Наталля жыве ў невялічкім нямецкім мястэчку Хільдэсхайм з верасня 2021 года. «Мне тут падабаецца. Мне бліжэй мясцовы менталітэт. Паважлівае стаўленне адзін да аднаго, усе талерантныя, вельмі свабодныя», — кажа беларуска пра Германію.

Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.

«Я не буду хлусіць, што з’ехала з Беларусі толькі праз падзеі 2020 года. Але яны мяне таксама датычыліся. Я марыла з’ехаць усё сваё жыццё, як толькі пачала падарожнічаць, у 13 гадоў», — кажа Наталля.

Самым хуткім і простым шляхам прыехаць у Еўрасаюз дзяўчына выбрала валанцёрскую праграму. Дзякуючы гэтаму яна на год уладкавалася ў культурніцкую ўстанову ў Германіі.

Наталля ў Хільдэсхайме, фота з архіву гераіні
Наталля ў Хільдэсхайме, фота з архіву гераіні

«Гэта падобна да нашага палаца культуры, але больш нефармальна, са шматлікімі мерапрыемствамі, якія я дапамагала арганізоўваць. Дапамагала пісаць запрашэнні, друкаваць постары, падаваць заяўкі на іх правядзенне ў гарадскую раду. Чалавек, які калі-небудзь арганізоўваў мерапрыемства, зразумее, пра што я: крэслы паставіць, дамовіцца, каб святло было, прасачыць, каб прыехалі ўсе ўдзельнікі. Я не вельмі гаварыла па-нямецку, але да ўсяго мела дачыненне».

Брэнд "Мова вольных" выпусціў слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

Падарожжы: больш за тры месяцы без іх не вытрымлівае

Прагу да падарожжаў Наталля адчувае фізічна: «Мне ў целе становіцца кепска, калі я застаюся на месцы больш чым на месяцы тры».

Галоўная пакута ў такой любові - гэта грошы, якія трэба шукаць на квіткі, кажа Наталля. Ездзіць пераважна адна, радзей — з сябрамі.

Хільдэсхайм - горад у Германіі ў Ніжняй Саксоніі
Вуліцы Хільдэсхайма. Фота з архіву гераіні

«Мне падабаецца гэтая магчымасць, паехаць без візы ў любую краіну Еўрасаюза. Пакуль я была на валанцёрскай праграме, змагла з’ездзіць у Кёльн, Мюнхен, Эсэн, Дортмунд, Брэмен. Ездзіла ў Галандыю, Партугалію, Польшчу. Нават і не ўспомню ўсё».

Мова: шмат беларускіх словаў паходзяць з нямецкай

Нямецкую мову Наталля крыху ведала — вывучала ў інстытуце. Але прызнаецца: «Моцна шкадую, што абыякава ставілася да навучання».

У Германіі пэўны час хадзіла на курсы, цяпер працягвае вучыцца сама: «У час заняткаў заўважыла шмат цікавага. Ці ведалі вы. што многа беларускіх слоў падобныя да нямецкіх? Напрыклад Dach — дах, Mussen — мусіць, Vers — верш, Zwiebel — цыбуля, Spazieren — шпацыраваць, Kosten — кошт і многае яшчэ!».

Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

Таксама Наталля заўважыла, што ў немцаў ёсць «супер адметная рыса ў мове»: «Гэта больш датычыцца тэрмінаў у нейкай вузкай ці прафесійнай сферы. Напрыклад, па-беларуску мы бы сказалі „Закон аб перадачы абавязкаў кантролю маркіроўкі ялавічыны“. А па-нямецку гэта будуць два словы з 64 знакаў - Rindfleischetickettierungsüberwachungs aufgabenübertragungsgesetz. Дзіўна», — заўважае субяседніца.

Горад: аўтэнтычны, але турыстычных месцаў не так шмат

Хільдэсхайм — горад у цэнтры Германіі ў 25 км ад Гановера. Там жыве каля 100 тыс. чалавек.

«У гэтай вёсцы [так жартам называе Хільдэсхайм Наталля — Hrodna.life] ёсць стары-стары будынак і ён нагадвае невялічкі замак. Гэта трохпавярховае памяшканне, дзе ўся мэбля старадаўняя, вялікая, у прускім стылі. Там раней жылі князі, побач нават ёсць дом для прыслугі, канюшня. А потым будынак за невялікія грошы выкупіў звычайны чалавек, просты рабочы, які займаецца рамонтам у кватэрах».

Наталля насалоджваецца захаванай аўтэнтыкай у старой частцы горада, асабліва дамкамі ў баварскім стылі. Яны прыкметныя сваім драўлянымі каркасамі, спалучанымі з каменнымі элементамі. Гэтую тэхніку яшчэ называюць фахверкам.

Хільдэсхайм - горад у Германіі ў Ніжняй Саксоніі
Вуліцы Хільдэсхайма. Фота з архіву гераіні

Па прыроду — у Баварыю, на тусоўкі - у Кёльн

У самім Хільдэсхайме няма надта турыстычных месцаў, але Наталля паездзіла па краіне і ўсім раіць ехаць у Баварыю. Гэта добры накірунак для тых, хто хоча паглядзець на прыгожую прыроду. Галоўная рэкамендацыя — азёры Амер і Хім (Кімзе).

«Уявіце сабе гару, якая адлюстроўваецца ў празрыстым возеры, а побач сядзіць карова, як у рэкламе Milka», — расказвае Наталля.

Азёры ў Баварыі вельмі прыгожыя і прыцягваюць турыстаў
Азёры ў Баварыі. Фота з архіву гераіні

«Калі вас цікавіць актыўная гарадская тусоўка, то раю ехаць у Кёльн на рэйв, які праходзіць у былой царкве. Там таксама ладзяць многа квір-вечарынак».

Беларускія суполкі канцэнтруюцца ў вялікіх гарадах, але, па словах суразмоўніцы, ужо не так актыўна сябе праяўляюць. Засталіся толькі мерапрыемствы ў важныя для беларусаў даты. У маленькіх гарадах, такіх. як Хільдэсхайм, беларусаў амаль няма.

«Прайшло многа часу [пасля падзей 2020 года — Hrodna.life], людзей на акцыях становіцца менш. На жаль, змены ў Беларусі не праглядваюцца і людзям становіцца цяжка быць такімі актыўнымі, як раней. Але кожны з нас у сэрцы пакінуў месца, каб зноў прыехаць у Беларусь у госці да бацькоў ды сяброў. І месца ў сэрцы на любоў да месца, дзе мы нарадзіліся».

Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.

Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.

А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!