Сапраўдная піца гатуецца не больш за сем хвілін. За гэты час спрактыкаваны піцаёла расцягне рукамі шарык цеста і выкладзе начынне, а полымя з дубовых дроваў зарумяніць скарыначкі і расплавіць сыр. Паназіраць за тым, як шчыруе майстар і пакаштаваць адзін (а мо і не адзін) з 45 відаў італьянскай піцы могуць зараз і гродзенцы. Напачатку студзеня ў горадзе адкрылася піцэрыя «Форно», дзе «палымяны» сіцыліец Сальваторэ гатуе сапраўдную італьянскую піцу на агні.

У пошуках правільнай піцы

Што магло прывесці сіцылійца ў Гродна? Правільны адказ — каханне. Сваю жонку, гродзенку Марыю, Сальваторэ сустрэў на Сіцыліі, на вяселлі сяброў. Неўзабаве яны і самі зладзілі вяселле. У Гродна з таго часу прыязжалі толькі пару разоў на год, праведаць бацькоў і блізкіх Марыі. Канечне, падчас шпацыраў па горадзе наведвалі мясцовыя піцэрыі. Але знайсці піцу, што адпавядала б густу Сальваторэ, так і не ўдалося.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Гэта і не дзіўна — ён сам больш за 20 гадоў гатуе піцу ў рэстаране, што трымае яго сям’я на Сіцыліі, і добра ведае, якой мае быць гэта італьянская страва.

У выніку летась сям’я вырашыла прыехаць у Гродна і працягнуць сямейную справу з піцай у Беларусі. Каб адкрыць «установу харчавання» аб’ядналіся з гродзенскімі сябрамі, яшчэ адной сямейнай парай.

«Мы з Марыяй сябруем больш за 10 гадоў, — распавядае саўладальніца бізнесу Анастасія. — Не парывалі сувязь і тады, калі яна жыла ў Італіі. Зараз сябруем сем’ямі і наша піцэрыя таксама такая — сямейная і сяброўская. Хацелася стварыць месца, куды б маглі прыйсці і вясёлыя кампаніі, і бацькі з дзецьмі».

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Піца ў падарунак за гістарычныя факты

Каб адкрыць піцэрыю з печчу, патрэбен быў будынак, куды можна было б правесці дымаход. Знайсці такое месца атрымалася ў ціхім цэнтры, побач са стаянкай каля «Абухаўскай» крамы.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

«Самым галоўным для нас была магчымасць усталяваць печку. Але тое, што дом мае ўласную гісторыю, што гэта не новабуд, таксама вельмі парадавала. Таму і аўтэнтычную цагляную кладку вырашылі пакінуць у дызайне інтэр'еру. Навошта выдумляць нешта новае, калі выдатна захавалася старое».

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

З гісторыяй будынку гаспадарам таксама хочацца «разабрацца», але пакуль не стае часу. Дапамагчы з гэтым яны прапанавалі чытачам Hrodna.life

Калі вы ведаеце якія факты ці гісторыі пра дом па вуліцы 1-ай Працоўнай, 11−12, напішыце іх у каментарах. Той, чыя гісторыя найбольш спадабаецца гаспадарам піцэрыі, атрымае ў падарунак піцу на свой выбар.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Меню з сямейнага рэстарана і піца з бульбай

Выбіраць дакладна будзе з чаго. Меню «Форно» налічвае 45 відаў піцы і паўтарае меню сямейнага рэстарана сям'і Сальваторэ на Сіцыліі. Усю рэцэптуру ён ведае напамяць і гэта дапамагае пераадолець моўны бар’ер. Замест словаў афіцыянт перадае піцаёла замову з нумарам — і ўсё робіцца ясна. Праўда, калі наведвальнікам хочацца праявіць творчы падыход і дадаць складнікі па ўласным жаданні, іх прыходзіцца дапісваць да нумара.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Найбольшай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карыстаюцца класічныя «Капрычыёза», «Маргарыта» і «Сальсіча». Але піцаёла раіць пакаштаваць і новыя для Гродна смакі, каб пашырыць сваё ўяўленне пра сапраўдную піцу. Пагартаўшы меню, тут можна знайсці піцу з селядцом, з грэцкімі арэхамі і нават — з бульбай.

Італія + Беларусь = піца

Каб піца атрымалася сапраўднай, амаль усе складнікі для яе замаўляюць у Італіі. «Мы адкрывалі піцэрыю „пад Сальваторэ“, а ў яго вельмі высокія патрабаванні да прадуктаў. Практычна ўсё замаўляем з Італіі. Са „зробленага ў Беларусі“ выкарыстоўваем мясныя вырабы, вяршкі і… дубовыя дровы», — распавядае Анастасія.

Усе супрацоўнікі, акрамя піцаёла, — людзі мясцовыя. Пакуль піцэрыя працуе ў тэставым рэжыме — каманда і тэхніка настройваюцца, спрацоўваюцца і пераймаюць італьянскі досвед.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Сальваторэ ўсяму вучыць супрацоўнікаў, паказвае, расказвае. Адзінае, што ён трымае ў сакрэце — гэта ўласны рэцэпт цеста для асновы. Такога сапраўдны піцаёла ніколі не выдасць.

Але і ад Сальваторэ сябры-саўладальнікі маюць свой сакрэт.

«Як прывезлі бацькоў, паказаць ім нашу піцэрыю, то мама, пабачыўшы печку, адразу сказала — «Вось бы ў ёй бабку ў кішцы прыгатаваць!»

Пакуль што такіх вольнасцяў Сальваторэ не дазваляе. Але ж цалкам можа быць, што тутэйшыя сябры ўпалююць вольную хвілінку, і па-партызанску прыгатуюць у італьянскай печы беларускую бабку.

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні

Грацыя мілле! Дзякуем па-італьянску

Па словах супрацоўнікаў піцэрыі, з Сальваторэ вельмі прыемна працаваць. Ён заўжды ў гуморы і з усмешкай. «Мабыць, часам забывае, што на працы — пачынае спяваць ці падтанцоўваць. Падобна, што агонь у яго не толькі ў печы, але і ў душы», — жартуюць калегі. «Часам усё што трэба гэта крыху сонца і добрая піца», — тлумачыць Сальваторэ. А вось чаго апроч сонца не хапае сіцылійцу ў Гродне, то гэта роднай мовы.

Таму, калі вам спадабаецца ў піцэрыі, то можна ўзаемна зрабіць прыемнасць піцаёла і падзякаваць па-італьянску. Для чытачоў Hrodna.life ён напісаў некалькі фраз, каторыя будзе прыемна пачуць ад наведвальнікаў:

La pizza è molto buona! — Ла пiцца э мольто буона! — Піца вельмі смачная!

Questa pizza è bellissima! — Куэста пiцца э беллiссiма! — Гэта піца проста цудоўная!

Grazie mille, meravigliosa! — Грацiе мiлле, мэравiльёза! — Вялікі дзякуй, выдатная піца!

Ho mangiato una pizza buonissima! — О манджато уна пiцца буонiссiма! — Я пакаштаваў найсмачнейшую піцу!

Davvero fantastica, grazie! — Даввэро фантастiка, грацiе! — Насамрэч фантастычна, дзякуй!

Справа “з агеньчыкам”. Сіцыліец прыехаў у Гродна гатаваць італьянскую піцу на жывым агні