Больш за 30 саламяных павукоў «распаўзліся» з майстар-класаў, якія праводзіць у Вроцлаве гродзенка Ганна. Дзяўчына робіць павукоў са школьных часоў. Першы яе павучок вісеў на бэльцы ў дзедавай хаце на Шчучыншчыне. Зараз Ганна не толькі мае павука ў сваёй кватэры, але і вучыць ахвотных рабіць іх сваімі рукамі. Яна лічыць, што павук мае быць у кожным доме, дзе жывуць беларусы. Для канала «Цёця Іра дазваляе» Ганна расказала, як павучкі «запаўзлі» ў яе жыццё і «распаўзаюцца» далей.

«Дастаткова таго, што я — беларуска»

Ганна — эканамістка паводле адукацыі. Яе прафесія ніяк не звязана з беларускай культурай, але дзяўчына цікавіцца і займаецца традыцыйнымі танцамі і спевамі, а таксама вучыць ахвотных рабіць саламяных павукоў. Сваю матывацыю Ганна тлумачыць проста: «Дастаткова таго, што я — беларуска».

«Я заўжды ведала, што яны існуюць, — кажа Ганна пра тое, як павукі ўвайшлі ў яе жыццё. — Першага павука зрабіла ў школьным узросце. Сама так вырашыла — чаму б не зрабіць павука? Хаця раней і не капалася глыбока ў гісторыі».

Беларускі саламяны павук
Саламяны павук, фрагмент. Фота з асабістага архіра гераіні

Ганна ізноў узгадала пра павукоў, калі пераехала ў Польшчу:

«Сяброўка адкрывала ў Вроцлаве краму з беларускай касметыкай і я вырашыла зрабіць ёй падарунак. Каб унесці ў гэту беларускую краму кавалачак беларускай традыцыйнай культуры. Тады і ўзгадала, як павук робіцца, узгадала, які ён цудоўны, далікатны, лёгкі, прыгожы, беларускі! Як ўсё гэта ў адным павучку спалучаецца».

Пабачыўшы павука, праявілі цікаўнасць і іншыя. Ганну запрасілі правесці майстар-клас у адной з культурніцкіх прастораў горада. «Я не лічыла сябе вялікім экспертам па павуках, але вырашала пагадзіцца, бо магу пачытаць, назбіраць больш інфармацыі і патлумачыць, як павука зрабіць», — тлумачыць яна.

Як зрабіць традыцыйнага беларускага павука
Модулі-актаэдры — элементы, з якіх складаецца павук. Фота з архіва гераіні

На занятку яна расказвала, як збіраюцца модулі для павука, пра тое, што ён можа прыняць розную форму:

«Самае галоўнае, каб чалавек сам зрабіў свайго павука, сам яго прыдумаў, сам уклаў у яго сваё цярпенне, час, душу, натхненне — і зрабіў. Думаю, гэта цудоўна, што ў кожнага атрымліваецца свой павук». Зараз Ганна ўжо правяла некалькі заняткаў і майстар-класаў і ўпэўнілася, што кожны павук непаўторны: «Я такога нават уявіць не магла, як людзі прыдумляюць».

Ганна вядзе майстар-клас па вырабе саламяных павукоў
Ганна вядзе майстар-клас па вырабе саламяных павукоў

Навошта патрэбны саламяныя павукі

Пра тое, калі і навошта ў беларускіх хатах вешалі павукоў, Ганна знаходзіла розныя звесткі:

«Адныя крыніцы кажуць, што павукі - гэта святочнае ўпрыгожанне да Калядаў і Вялікадня. У іншых кнігах чытала, што павук — круглагадовая рэч і што гэта не проста ўпрыгожанне, але абярэг хаты ад злых духаў. Павук пад столлю вісіць, круціцца, як жывая істота, каторая ахоўвае дом, душу і цела людзей».

Аб паходжанні назвы Ганна расказвае, што «саламяны павук сваёй ажурнай структураю мае пэўнае падабенства да сапраўднага павука на павуцінні, каторы можа з’явіцца пад столлю».

Глядзіце таксама: Belaruskicry зрабілі ўпрыгажэнні, натхніўшыся беларускай вышыўкай — вось як гэта выглядае

З іншага боку, такую назву маглі даць, каб «адушавіць» абярэг, назваць рэч такім самым словам, якім называюць жывую істоту. «Асабіста ў мяне з’явілася такая асацыяцыя, што як сапраўдны павук ловіць у сетку шкодных мух, так і саламяны павук ловіць цёмныя думкі і не пускае да нас злога».

Павук пачынаецца з… актаэдра

«Я расказваю, што базавая фігура цела павука — гэта самы вялікі модуль. Ад яго сыходзяць больш маленькія, — гэта тое, з чаго дзяўчына пачынае занятак. — Актаэдр, ці васьміграннік, гэта найбольш простая аб’емная форма, якую можна зрабіць з саламяных трубачак. Менш ці больш зрабіць складана. Гэта форма самая натуральная, што можа атрымацца ў кожнага чалавека. Потым паказваю свайго павука, як гэта можа выглядаць. Але такіх самых павукоў ніхто не рабіў - і гэта цудоўна».

Як зрабіць саламянага павука
Каб сабраць актаэдр, спачатку збіраюць такую формк. Фота з асабістага архіву гераіні

На заняткі да Ганны прыходзяць і дарослыя, і дзеці. Пад яе кіраўніцтвам удзельнікі майстар-класаў зрабілі ўжо не менш за 30 павучкоў.

«Мне прыемна расказваць пра беларускую традыцыйную культуру і дзяліцца сваімі ведамі пра павукоў. Хаця павукі - не толькі ў Беларусі рабілі. У палякаў яны былі і ў балтыйскіх народаў таксама. Але я адчуваю прыемнасць за нашу культуру, я паказваю беларускага павука і ў кнігах больш чытаю пра беларускія адметнасці. Наш павук больш сціплы, без упрыгожанняў. Польскія павукі больш дэкаратыўныя — з ніткамі ці каралікамі».

Павучка ў кожны дом

На думку Ганны, павучка варта зрабіць кожнаму чалавеку:

«Хай ён проста вісіць і нагадвае пра дом і радзіму».

Падказкі ад Ганны для тых, хто будзе рабіць павука першы раз, вельмі простыя:

  • Саломку можна замовіць у інтэрнэт-крамах, альбо ўзяць папяровыя кактэйльныя трубачкі.
  • Голка мае быць доўгаю альбо цяжкою, каб змагла прайсці праз саломку.
  • Што да нітак, то з выбарам прыйдзецца ісці шляхам спробаў і памылак: «Я набывала шмат нітак і эксперыментавала. Ёсць тоўстыя, але пабачыла, што атрымліваюцца грубыя вузлы і мне не спадабалася. Калі вельмі тонкія ніткі, то яны могуць раскалоць саломінку ўздоўж».
  • Саломку перад працай трэба замачыць, каб яна стала эластычнай і менш пашкоджвалася.
“Павучка ў кожны дом”. Ганна з Гродна вучыць рабіць саламяных павукоў - таму што яна беларуска
Матэрыялы і інструменты для вырабу павука. Фота з асабістага архіву гераіні

«Я лічу, што трэба, каб павук быў у кожным доме і не толькі як упрыгожванне да святаў. Проста трэба ўзяць і зрабіць свайго павука. Мая парада — не чакаць, калі хто прыедзе і пакажа, а ўзяць матэрыялы, узяць гарбаткі, уключыць фонам традыцыйную беларускую музыку ці можа нават самім заспяваць — разабрацца і зрабіць».

“Павучка ў кожны дом”. Ганна з Гродна вучыць рабіць саламяных павукоў - таму што яна беларуска
Саламяны павук. Фота з асабістага архіву гераіні