У Зэльве памёр Юры Качук – грамадска-культурны дзеяч, выдавец, калекцыянер, мастак і краязнаўца. Аб смерці Качука ў Facebook паведаміў Уладзімір Хільмановіч. 

«Юрка Качук вельмі шмат зрабіў па ўшанаваньні памяці Ларысы Геніюш. Ня стала яшчэ аднаго шчырага беларускага патрыёта. Вечная памяць…», — напісаў Хільмановіч. 


Юры Качук вядомы тым, што напісаў і выдаў кнігу “Моц смаку”, якую прысвяціў традыцыйным беларускім рэцэптам.

https://www.youtube.com/watch?v=EBv3a9I8gcc

“Беларусы – у большасці індывідуалісты, у нас няма масавасці”, – апісываў каштоўнасць нацыянальнай кухні Качук.

У кнігу ўвайшло каля 350 рэцэптаў, пераважна з заходніх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Беласточчыны. Кожную са страў аўтар гатаваў сам, дэгуставаў і рабіў фота.

“У нас шмат што страчана, шмат скрадзена, шмат да чаго свайго мы з з’ядлівасцю ставімся. А другія падымуць гэта, адразу гэта ў іх робіцца нацыянальнай або лакальнай каштоўнасцю”, – казаў Качук. 

Дызайн для выдання Юры распрацоўваў сам. Кнігу надрукавалі ў польскім выдавецтве. Дзеля рэалізацыі праекту Качук прадаў сваю кватэру. 

Качук таксама выдаваў краязнаўчы часопіс “Бэз”, прысвечаны гісторыі Зэльвеншчыны і адстойваў помнік Ларысе Геніюш, які мясцовыя ўлады хацелі знесці.

У Юрыя была дачка Юлія – ​​жанчына жыла ў Празе і займалася мастацтвам. У 2017 годзе Юлія трагічна загінула ў Чэхіі. 

Чытайце таксама: “Бацькаўшчыну” прадаюць за тры рублі. Колькі каштуюць кнігі беларускіх класікаў на “Куфары”, у кнігарні і за мяжой