Дадаць навіну
Серада, 14 лістапада 2018, 00:09

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры

Мясцовыя ўлады ў Гродне зноў звярнулі ўвагу на палац тэкстыльшчыкаў – вялікі будынак у самым цэнтры, які пустуе. На нядаўняй нарадзе, прысвечанай развіццю турызму, старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў даручыў да канца года распрацаваць праекта адбудовы палаца. Краўцоў хоча, каб у маі 2020 года палац у абноўленым выглядзе сустракаў гасцей чарговага Фестываля нацыянальных культур.

Тэкстыльнага камбіната даўно няма ў Гродне. Палац збіраліся аднавіць ужо не адзін раз. Узгадаем гісторыю яго будаўніцтва.

Што было тут раней

Летам 1944 г., калі савецкія войскі ўваходзілі ў Гродна, ваколіцы цяперашняй Савецкай плошчы (раней плошча Стэфана Баторыя) ляжалі ў руінах. Дамы, на месцы якіх знаходзіцца палац тэкстыльшчыкаў, згарэлі ў час нямецкай бамбардзіроўкі ў чэрвені 1941 г. Яшчэ год яны прастаялі пагарэлыя з пустымі сценамі, а пасля немцы сталі выганяць на разборку руін вязняў гродзенскага гета. Да пачатку 1943 г. ад большасці велічнай забудовы Савецкай плошчы засталіся толькі кучкі бітай цэглы.

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры
Месца палаца тэкстыльшчыкаў летам 1944 г.

Раней тут было на што паглядзець. На куце Савецкай плошчы і Замкавай вуліцы стаяў так званы Замкавы двор, трохпавяховы будынак закладзены недзе ў 16 ст. Менавіта тут жыў Стэфан Баторый, пакуль для яго будаваўся-рэканструяваўся Стары замак.

Далей у бок тытунёвай фабрыкі (цяпер пальчаткавая фабрыка) ішлі камяніцы 17 – 18 ст. з прыгожымі аркамі, пад якімі знаходзіліся крамы.

Без «архитектурных излишеств»

Савецкія архітэктары хацелі ўзвесці на пустой амаль плошчы нешта грандыёзнае. І палац культуры тэкстыльшчыкаў мусіў стаць толькі пачаткам. Завяршаць забудову плошчы мусіў палац саветаў са шпілем з зоркай.

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры
Праект пабудовы палаца

Сам палац тэкстыльшчыкаў – гэта тыпавы праект клуба на 450 месцаў, які рэалізаваны ў досыць многіх гарадах былога СССР. Цікавасць нашага палаца ў тым, што на ім часткова рэалізаваны дэкор у стылі сталінскага ампіру – найперш порцік з карынфскімі калонамі. Аднак поўнасцю аздобіць будынак бетоннымі сцягамі, гербамі і сярпамі-молатамі ўжо не ўдалося, бо маскоўскія ўлады акурат забаранілі “архитектурные излишества” на будынках на карысць будовы як мага большай колькасці хрушчовак.

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры
Палац будуецца

500 аўтамабіляў «Перамога»

Праўда і без гэтага палац абыйшоўся дзяржаве ў 12 мільёнаў рублёў. Гэта не так і дорага – ўсяго крыху больш чым 500 аўтамабіляў “Перамога” па тагачасных коштах. Будова палаца тэкстыльшчыкаў цягнулася некалькі гадоў. Сам будынак узводзілі з цэглы, але перакрыцці ўнутры ўжо былі зроблены з цэменту.

У Гродне зноў гавораць пра рэканструкцыю «тэкстылёў». Узгадваем гісторыю савецкага навабуда ў гістарычным цэнтры
Будоўля палаца з боку Замкавай вуліцы

Будынак урачыста адкрылі на дзень кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1959 г. і наступныя амаль сорак гадоў палац тэсктыльшчыкаў быў адным з цэнтраў гарадскога жыцця. Гурткі самадзейнасці для рабочых і пенсіянераў, канцэрты, спектаклі, пасля дыскатэкі. Усё гэта адбывалася тут. Нават некаторыя з будучых салістаў “Песняроў” пачыналі сваю кар’еру ў гэтым будынку.

Ці паспеюць з рамонтам?

Апошнія гады існавання палацу ўжо былі не такія вясёлкавыя. Ужо гадоў з 10 у газетах публікуюцца праекты перабудовы палацу то пад кінатэатар, то пад нейкую ўстанову з рэстаранам, то яшчэ пад нешта.

Цяпер справа ягонай перабудовы павінна рушыць хутка. Праўда, ці хопіць грошай і часу на тое, каб крыху больш чым за год капітальна адрамантаваць гэты будынак – пакажа толькі сам час.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments