Харчовыя адходы, вільготныя сурвэткі, падгузнікі і анучы – такія прадметы камунальнікі знаходзяць у каналізацыйных трубах Гродна. За лістапад службы Ленінскага раёна больш за дзесяць разоў выязджалі на ліквідацыю засораў.

Па словах камунальнікаў, часцей за ўсё трубы забіваюцца таму, што жыхары змываюць не прызначаныя для гэтага прадметы ва ўнітаз, а таксама цвёрдае бытавое смецце. На некаторыя адрасы аварыйным брыгадам даводзіцца вяртацца ўжо праз некалькі дзён пасля прачысткі. З-за засора адходы могуць трапляць у падвалы шматпавярховак і ператвараць іх у рэкі нечыстот.

Часам прычынай такіх аварый становіцца знос труб, але часцей — няправільнае выкарыстанне каналізацыі. Спецыялісты нагадваюць, што каналізацыя прызначана толькі для вадкіх адходаў.

Як камунальныя службы змагаюцца з засорамі?

Калі ў кватэры з’явіўся засор, жыхары пакідаюць заяўку на сэрвісе 115.бел – пасля яе вывучаюць ва УЖРЭП і на месца выязджае аварыйная брыгада.

Ад засора пазбаўляюцца пры дапамозе шланга і гарачай вады, якая пад моцным напорам прачышчае трубу. Асобныя прадметы або бытавое смецце супрацоўнікі службы дастаюць самастойна, а затым – утылізуюць.

Чытайце таксама: У Гродне пяціпавярховік больш за месяц прастаяў без ацяплення — не маглі адкруціць вентыль