Гродзенцы Яўген Аснарэўскі і Мечыслаў Супрон з 31 студзеня пачалі збіраць на petitions.by подпісы за адкрыццё ў Гродне яшчэ адной мастацкай галерэі. Яны прапануюць адкрыць яе ў былым палацы культуры тэкстыльшчыкаў.

Некалькі дзён таму гарадскія ўлады паведамілі пра тое, што ў будынку на Савецкай плошчы, дзе ў дадзены момант поўным ходам ідзе рэканструкцыя, будуць адкрыты новыя экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Туды пераедуць экспанаты з аддзелаў найноўшай гісторыі і прыроды, якія раней знаходзіліся ў Старым замку.

Гісторык Мечыслаў Супрон, засмучаны гэтай навіной, апублікаваў артыкул: «Свекла, партизаны, чучела животных. Почему новый старый музей в текстилях идея так себе». Пасля гэтага ён разам з іншым блогерам-краязнаўцам Яўгенам Аснарэўскім пачалі збор подпісаў за адкрыццё мастацкай галерэі ў будынку. Ініцыятары лічаць, што галоўная плошча горада — не месца для экспанавання чучал жывёл і ўзораў сельгаспрадукцыі. Яны прапануюць размясціць музей прыроды ў гаспадарчых пабудовах сядзібы Станіславова, дзе такія аб’екты будуць глядзецца арганічна.

Прачытаць поўны тэкст петыцыі і падпісаць тут

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.