці бары, нехта ў тэатр прыязджае. Але ў мяне неаднаразова былі выпадкі, калі турысты прасілі завесці іх у мастацкую галерэю, іх цікавіла, у тым ліку, і пакупка карцін. Я думаю, гэта было б досыць цікава. Асабліва, калі б музей быў размешчаны ў рамках турыстычнага цэнтра Гродна, – кажа Святлана. – Турысты хочуць таго, што ім прапануюць. Вельмі важна мець гатовую прапанову. Таму што часта турыст не ведае, чаго ён хоча, пакуль не ўбачыць гэта. Але практычна ўсе турысты задаюць пытанне, у які музей варта схадзіць.

Для турыстаў ці для саміх сябе?

Святлана Якімава лічыць, што музей быў бы запатрабаваны не толькі ў турыстаў, але і жыхароў Гродна. “Мы ўвесь час гаворым пра турыстаў і забываемся, што горад для тых, хто ў ім жыве. Мне здаецца, гэта было б важна ў першую чаргу для гродзенцаў: ведаць сваіх герояў – мастакоў, якія складаюць гонар горада”.

– Музеі цяпер не такая закасцянелая ўстанова, як калісьці. Там рыхтуюць майстар-класы,  спецыяльныя праграмы для дзяцей. І калі прыймаюць выставы папулярныя, ёсць і білеты з добрым коштам, і чэргі стаяць. Калі ёсць што паглядзець, то можна і зарабіць, – разважае Сяргей Грыневіч.

Ён лічыць, што акрамя асветніцкай функцыі, мастацкі музей павінен выконваць і прапагандысцкую функцыю. І з маленства прывучаць да мастацтва.

– На захадзе ў музеях ёсць спецыяльныя праграмы для дзяцей. Ходзіш па музеі і бачыш: заўсёды ёсць купкі дзяцей, якія сядзяць на падлозе, нешта малююць, ім цікава. Там глядач прывучаецца з маленства, са школьнаай лавы. І гэтыя людзі будуць хадзіць у музеі.

А калі з’явіцца мастацкі музей, можна будзе падумаць і пра асобны музей сучаснага мастацтва, лічыць мастак.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: