У парку Жылібера ў Гродне пасяліліся вавёркі. Наведвальнікі могуць не толькі назіраць за жывёламі, але і пакарміць іх. Для гэтага ў парку ўсталявалі спецыяльны аўтамат з кормам, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».
Таксама ежу для вавёрак можна прынесці з сабой. Жывёлам падыходзяць грэцкія і кедравыя арэхі, фундук, яблыкі, грушы, морква, кабачкі, жолудзі, несмажанае насенне сланечніка і гарбуза, а таксама грыбы, акрамя шампіньёнаў і вешанак.
Спецыялісты нагадваюць, што вавёрак нельга карміць хлебам, булкамі, смажаным насеннем, чыпсамі, шакаладам, міндалем, печывам і цукеркамі — такая ежа можа нашкодзіць іх здароўю.

Пакуль вавёркі асцярожна ставяцца да людзей, аднак ахвотна падыходзяць да кармушак па прыдатны пачастунак.
Дзе яшчэ жывуць вавёркі ў Гродне
Вавёрак у Гродне можна сустрэць і ў іншых гарадскіх парках. Больш за ўсё жывёл — у Румлёўскім лесапарку. Там вавёркі даўно прывыклі да людзей і рэгулярна прыходзяць да кармушак, якія напаўняюць жыхары.
Ёсць вавёркі і ў Каложскім парку, хоць іх там заўважна менш. У 2010 годзе туды спецыяльна перасялілі некалькіх жывёл. Для іх усталявалі домік на дрэве, абсталявалі кармушку, а частку тэрыторыі агарадзілі сеткай. Вавёрак выпускалі ў парк у прысутнасці СМІ.
Пазней у гарадскіх пабліках з’явіліся паведамленні, што эксперымент аказаўся не занадта ўдалым. Паводле слоў відавочцаў, адна з вавёрак упала з дрэва і траўмавала лапу, а іншую ледзь не заклявалі вароны.



