Горад

Маша з лесу, таксісты, смеццевы бізнес і ежа на колах. Што найбольш чыталі на Hrodna.life у 2018 годзе

Падводзячы вынікі 2018 года рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якія публікацыі былі самымі чытанымі на сайце. Вось нашыя 10+ самых папулярных навін, артыкулаў і рэпартажаў.

Самай папулярнай аказалася навіна пра гродзенца Паўла, які праславіўся два гады таму, калі паехаў у Маскву да свайго куміра Цімаці. Ён хацеў падарыць яму бутэльку беларускага шампанскага, але сустрэцца з вядомым расійскім рэперам не змог. Затое ў 2018 Паша сам стаў рэперам: ён напісаў некалькі трэкаў і ўсе яны прысвечаны Цімаці. Паша выступіў перад вялікай публікай: на сумнеўнай паці пад назвай РУСЬШОУ. Дзякуючы гэтай навіне, на Hrodna.life зазірнулі і фанаты Цімаці.

Гучна разышлася гісторыя «Машы з лесу». Дзяўчына-сірата страціла дакументы, працу і жытло, а пасля чатыры гады жыла ў лесе. Добрыя людзі дапамаглі ёй аднавіць дакументы і знайсці працу, але адаптавацца да такога жыцця Маша не змагла і вярнулася ў лес.

Самым гучным са здарэнняў быў пажар на вуліцы Горкага. На адным з апошніх паверхаў шматпавярховіка згарэла кватэра — тры чалавекі спрабавалі спачатку затушыць агонь, але ў выніку загінулі. Прычына, паводле МНС, тыповае — неасцярожнае курэнне.

Іншае рэзананснае здарэнне — бойка з міліцыяй на вуліцы Савецкай ля бістро «Семафор». Міліцыянер атрымаў там нетыповае пашкоджанне — яму праламілі галаву абцасам жаночага абутку. Гэтак жорстка супакойвалі кампанію, якая сваім «адпачынкам» парушала грамадскі спакой і перашкаджала іншым гасцям кафэ.

Кожны год сярод самых папулярных матэрыялаў Hrodna.life апынаецца які-небудзь Чалавек-павук. Сёлета 15-гадовы Яраслаў змайстраваў сабе касцюм паводле фільма «Чалавек-павук: Вяртанне дадому». Атрымалася класна! Дарэчы, проста параўнайце з «героем» 2017 года Валерам-спайдэрмэнам.

Сярод незвычайных гродзенцаў, якіх мы выпадкова сустрэлі на вуліцы, і пра якіх вы ахвотна чыталі, быў і таксіст-лекар Віталь, які робіць «цуды». Ён запэўнівае, што можа вылечыць што заўгодна праз малітву, сілай Святога Духа. Дарэчы, такая дзейнасць цалкам легальная, бо Віталь бярэ грошы толькі за паслугі таксі, а «лечыць» цалкам бясплатна.

Дарэчы, тэму таксі мы ўздымалі не аднойчы: даведваліся пра «агеньчык» як спосаб разабрацца з неадэкватным пасажырам і праверылі гродзенскія службы таксі (пасля нас нават некаторыя пужалі судамі).

Так ужо склалася, што ў інтэрнэце людзі любяць чытаць і глядзець розны трэш. Адным з хітоў года стала чарга на адкрыцці сэканд-хэнда. Некаторыя яе займалі яшчэ з вечара папярэдняга дня! Гэта, здаецца, дзікунства прынесла нам шмат цытавання: на нас спасылалася нават нейкае выданне ў Канадзе!

У верасні, калі ў Гродне адзначалі Дзень горада, больш за ўсё чыталася навіна пра верталёт, які тыдзень штодзённа лётаў над горадам. Шмат хто пытаўся ў Гугла і Яндэкса, што значаць гучныя палёты з раніцы да вечара, а пашукавікі пасылалі па адказ да нас. Дарэчы, верталёт, які старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой назваў сваім «падарункам для гродзенцаў», многіх злаваў сваім шумам. Пад ціскам гродзенцаў нават абмежавалі час яго палётаў.

Ужо больш за год гродзенцы жывуць без смеццеправодаў і нарэшце нехта здагадаўся зарабляць грошы на вынасе смецця з кватэр. Пачытайце і пазнаёмцеся з будучым смеццевым магнатам, а заадно і адным з самых папулярных герояў HL 2018 года!

Фудтракі - адна з галоўных тэмаў 2018 года ў Гродне. Іх нават палічылі адной з нагод наведаць Гродна для турыстаў! Самым папулярным фудтракам, пра які пісалі мы, апынуўся «Піца-трак». Дарэчы, з Новага году Hrodna.life пераехаў акурат у той самы дворык, дзе гэты фудтрак звычайна стаіць!

Мы таксама зрабілі па выніках сезону падборку ўсіх фудтракаў у адным месцы — глядзіце!

2018 стаў таксама годам добрай піцы ў Гродне. Акрамя файнага піца-трака адкрылася піцэрыя «Форна», уласнік якой — мілы сіцыліец Сальваторэ. Аповед пра яго рэстаранчык быў надзвычай папулярны.

Надзвычай папулярныя былі яшчэ тэксты пра візіт прэзідэнта ў Гродне, але Аляксандра Рыгоравіча і так шмат паўсюль, таму мы дазволілі сабе змясціць яго ў канец гэтай падборкі.


А што чыталі і што запамяталі вы ў 2018 годзе? Падзяліцеся з намі ў каментарыях!

З Новым годам! Заставайцеся з Hrodna.life!

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025