“На жыццё не скардзілася, прасіла дапамагчы з пашпартам”. Дзяўчыне, якая жыве ў лесе, пачалі рабіць дакументы

Пасля выхаду матэрыялу аб тым, што на ўскраіне Гродна ўжо чатыры гады жыве ў лесе 29-гадовая дзяўчына, каля дзясятка гродзенцаў захацелі дапамагчы ёй: як матэрыяльна, так і з афармленнем дакументаў. Вялікую дапамогу, яшчэ да з’яўлення журналістаў, Марыі аказаў старшыня грамадскага аб’яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў.

Яўген быў першым, хто выйшаў на дзяўчыну і прыняў удзел у вырашэнні яе галоўнай праблемы – аднаўленні пашпарта. Каб аднавіць частку дакументаў ён некалькі дзён вазіў Марыю па розных установах. У выніку 21 лютага дзяўчына падала дакументы ў Дзятлаве для аднаўлення пашпарта, там жа яна напісала заяву аб аднаўленні атэстата.

«Пазнаёміліся мы з Машай у рамках маёй працы па экалагічным праекце «Паасобны збор адходаў», – распавядае Яўген. – У рамках праекта я знаёміўся з людзьмі, якія займаюцца зборам металалому і макулатуры ў Гродне і ваколіцах. У асноўным усе гэтыя людзі вядуць лад жыцця, які адрозніваецца ад агульнапрынятага. Маша папрасіла толькі аб адным – дапамагчы ёй аднавіць пашпарт. Яна не наракала як ёй складана жыць і што ёй няма чаго есці».

"На жыццё не скардзілася, прасіла дапамагчы з пашпартам". Дзяўчыне, якая жыве ў лесе, пачалі рабіць дакументы
Яўген з Марыяй ідуць па лесе ў якім жыве дзяўчына са сваім хлопцам

У Гродне з дакументамі не дапамаглі

Яўген і яго каманда не кінулі чалавека ў бядзе і пастараліся дапамагчы дзяўчыне. Але нават у іх на пачатковым этапе паўсталі цяжкасці.

«Мы не акцэнтавалі ўвагу на праблемах і жыццёвай гісторыі Машы, а заняліся менавіта аднаўленнем пашпарта. Мне падалося, што гэта задача нескладаная. Але ўзніклі цяжкасці. Пашпартыст інтэрната на Славінскага, дзе жыла Маша падчас вучобы, не хацеў дапамагчы. У пашпартным стале на Гая сказалі, што пытанне не ў іх кампетэнцыі. Адказ з «аднаго акна» райвыканкама толькі адсоўваў вырашэнне пытання. Усе чыноўнікі сыходзілі ад прамога ўдзелу, адпраўляючы мяне з аднаго кабінета ў іншы».

Усе пытанні вырашыліся ў Дзятлаве

У выніку Яўген патэлефанаваў на «гарачую лінію» аблвыканкама. Ён спадзяваўся, што там зразумеюць і дапамогуць, але ў адказ сакратар, які прыняў званок, сказаў: гэта не пытанні «гарачай лініі».

«Я не атрымаў дапамогі ад чыноўнікаў і нават парады куды звяртацца. А я ж эколаг і не займаюся аднаўленнем пашпартоў. Гэтая тэма для мяне далёкая. Я сабраў каманду свайго грамадскага аб’яднання і мы сталі думаць. У выніку пасадзілі Машу ў машыну і павезлі ў Дзятлава. У раённым пашпартным стале нас добра сустрэлі, выслухалі і пайшлі насустрач. Там Маша запоўніла ўсе паперы і ёй нават выпісалі першы дакумент за апошнія шмат гадоў – даведку, якая пацвярджае асобу».

Дзве праблемы ў жыцці

Падзякаваўшы пашпартыстам, Маша і Яўген паехалі ў раённы аддзел адукацыі. І там душэўна паставіліся да выхаванкі мясцовага інтэрната.

«Мы напісалі заяву аб аднаўленні атэстата. Нам паабяцалі ўсё зрабіць за некалькіх дзён”, – кажа Яўген.

Паводле яго слоў, у Машы зараз дзве праблемы: адсутнасць пашпарта і … лясная мышка, якая любіць грызці яе дакументы і новыя прыгожыя рэчы. Першая праблема павінна хутка вырашыцца, а рашэнне другой залежыць толькі ад дзяўчыны.

"На жыццё не скардзілася, прасіла дапамагчы з пашпартам". Дзяўчыне, якая жыве ў лесе, пачалі рабіць дакументы

Міліцыя гатовая дапамагаць усім

Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама пацвердзілі інфармацыю, што ў дзяўчыны прынялі заяву на атрыманне пашпарта ў Дзятлаўскім РАУС. Таксама там патлумачылі, што дапамогу ў атрыманні пашпарта як у Гродне, так і ў Гродзенскай вобласці, аказваюць усім, хто звяртаецца.

Таксама Hrodna.life стала вядома, што Марыя звярталася па дапамогу ў гарадскі Дом начнога знаходжання. Там ёй гатовыя былі дапамагчы, але дзяўчына бясследна знікла.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: