Адкрыццё новай установы ў Азёрах запланавана на лістапад. Назва — «Млын» — адсылае да старога млына, які калісьці працаваў на месцы кафэ. Да летняга сезона ўладальнікі плануюць уладкаваць тэрасу з панарамным акном і відам на возера.
Ідэя стварэння “Млына” належыць бацьку кіраўнічага адміністратара ўстановы Яўгена Раманава. Мужчына родам з гэтых мясцін і даўно марыў адкрыць бізнес у маляўнічым месцы. Калі на продаж выставілі будынак ля возера, сям’я пачала рэалізоўваць задумку.
Канцэпцыю кафэ-бара запазычылі з гісторыі самога месца – пераемнасць перадалі ў назве «Млын», якое адсылае да старога млына, што некалі тут працаваў.
Дызайн установы вытрыманы ў мінімалістычным стылі, таксама ўладальнікі паставілі вінтажнае піяніна – у будучыні плануюць ладзіць выступленні музыкаў.
Уладальнікі разлічваюць прыцягваць гасцей і з Азёр, і з Гродна.
— Магчыма, людзі проста стаміліся ад гарадской мітусні. Сюды можна прыехаць на выходныя, каб расслабіцца ў цішыні, — расказвае Яўген.
Да лета ўладальнікі плануюць уладкаваць дадатковую тэрыторыю на вуліцы: VIP-зоны на шэсць-сем месцаў з панарамным акном і відам на возера. Тэрыторыю ачысцяць ад чароту, а побач абсталююць грыль на адкрытым паветры – хочуць гатаваць свежае мяса.


Пакуль жа ўстанова рыхтуецца да адкрыцця: шэф-кухар з Гродна распрацоўвае меню, бармэн таксама завяршае падрыхтоўку. Дакументы і ліцэнзіі ўжо аформлены – кафэ-бар хочуць адкрыць у лістападзе.
З серады па нядзелю ўстанова будзе працаваць з 11:00 да 01:00. Для кіроўцаў прадугледзяць паркоўку.
Аграгарадок Азёры знаходзіцца непадалёк ад Гродна і дзякуючы блізкаму размяшчэнню да аднайменнага ландшафтнага заказніка, возера Белага, санаторыяў і экатропаў лічыцца папулярным турыстычным напрамкам.
Па падліках беларускіх чыноўнікаў з 2021 па 2025 колькасць турыстаў, якія наведваюць Азёры, узрасла у сем разоў. Такі турыстычны паток сфарміравалі не толькі беларусы, але і іншаземцы.
Чытайце таксама: На месцы “Хотей” у Гродне ўжо адкрылася новая ўстанова




