Дадаць навіну
Аўторак, 23 студзеня 2018, 15:58

Новы офісны будынак на Замкавай: чарговы цвік у труну гістарычнага цэнтра?

Блогер supron-licvin, якога вельмі хвалююць планы будаўніцтва офісаў на вуліцы Замкавай у Гродне, тлумачыць, чаму гэта праект можа спачварыць і літаральна забіць усю вуліцу, а таксама што рабіць, каб ад замежнага інвестара ў гэтым месцы была для горада рэальная карысць.


Спонсар рубрыкі «Горад» — «Пліт-мар» ТАА (аб'яднанне «Група кампаній Белпліта»).

Рабіце мэблю самі і эканомце! Распілоўванне мэблевых матэрыялаў па вашых чарцяжах і велізарны склад матэрыялаў і фурнітуры ад першага імпарцёра і асноўнага пастаўшчыка мэблевых матэрыялаў і фурнітуры ў Гродзенскай вобласці.


Многія з нас не раз чулі, што Гродна падчас апошняй вайны страціў значную частку гістарычнай архітэктуры, аднак мала хто задумваўся над тым, што пасля вайны ужо ў мірны час горад панёс у архітэктурным плане не меншыя (калі не большыя!) страты. Часам цэлыя кварталы ішлі пад коўш экскаватара дзеля увасаблення ў жыццё грандыёзных на той час па свайму размаху архітэктурных праектаў! Самыя сумныя прыклады — будаўніцтва аблвыканкама (на месцы квартала гістарычнай забудовы к. XVIII — пач. ХХ стст.), драмтэатра (на месцы бернардынскага жаночага касцёла і манастыра XVII ст.), гандлёвага дома на вул. Савецкай (на месцы гатэля «Еўропа»), дома быту на вул. Замкавай.

Апошні прыклад — самы шакуючы: дзеля таго, каб адкрыць перспектыву на «суперсучасны» на той час будынак са шкла і бетона, у 1968−1969 гг. была знесена цэлая вуліца Кляшторная, якая тулілася за былой тытунёвай фабрыкай Шарашэўскага (сучасная пальчаткавая фабрыка) і палова левага бока Замкавай вуліцы! У выніку, праз два пакаленні, што мы маем? А мы маем ці не самы пачварны ў гістарычным цэнтры будынак, які проста неабходна знесці, і вялікую пустку ў выглядзе скверыка на самай старой і самай знакавай у турыстычным плане вуліцы.

Доўгі час у інтэлектуальным коле ўзнікалі размовы наконт мэтазгоднасці адбудовы страчанай забудовы вул. Замкавай. Адбудова гэтага квартала — ці не другога па значнасці пасля Фары Вітаўта — з’яўляецца проста неабходнай задачай. Аднак зусім нядаўна ў СМІ з’явілася інфармацыя, якая проста шакавала многіх: участак на вул. Замкавай плошчай 0,15 га быў прададзены з аўкцыёну пад будаўніцтва чарговага офіснага будынка.

Прычым на сайце myrealtor. by, дзе размешчана аб’ява аб правядзенні аўкцыёна, было адзначана, што ўчастак прадаецца пад «строительство административно-торгового объекта (3-х этажное здание с мансардным этажом или со скатной кровлей)». Тут жа была замацавана карта з пазначэннем тэрыторыі:

Менавіта на гэтым участку, які быў прададзены інвестару, да 1968 г. стаялі тры камяніцы, якія былі пабудаваны ў др.п. XVII — п.п. XVIII стст.:

Страчаныя будынкі пазначаны блакітным колерам, чорным — існуючыя, зялёным — тры камяніцы (вул. Замкавая № 4, 6, 8), на месцы якіх плануецца ўзвядзенне новабуда.
У гэтай сітуацыі вельмі нечаканым з’яўляецца тое, што ўлады пайшлі на такі вельмі непрадуманы і недальнабачны крок. Узвядзенне трох-чатырохпавярховай гаргары ў самым гістарычна значным месцы горада — гэта проста злачынства.

Па-першае: раён вул. Замкавай — тэрыторыя, дзе знаходзіцца вельмі магутны культурны слой, які сягае да ХІІ ст. Ёсць вялікая верагоднасць таго, што падчас будаўніцтва паўторыцца гісторыя, як з сумнавядомай рэканструкцыяй Савецкай плошчы, калі была знішчана значная частка культурнага слою былой Рынкавай плошчы. А, між іншым, ля вул. Замкавай некалі была тэрыторыя сярэднявечнага гораду, абнесенага вакол перыметра ўмацаванымі сценамі, па краях якога і сфарміравалася паўкруглай формы вуліца.

Па-другое, у горадзе шмат вольнай тэрыторыі, якую можна было б аддаць інвестарам. Хапае і закінутых будынкаў, такіх як піўзавод і дом Мураўёва. Чаму б іх не перарабіць пад офісныя? Чаму ўлады выставілі на продаж зямлю ў самым гістарычным цэнтры?

Па-трэцяе, падчас будаўніцтва офіснага будынка будуць знішчаны падмуркі камяніц XVII — XVIII стст., якія, па-сутнасці, з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю.

Па-чацвёртае, якім бы «суперсучасным» не было б новае збудаванне (а прыклады падобных новабудаў мы ўжо разглядалі тут), яно сказіць архітэктурную цэласнасць гістарычнай забудовы. Акрамя таго, можа здарыцца сітуацыя, што праз адно-два пакаленні будынак будзе ўспрымацца як дом быта цяпер: пачварна і дзёрзка.

Па-пятае, пад новы офісны будынак трэба будаваць аўтастаянку і г. д., што прывядзе да яшчэ большай загружанасці аўтамабілямі вуліцы. Ідэя стварэння Замкавай вуліцы як пешаходнай не будзе актуальнай.

З узвядзеннем новага офіснага цэнтру вуліца Замкавая можа назаўсёды страціць свой турыстычны патэнцыял.
Падзеі апошняга дзесяцігоддзя ў Гродне ў справе захавання гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці паказваюць, што гарадскія ўлады працягваюць рабіць усё магчымае і немагчымае, каб згубіць гістарычны цэнтр як цэласны ансамбль. Унікальная архітэктура горада над Нёманам кожны год церпіць страты. У бліжэйшы час, магчыма, будуць знесены прыгожыя драўляныя дамкі ў Новым свеце. А гэтая навіна з планаваным узвядзеннем бетоннага монстра на вул. Замкавай — як цвік у труну гістарычнага цэнтра.

Але ёсць надзеі на тое, што новы землеўласнік усё-ж пойдзе лагічным і паслядоўным шляхам — адбудуе камяніцы, і гэтым самым упрыгожыць самую старую вуліцу горада. Зрэшты, наш горад толькі тым і славіцца, што сваёй архітэктурай. І багатай гісторыяй.

Калі заглянуць у мінулае гэтага некалі прыгожага квартала, мы атрымаем шмат цікавай інфармацыі. На працягу вякоў гэты раён часта цярпеў ад пажараў, і ў інвентарах XVIII ст., напрыклад, часта фіксаваліся страты, панесеныя ў выніку агня. Вось, напрыклад, урывак з інвентара вуліцы «Zamkowej z Rynku idąca do Zamku po lewej stronie» 1782 г.:

Шматлікія пісьмовыя і картаграфічныя крыніцы паказваюць, што згаданы ўчастак вуліцы быў сфарміраваны ў сяр. XVIII ст. і захаваўся амаль бяз змен да пачатку Другой сусветнай вайны.


Мал. Н. Орды, 1867 г.


Дамы № 4, 6, 8, 10. Фота пач. ХХ ст.


Замкавая, 6. Дом Рыбака — самы каштоўны з трох згаданых камяніц. Калісьці тут знаходзіўся рыбацкі цэх. Будынак быў узведзены дзесьці ў др.п. XVII ст., хаця ёсць сцвярджэнні, што ён нашмат старэйшы. Зруйнаваны дзесьці ў 1969 г.

Страчаная забудова левага боку вул. Замкавай (№ 2, 4, 6, 8, 10). Рэканструкцыя на к. XVIII ст. З адраджэннем гэтай страчанай архітэктуры наш горад стане нашмат прыгажэйшым і будзе мець большы турыстычны патэнцыял.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: