Рызаліт, якога ніколі не існавала, пабудуюць у час другой чаргі рэканструкцыі Старога замка. У Міністэрстве культуры праігнаравалі меркаванне навукоўцаў і ўжо ўзгаднілі праект рэканструкцыі, паведаміла расійскае інфармацыйнае агенцтва Sputnik.

“Праектныя вырашэнні ўжо ўзгаднілі”. Рызаліт, якога не было, усё ж прыбудуюць да Старога замка
Брама Старога замка. Фота: Hrodna. life

У чым праблема

У праекце рэканструкцыі да ўвахода ў палац плануюць дабудаваць рызаліт. Ён існаваў яшчэ ў эскізах Яраслава Вайцяхоўскага ў 1930-х, быў бескрытычна перамаляваны Уладзімірам Бачковым у 1990-х ды так і застаўся ў праекце да сёння. Але падчас даследванняў археолагі выявілі, што на месцы ўвахода ў палац была звычайная аднамаршавая лесвіца, а не масіўная прыбудова. Вайцяховскі жа ў свой час памылкова інтэрпрэтаваў вынікі ранейшых раскопак.

Рызаліт — прыбудова, якая мусіць выступаць з фасада на ўсю вышыню будынка.

Зараз дакладна вядома, што чатыры слупы, знойдзеныя ў час раскопак, былі асновамі балкона. Яго збудавалі ў 1814 годзе. Пра гэта сказала археалагіня Наталля Кізюкевіч падчас навуковай канферэнцыі «Каралеўскі Гродна. Матэрыяльная і духоўная культура» у красавіку 2021 года.

“Праектныя вырашэнні ўжо ўзгаднілі”. Рызаліт, якога не было, усё ж прыбудуюць да Старога замка
1. Малюнак Яраслава Вайцяхоўскага 1938 г. 2. Малюнак Уладзіміра Бачкова — пачатк 1990-х. 3. Малюнак Уладзіміра Бачкова — 2017 г. Калаж Мечыслава Супрона.

Чытайце таксама: Гістарычная даведка абвяргае праект рэканструкцыі Старога замка. Якім (не)быў палац Баторыя?

Што кажуць у Міністэрстве культуры

У Міністэрстве культуры праектныя рашэнні другой чаргі рэстаўрацыі ўжо ўзгаднілі, сказаў кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар. Ён пацвердзіў, што рызаліт у праекце будзе.

«Трэба, напэўна, пачытаць праектныя рашэнні архітэктараў. Там, напэўна, будзе гэта абаснавана. Я з імі не знаёмы асабіста, таму што не вёў гэты аб’ект. Думаю, што там таксама ўсё абаснавана», — сказаў Ходар.

«Гэта грошы, якія выкінулі на вецер»

«Як каментаваць дадзеную навіну я не ведаю. Але калі гэта так, то ўсе навуковыя пошукі на аб’екце - гэта грошы, якія выкінулі на вецер, каб проста выканаць нейкія юрыдычныя ўмоўнасці. Не больш», — напісала у Facebook археалагіня Наталля Кізюкевіч, якая кіравала раскопкамі ля цэнтральнай часткі палаца Баторыя, дзе нібыта меў быць рызаліт.

“Праектныя вырашэнні ўжо ўзгаднілі”. Рызаліт, якога не было, усё ж прыбудуюць да Старога замка
Лесвіца замест якой хочуць пабудаваць рызаліт. Ілюстрацыя архітэктара Андрэя Шувалава зробленая на аснове знаходак Наталлі Кізюкевіч.

Калі пачалі рэканструкцыю Старога замка

Маштабныя работы на тэрыторыі Старога замка распачалі восенню 2017 года. За аснову рэканструкцыі ўзялі праект мінскага архітэктара Уладзіміра Бачкова. Гэты праект выклікаў шмат спрэчак сярод гісторыкаў. У час першай чаргі рэканструкцыі рэстаўравалі браму і галерэю паміж ёй і палацам, а таксама з нуля пабудавалі вежу і камяніцу. Для наведвальнікаў гэтую частку Старога замка адкрылі ў лістападзе 2021 года.

Падчас другой чаргі плануюць рэстаўраваць палац. На завяршаючым этапе — сцены над Нёманам і ўнутраны двор. Паводле задумкі, замак павінен выглядаць так, як у часы Стэфана Баторыя.

Чытайце таксама: